Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЛІТЫЧНЫЯ КУЛЬБІТЫ ПЯТРА КРАЎЧАНКІ


Юры Дракахруст, Прага

У сярэдзіне 80-х гадоў сакратар Менскага гаркаму КПБ Краўчанка – галоўны змагар з нацыяналізмам, менавіта яму ЦК даручае знайсьці падыходы да Васіля Быкава, менавіта Краўчанка стварае ідэалягічныя групы хуткага рэагаваньня на, так бы мовіць, вылазкі нацыяналістаў. Але праходзіць недаўгі час, і з падачы Краўчанкі Менскі гаркам выступае з ініцыятываю аб наданьні беларускай мове статусу адзінай дзяржаўнай. З тых часоў запамніўся загадкавы выраз Краўчанкі: “Дзяржаўнасьць беларускай мовы непазьбежная, як сьмерць”.

У хуткім часе былы партсакратар імгненна скідае зь сябе нямоднае ўжо камуністычнае адзеньне – на прапанову тагачаснага прэм’ер-міністра Кебіча пры падтрымцы, дарэчы, апазыцыі Краўчанка робіцца першым міністрам замежных справаў незалежнай Беларусі.

Новы кіраўнік МЗС выступае на сэсіі ААН у беларускай вышыванцы, адной з галоўных задачаў міністэрства абвешчаны пошук крыжа Эўфрасіньні Полацкай.

Аднак першыя прэзыдэнцкія выбары блытаюць усе разьлікі – Краўчанка разам зь іншымі міністрамі Кебіча абвешчаны карупцыянэрам, у новай улады свае фаварыты.

У 13-ты Вярхоўны Савет Краўчанка абіраецца ўжо як адзін зь лідэраў беларускай сацыял-дэмакратыі. Узначаліўшы міжнародную камісію парлямэнту, Краўчанка робіцца ценевым міністрам замежных справаў статуснай апазыцыі.

Пасьля катастрофы рэфэрэндуму на Краўчанцы замыкаюцца фактычна ўсе замежныя кантакты апазыцыі. У Вене дэлегацыя Вярхоўнага Савету здолела дамагчыся непрызнаньня прызначанай палаты прадстаўнікоў легітымным парлямэнтам Беларусі.

Потым паўза, Пётар Кузьміч кудысьці зьнікае з палітычнага небасхілу, каб ізноў зьявіцца публіцы ў новым абліччы – Надзвычайным і Паўнамоцным амбасадарам Аляксандра Лукашэнкі ў далёкай Японіі.

Камэнтароў няма да самага ад’езду ў Токіё, яны зьявяцца потым. Былы апазыцыянэр усё пераасэнсаваў, зразумеў нікчэмнасьць апазыцыі і веліч народнага прэзыдэнта.

Ня выключана, што зараз Пётар Краўчанка робіць новы палітычны кульбіт, як бачым, далёка ня першы ў ягонай палітычнай кар’ере.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG