Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСЬ НЕ ПУСЬЦІЛІ ЭКСПЭРТАЎ У СПРАВЕ СВАБОДНЫХ ВЫБАРАЎ З РУМЫНІІ Й ЧЭХІІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Адрыян Марару і Робэрт Бах зьвярнуліся па візы ў беларускія амбасады ў Бухарэсьце ды Празе яшчэ некалькі тыдняў таму. Супрацоўнікі амбасадаў доўга не давалі ніякага адказу і ўрэшце паведамілі, што ня могуць выдаць ім візаў, бо да пачатку менскай канфэрэнцыі застаецца мала часу.

Адзін з арганізатараў канфэрэнцыі, прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч паведаміў, што Адрыян Марару нават спрабаваў аформіць візу праз адну румынскую турфірму, але безвынікова. Пасьля звароту ў беларускую амбасаду супрацоўнікі турфірмы распавялі спадару Марару, што ягонае прозьвішча значыцца ў нейкім адмысловым сьпісе асобаў, якім не пажадана выдаваць беларускія візы.

Вось што паведаміў з гэтай нагоды прэсавы сакратар Міністэрства замежных справаў Беларусі Павал Латушка:

(Латушка: ) “Што тычыцца Румыніі. Зваротаў у амбасаду Беларусі ў Бухарэсьце ў справе выдачы візы згаданай асобе не было. Што тычыцца нібыта нявыдачы візы яшчэ аднаму патэнцыйнаму ўдзельніку згаданай канфэрэнцыі ў Чэхіі, то хацеў бы падкрэсьліць, што быў вусны зварот у нашую амбасаду. Былі дадзеныя адпаведныя тлумачэньні аб парадку атрыманьня візаў у Рэспубліку Беларусь. Але ж візавая анкета, ці візавая заяўка ў амбасаду таксама ня трапіла”.

Аднак арганізатар канфэрэнцыі, кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі пацьвердзіў, што румынскаму й чэскаму калегам ня выдалі візаў і выказаў сваю вэрсію гэтага кроку беларускіх уладаў:

(Бяляцкі: ) “Што тычыцца румынскага дасьледчыка заканадаўства аб выбарах, то ён быў летась доўгатэрміновым назіральнікам місіі БДІПЧ у Беларусі, і гэтая нявыдача візы ёсьць такой асаблівай перасьцярогай уладаў. Баяцца, што гэтыя назіральнікі могуць тут зьявіцца падчас кампаніі ў мясцовыя саветы.

Што ж тычыцца чэскага прадстаўніка праваабарончай арганізацыі, то мне здаецца, яму не далі візы зь іншых прычынаў. А менавіта з прычыны адмовы Лукашэнку наведаць гэты саміт у Празе. Такім чынам беларускія ўлады далі негалосны загад тармазіць усяляк, стрымліваць стасункі. Вось такая дробная помста ўладаў, што тычыцца ўзаемаадносінаў паміж Чэхіяй і Беларусьсю”.

Нагадаю, што назіральнікі місіі Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека АБСЭ не прызналі леташнія прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі свабоднымі й дэмакратычнымі.

Як паведамілі арганізатары заўтрашняй канфэрэнцыі, даклады Адрыяна Марару і Робэрта Баха будуць зачытаныя ўдзельнікам у часе плянарнага паседжаньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG