Зь першых гадзінаў чалавека імкнуцца пазбавіць усялякай сувязі са зьнешнім сьветам.
У размовах забароненыя любыя згадкі пра мінулае.
Да навічкоў не пускаюць наведнікаў. У тым ліку і бацькоў.
Тут нельга спажываць алькаголь і тытунь.
Рэабілітант ні на хвіліну ня можа заставацца адзін.
Слухаць нехрысьціянскую музыку — таксама табу.
Раз на тыдзень у прысутнасьці супрацоўніка цэнтру можна патэлефанаваць. З такой жа пэрыядычнасьцю дазваляюць глядзець тэлевізію. Праграма перадачаў складаецца максымум з аднаго відэафільму на біблейскую тэму.
Усё гэта — унутраныя правілы Рэабілітацыйнага цэнтру для наркаманаў. Вёска, у якой ён знаходзіцца, называецца Астроўчыцы. Населены пункт падобны на дзясяткі іншых. Палова хатаў ужо нежылая. Адзіная вуліца, дый тая незаасфальтаваная.
Але гэтае месца за 20 кілямэтраў ад Сьветлагорску, так бы мовіць, атрымала шырокую вядомасьць у вузкіх колах, найперш у мэдыкаў і наркаманаў. Ад 1998 году з паўсотню чалавек добраахвотна пазбавіліся наркатычнай залежнасьці.
Тыповы аповед. Аляксей са Жлобіна:
(Аляксей: ) “Вельмі моцна калоўся. У мяне быў жахлівы стан. Калі я прыйшоў у шпіталь, мне сказалі, што я ня буду жыць: “У цябе няма ніякай надзеі. Ты проста памрэш”. Бацькам сказалі, каб яны набылі строй для пахаваньня. Нарколяг даў маёй маці таблетку, каб яна пасьпела даць яе мне ў той час, калі я буду паміраць. Я ня мог есьці і важыў 35 кіляграмаў. У мяне ўжо не было мышцаў. І калі б я памёр бяз гэтай таблеткі, мяне бы скруціла: я бы ня змог роўна лежаць у труне.
Мне сказалі, што ёсьць Ісус, які можа даць мне новае жыцьцё. Трэба, мяркую, паспрабаваць. Ужо ніякага выйсьця не было: усё спрабаваў. Кадаваўся і зьяжджаў, і ў турме сядзеў — нічога не дапамагло. Цяпер заканчваю рэабілітацыю. Клясна сябе адчуваю! Ісус дапамог: вызваліў ад наркотыкаў”.
Рэабілітацыйны цэнтар заснавала Міжнародныя дабрачынная арганізацыя Сацыяльна-хрысьціянская служба TOS. Супрацоўнікі дзеляцца сакрэтам эфэктыўнасьці: працэс лекаваньня базуецца на двух кітах — тэрапія працоўная і тэрапія духоўная.
Дзень тут пачынаецца з агульнай малітвы. Далей, паводле раскладу, вывучэньне Бібліі. Праходзіць яно ў стылі школьных заняткаў: хто што прачытаў? Каму што не зразумела? Сьвятое Пісьмо і казаньні — гэта падмурак гадавога працэсу рэабілітацыі.
Індывідуальныя сэансы тэрапіі дапамагаюць пазбавіцца наркатычнай залежнасьці на псыхалягічным узроўні. Імкненьне выправіцца мацуе абавязковая фізычная праца. Яе, дарэчы, тут хоць адбаўляй. На выбар: дзяжурства па кухні, дагляданьне жывёлаў альбо рамонт будынка. Пакараньні за парушэньне правілаў бываюць розныя — ад пазбаўленьня абеду ды ізаляцы ў пакоі аж да выгнаньня.
Кіраўнік рэабілітацыйнага цэнтру Эхбэрт Шоонэ зазначае, што лячэньне — справа выключна добраахвотная. Але калі наркаман ідзе на гэта, ён мусіць прымаць памянёныя правілы гульні.
(Шонэ: ) “Калі рэабілітанты парушаюць нашыя правілы, мы гутарым зь імі й спрабуем высьветліць прычыну і якім чынам гэтага можна пазьбегнуць. Мы кажам: “Калі ты перакананы, што гэта паўтарыцца зноў, ты мусіш сысьці з цэнтру”. Калі чалавек абяцае, што больш такое не паўтарыцца, усё становіцца на свае месцы. Я таксама ўсьведамляю, што без памылак нічога не бывае. І таму кожны крок — гэта крок у правільным кірунку.
Мы верым у гэты шлях. Мой лёс такі: я быў алькаголікам. А пасьля павярнуўся да Бога. І Бог зьмяніў усё маё жыцьцё. І пасьля я вырашыў: калі людзі дапамаглі мне, я мушу таксама ім падамагаць. Таму я знаходжуся тут. Я дапагамаю людзям знайсьці шлях да новага жыцьця, расплюшчыць вочы, каб яны глядзелі на сьвет па-новаму”.
У цэнтры працуюць дзесяць грамадзянаў Нямеччыны. Ім дапамагаюць колішнія рэабілітанты. Сярод іх варта вылучыць Ганну Мазензаву. Першы раз яна кінула лячэньне й вярнулася ў Сьветлагорск гандляваць наркотыкамі. Калі зьявілася ў Астроўчыцах зноў, ужо была цяжарная. Дачцэ Ўльяне хутка будзе год.
(Ганна: ) “Калі я зацяжарала, я нават ня ведала пра гэта. Такое было ня вельмі рэальна, бо лекары казалі, што я не магу зацяжараць. Даведалася я пра гэта на чацьвертым месяцы. І ўсе гэтыя чатыры месяцы я калолася. Вельмі доўга шукалі ВІЧ. Я, па-праўдзе кажучы, таксама думала, што ў мяне ВІЧ, бо я калолася сярод тых людзей, у якіх быў ВІЧ. А мне ў Менску кажуць: “Ганна, глядзі — у цябе няма ВІЧ”. Для мяне гэта быў шок: “Да вы што?!” Накіравалі мяне ў Гомель, і там высьветлілася, што дзіця будзе ненармальнае.
У шпіталі хацелі накіраваць на спарон. Усе глядзелі і думалі: “Каго яна народзіць?” Нармальнае дзіця, і нарадзіла нармальна. А адразу выкідваць дзяцей — так нельга, гэта твор Боскі. Пасьля вырастае такі вось цуд. Я не ўяўляю, калі б я зрабіла спарон і ў мяне не было б Ульяны”.
Чатыры гады таму мясцовае насельніцтва было не ў захапленьні ад таго, што Сацыяльна-хрысьціянская служба TOS набыла будынак школы. Яшчэ больш карэнных жыхароў бянтэжыла суседзтва з рэабілітантамі. Дайшло нават да скаргі ў адміністрацыю Аляксандра Лукашэнкі. Той ліст, праўда, пакінулі без увагі.
А пасьля былі дні адкрытых дзьвярэй і раздача дабрачыннай дапамогі.
(Спадарыня: ) “Давалі нам падамогу: макарону, кетчуп, кансэрвы. Бралі. Чаго ня браць? Гэта ж задарма!”
(Карэспандэнт: ) “Мне казалі, што першы час людзі з насьцярогай ставіліся...”
(Спадарыня: ) “Так, так, так. Было такое. Гаварылі там рознае. Маўляў, яны наркаманы, значыць, нашых мужыкоў і хлопцаў зьвядуць. Нармалёва ўсё: ніхто нашых мужыкоў не чапае. У іх грошы ёсьць. Калі трэба, прыйдуць яек набыць, яшчэ чаго”.
Фраза “у іх ёсьць грошы” дакладна апісвае цяперашнія дачыненьні. Карэнныя жыхары даўно скемілі, што на такім суседзтве можна няблага зарабіць. Тым больш, што ў тутэйшым калгасе “Бярэзіна” грошай ня бачылі зь лета.
(Спадарыня: ) “Мы жывем за кошт крэдытаў. Не далі крэдытаў, не далі й заробак. Хто пэнсію атрымлівае, у таго грошы ёсьць. А як мы працоўныя, дык у нас няма. Будзем чакаць, калі дадуць”.
(Карэспандэнт: ) “Як вы на іх жывяце?”
(Спадарыня: ) “У саўгасах і калгасах цяпер разьлічваюцца натурай. Дык мяса ёсьць. А хлеб і макарона — чакаем, пакуль дзеці з гораду прывязуць. Усё! Мяне чакае трактар. Вы мяне прабачце, трэба ехаць буракі важыць”.
Палітычныя сымпатыі карэнных жыхароў Астроўчыцаў — гэта асобная размова. Яны падтрымліваюць уладу. Але пасьля леташніх прэзыдэнцкіх выбараў палітычная ляяльнасьць меншае.
(Спадар: ) “Усе падтрымліваюць прэзыдэнта Лукашэнку. Мы нікога больш ня ведаем. Вялікай агітацыі за іншых кандыдатаў не было. А тут бальшыня — гэта пэнсіянэры. Выйдуць і прагаласуюць. А за каго — ім ужо ўсё адно, бо яны кандыдатураў ня ведаюць. Пераменаў ніякіх. Зьмяніўся бы прэзыдэнт, можа й былі б нейкія перамены”.
(Карэспандэнт: ) “У вас тут знаходзіцца рэабілітацыйны цэнтар для наркаманаў. Як мясцовае насельніцтва ставіцца да такога суседзтва?”
(Спадар: ) “Цяпер ужо супакоіліся. Нібыта ўсё ў парадку. Раней была насьцярожанасьць, што сюды прыехалі іншаземцы. Яны страшныя яшчэ з вайны: гэта былі нашыя ворагі”.
Шчырыя вернікі жывуць у згодзе зь любымі прэзыдэнтам, урадам і парлямэнтам. Бо, як напісана ў Бібліі, усялякая ўлада ад Бога. Супрацоўнікі й рэабілітанты ў Астроўчыцах у гэтым сэнсе не выключэньне.
Але насьцярогу ў іх выклікае праект новага закону пра свабоду веравызнаньня. Абедзьве палаты Нацыянальнага сходу ўжо ўхвалілі яго. Каб ён пачаў дзейнічаць, не хапае толькі подпісу Аляксандра Лукашэнкі.
Ні рэабілітацыйны цэнтар, ні Сацыяльна-хрысьціянская служба TOS не зьяўляюцца рэлігійнымі арганізацыямі. Але ў іхнай дзейнасьці ёсьць адпаведны складнік.
Верагодныя абмежаваньні непакояць інструктара Андрэя Казько.
(Андрэй: ) “Біблія кажа: падпарадкоўвайся ўсялякай уладзе. У нас гэты прэзыдэнт. Я нават ня ведаю ягонага імя й імя па бацьку: Лукашэнка ды Лукашэнка. Я бласлаўляю, каб Бог даў яму больш розуму й каб ён ня быў дыктатарам, калі ён такім зьяўляецца.
Тое, што цяпер гэты закон рыхтуюць, я мяркую, што гэта папросту ідзе насуперак Канстытуцыі. Таму я супраць гэтага закону. Ня бачу ў ім нічога разумнага. Калі ёсьць ува мне жывая вера, яна ніякім дыктатарам не забярэцца. Хто мне зможа забараніць маліцца? Мяне за гэта пасадзяць? Ну, хай тады садзяць. Я веру ў Бога, і кожны мае ў сабе Бога. Я буду таму Богу маліцца, які ёсьць ува мне”.
Андрэй Казько спадзяецца, што новы закон пра свабоду веравызнаньня не заміне дзейнасьці рэабілітацыйнага цэнтру. Ён спасылаецца на відавочную карысьць вызваленьня людзей ад наркатычнай залежнасьці.