Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“LIPPSTAEDTER ZEITUNG”: “ГРАМАДЗТВА, ЯКОМУ НЕ ПАТРЭБНЫЯ НІ МАЛЫЯ, НІ СТАРЫЯ”


Ул. інф.

Паводле нямецкага журналіста, чым далей ад Менску, тым беларуская сталіца, вялікі сучасны горад, усё больш нагадвае гэткую пацёмкінскую вёску. Сапраўдная ж беларуская вёска пакідае надзвычай сумнае ўражаньне.

Наш шлях ляжыць у Крупскі раён, калгас Якуба Коласа, дзе пасьля чарнобыльскай катастрофы жывуць чарнобыльскія перасяленцы. Ягоная цэнтральная сядзіба мае прыгожую старажытную назву Замкі.

Апошнім часам гэтая сацыялістычная гаспадарка стала, па сутнасьці, роднай для нас. Мы дапамаглі мясцовым жыхарам пабудаваць тут хлебны і малаказавод, невялікі мясакамбінат.

Больш за ўсё падтрымлівалі мясцовы дзіцячы дом. З кожным разам мы бачым тут усё больш немаўлятак. Зараз у замкаўскім дзіцячым доме такіх шасьцёра. Іх, загорнутых у старыя анучы, звычайна знаходзяць непасрэдна на вуліцах. Калісьці падобныя паводзіны былі не ўласьцівыя вясковым жанчынам. Сёньня, разумеючы, што ня ў стане выгадаваць дзіця, маці падкідваюць немаўлятак іншым. Каб выжылі. Якая будучыня можа чакаць гэтык дзетак? Якая будучыня можа ўвогуле чакаць краіну? Праўдападобна, што гэтыя пытаньні сёньня мала каго хвалююць.

За 25 кілямэтраў ад Замкаў — вёска Адчуга. Тут месьціцца галоўны мэдычны пункт калгасу. Амбуляторыя і стацыянар, які разьлічаны на восем ложкаў — тры зь іх мэдычныя, а пяць гэтак званыя сацыяльныя. Звычайна ў шпіталі занятыя 15 месцаў. Ахвотных трапіць сюды яшчэ болей, аднак для гэтага не хапае ні пэрсаналу, ні памяшканьняў.

70-гадовы лекар Віктар Парадоўскі называе шпіталь “забытым Богам”. Ён мае рацыю. Падобнай мэдычнай установы ніводзін з нас не сустракаў ніколі. Тут нічога няма — ад элемэнтарнага абсталяваньня да звычайных прасьцінаў. У маленькім цёмным пакойчыку ляжаць чатыры жанчыны 70–75 гадоў. “Мы ўсе чакаем сьмерці, каб яна хутчэй прыйшла да нас, — кажа са сьлязьмі на вачах адна жанчына. — Ніхто з нас сёньня не патрэбны нікому. Усе родныя ад нас адвярнуліся. Каб пакоі былі крышачку сьвятлейшыя, паміраць было б весялей”.

Штогод праз шпіталь праходзіць прыкладна 200 такіх пакінутых людзей. Некаторым шчасьціць памерці ў гэтым стацыянары. Большасьць канае на вуліцы — менавіта там, дзе пачынаецца жыцьцё кінутых немаўлятак.

Разам зь Віктарам Парадоўскім у вясковым мэдпункце працуе яшчэ адзін лекар, таксама чалавек сталага веку. Іхная задача — аказваць мэдычную дапамогу 700 жыхарам калгасу. Мужчыны зьяўляюцца ўнівэрсальнымі лекарамі, у тым ліку і гінэколягамі. Гэты гінэкалягічны пакой заслугоўвае асоблівай размовы. Да стэрыльнасьці тут вельмі далёка. Усё, што належыць да абсталяваньня і інструмэнтару, паходзіць са старажытных часоў. Уявіць сабе нямецкую жанчыну на падобным прыёме ў лекара можна толькі ў жудасным сьне.

“Самым цяжкім хворым мы прапануем лекавацца ў Крупках”, — распавядае адзін зь лекараў. — Каб завезьці туды хворых, мы маем адмысловы ГАЗік “хуткай дапамогі”. Аднак лекаваньне у гэтым шпіталі для многіх сёньня не па кішэні. Ложак каштуе 10 даляраў на дзень, і яго трэба аплачваць на 70%”. “Але з чаго?” — пытаемся мы. У адказ на нашае пытаньне людзі ўсьміхаюцца.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG