Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТОЛЬКІ АДЗІНКАМ ІНШАЗЕМЦАЎ УДАЕЦЦА ЛЕГАЛІЗАВАЦЦА Ў БЕЛАРУСІ


Ігар Карней, Менск

Восем гадоў таму пакістанец Альм Джэт пры першай жа магчымасьці ўцёк далей ад радзімы, ад індыйскага штату Джама і Кашмір. Мэта, як і ў бальшыні ўцекачоў, была адна — Захад. Але ў Беларусі, як ён кажа, спыніла каханьне.

(Альм Джэт: ) “У Беларусі спачатку падабалася. Я тады ня ведаў, якія тут законы, якія людзі, як тут ставяцца да замежнікаў. Зрэшты, тады гэта і не цікавіла, бо быў закаханы ў дзяўчыну-беларуску. Хутка зьявілася сям’я, нарадзіліся дзеці — хлопчык і дзяўчынка, патрэбна было іх карміць. Уладкаваўся ў Менску на рынку, бо нікуды на працу ня бралі. Але пасьля таго, як тры-чатыры разы мяне вельмі жорстка пакаралі фактычна ні за што — я заставацца тут ня ў стане. Зараз жаданьне толькі адно — зьехаць”.

Зь ценевым бокам жыцьця па-беларуску давялося сутыкнуцца амаль адразу. Хаджэньні па дзяржаўных установах канчаліся аднолькава: раз іншаземец, значыць, можаш заплаціць. Так замацоўваўся шлюб, здабывалася прапіска, так уносіліся ў даведку пра часовае знаходжаньне ў Беларусі (гэтаксама купленую) зьвесткі пра дзяцей. Але сапраўднай навалай, як распавядае Альм Джэт, сталася праца на рынку: практычна кожны замежнік прыцягваў шматлікія кантрольныя органы, бы магніт. Так бы мовіць, з працягнутай рукой ішлі ўсе — ад дырэктара рынку і падатковых інспэктараў да прадстаўнікоў санітарных службаў і пажарных. Усе абяцалі заплюшчыць вочы на ягонае нелегальнае становішча — натуральна, пры ўмове папярэдняй аплаты. Калі аднойчы пакістанец паспрабаваў сказаць, што плаціць больш няма чым, ягоны тавар быў сканфіскаваны, а сам ён трапіў пад крымінальны артыкул “Спроба дачы хабару”.

Пра дзевяць месяцаў сьледзтва і наступныя паўтары году турмы Альм Джэт узгадвае як самыя страшныя ў сваім жыцьці. Прынамсі, такога прыніжэньня асобы ў эўрапейскай краіне ён не чакаў.

(Альм Джэт: ) “Я не магу больш трываць, мне цяжка, я хачу зьехаць адсюль. У мяне не атрымліваецца тут працаваць, мне не даюць працаваць — разумееце? Я хачу зьехаць у нармалёвую краіну, дзе да мяне будуць ставіцца як да чалавека. У Беларусі жыць не хачу. Мне тут вельмі балюча”.

Пасьля выхаду з турмы Альм Джэт думае толькі пра тое, як трапіць на Захад, куды ў сярэдзіне 90-ых зьехалі брат і маці. Паколькі ў дазволе на жыхарства ў Беларусі яму некалькі разоў без тлумачэньня прычыны адмаўлялі, легальна трапіць за мяжу немагчыма. Але ён кажа, што дзеля сваёй мэты гатовы на скрайні ўчынак — паспрабаваць перайсьці мяжу нелегальна. Пакуль стрымліваюць толькі сям’я ды ўражаньні ад нядаўняга працяглага знаёмства з праваахоўчай сыстэмай Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG