Паводле агенцтва, сёньня Краўчанка падпісаў дасланы яму загад МЗС Беларусі аб вызваленьні яго ад пасады ўказам Аляксандра Лукашэнкі.
Пятро Краўчанка заявіў, што сьпярша плянаваў вярнуцца дадому ў канцы сьнежня, аднак цяпер зробіць гэта раней, хоць японскія лекары бліжэйшым часам ня раяць яму карыстацца самалётам з прычыны перадынфарктнага стану. Краўчанка прадэманстраваў журналістам білет з адкрытай датай на самалёт кампаніі “Люфтганза” рэйсам Токіё-Менск.
Учора расейскія сродкі масавай інфармацыі – тэлеканалы РТР і НТВ, а таксама агенцтва “Інтэрфакс” паведамілі сэнсацыйную навіну пра зьнікненьне ў Токіё Пятра Краўчанкі, які да 19 лістапада сёлета займаў пасаду Надзвычайнага і Паўнамоцнага амбасадара Беларусі ў Японіі і на Філіпінах.
Неўзабаве пасьля першых паведамленьняў прагучала афіцыйная рэакцыя беларускага МЗС. Павал Латушка заявіў, што МЗС ня мае ніякай сувязі зь Пятром Краўчанкам, але тым ня менш сьцьвердзіў, што той сапраўды ня выканаў распараджэньня аб вяртаньні ў Беларусь. Пры гэтым, што дзіўна для звычайна стрыманых у сваёй першай рэакцыі дыпляматаў, было дакладна пералічана, што пры сабе Краўчанка меў пячатку, ключы і чэкавую кніжку амбасады.
Аднак ужо сёньня Пятро Кузьміч знайшоўся ў сваёй такійскай кватэры і абвергнуў усе домыслы што да ягоных нібыта ўцёкаў, паабяцаўшы ў сьнежні вярнуцца ў Беларусь.