На думку намесьніка старшыні Аб’яднанай грамадзянскай партыі Сяргея Альфера, самай адметнай рысай першага этапу кампаніі стала патрабаваньне ўладаў даведак пра тое, ці маюць кандыдаты ў сябры камісіі досьвед адпаведнай працы. Падчас мінулых выбарчых кампаніяў чыноўнікі рознымі спосабамі перашкаджалі ўключэньню ў камісіі партыйных актывістаў, таму сярод іх няшмат асобаў з такім досьведам. Гэта, на думку спадара Альфера, можа мець сур’ёзныя наступствы.
(Альфер: ) “Ёсьць ужо пэўныя сыгналы, калі супрацоўнікі выканкамаў шчыра гавораць, што будуць пры фармаваньні камісіяў улічваць, маюць ці не кандыдаты адпаведны досьвед. Напэўна, у сувязі з гэтым Цэнтарвыбаркам і ўвёў новую форму, у якой зьявіўся запіс “удзельнічаў ці не папярэдне ў рабоце выбарчых камісіяў?” Гэта па-за законам. І, дарэчы, Аб’яднаная грамадзянская партыя ўчора прыняла адмысловую заяву з гэтай нагоды. Мы лічым, што пачынаецца наступны этап парушэньняў асноўных правоў грамадзянаў на свабодныя і справядлівыя выбары. І што гэтыя выбары, хутчэй за ўсё, будуць такімі ж, як і папярэднія”.
Адной зь першых пачала рыхтавацца да выбараў Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя “Народная грамада”. Паводле намесьніка кіраўніка партыі Віталя Малашкі, у выбарчыя камісіі ўжо прапанавана каля 80 прыхільнікаў Грамады — хто непасрэдна ад партыі, хто праз збор подпісаў. Я пацікавіўся ў спадара Малашкі, ці зафіксаваныя выпадкі, калі выканкамы адмаўляліся рэгістраваць заявы кандыдатаў у сябры выбарчай камісіі.
(Малашка: ) “Яшчэ няма. Зараз усе лісты прымаюцца. А фармаваньне камісіяў будзе 7–8 сьнежня. Тады будуць паседжаньні выканкамаў. Мы больш за 80 чалавек вылучылі — паглядзім, які працэнт зь іх пройдзе”.
Сёньня ўвечары скончылася вылучэньне сяброў толькі тэрытарыяльных камісіяў. У акруговыя камісіі, якія будуць займацца выбарамі дэпутатаў абласных і менскіх раённых саветаў, якія маюць статус акруговых, вылучэньне яшчэ працягваецца.