Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫ З АСДП ПРАЗ СУД ДАМАГАЮЦЦА ДЗЯРЖАЎНАЙ РЭГІСТРАЦЫІ СВАЁЙ ПАРТЫІ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Міністэрства юстыцыі адмовіла ў рэгістрацыі Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыі яшчэ ў кастрычніку. На думку чыноўнікаў, сацыял-дэмакраты не належным чынам правялі свой зьезд і падрыхтавалі статутныя дакумэнты, не перадалі ў Мінюст партыйную праграму, у шэрагах заснавальнікаў АСДП апынуліся непаўнагадовыя асобы і г.д. Кіраўнікі АСДП з гэтым рашэньнем не пагадзіліся й вырашылі судзіцца.

Справу разглядае судзьдзя Вярхоўнага суду Жукоўская, якая вядзе паседжаньне па-беларуску. Прадстаўнік Мінюсту Ўладзімер Мацьвееў так аргумэнтуе сваю пазыцыю:

(Мацьвееў: ) “Дакумэнты падрыхтаваныя з парушэньнем заканадаўства. На падставе парушэньня артыкулаў 9, 10, 11, 14 Закону Рэспублікі Беларусь аб палітычных партыях, было адмоўлена ў рэгістрацыі”.

Сацыял-дэмакраты гавораць, што ніякіх законаў не парушалі й што партыйныя дакумэнты былі перададзеныя ў Мінюст своечасова. Супрацоўнікі канцылярыі міністэрства сказалі сацыял-дэмакратам, што праграму партыі й друкаваныя сьпісы сяброў трэба перадаць пазьней, а пасьля гэтая акалічнасьць стала адным з аргумэнтаў адмовы АСДП у рэгістрацыі. А патрабаваньне Мінюсту не пісаць на блянках назву партыі па-ангельску сацыял-дэмакраты называюць абсурдным.

Лідэрка АСДП Валянціна Палевікова перакананая, што рашэньне Мінюсту было палітычна матываваным:

(Палевікова: ) “Ёсьць палітычны момант. Ён якраз тут і фігуруе на першым пляне. Тэндэцыйна было задумана не рэгістраваць партыю. Быў нейкі загад”.

На думку сацыял-дэмакратаў, улады з самага пачатку не зьбіраліся рэгістраваць партыю. Так, прэсавая служба Мінюсту распаўсюдзіла інфармацыю пра тое, што АСДП адмоўлена ў рэгістрацыі яшчэ за некалькі дзён да афіцыйна прынятага рашэньня.

Судовы працэс працягваецца, і ягоныя вынікі будуць вядомыя пазьней.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG