Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ЖЫВУЦЬ НА “ХІМІІ” МІКОЛА МАРКЕВІЧ І ПАВАЛ МАЖЭЙКА?


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Журналісты наведваюць Міколу Маркевіча і Паўла Мажэйку звычайна паасобку, але тут, дзякуючы ініцыятыве Беларускай асацыяцыі журналістаў, да калегаў з “Пагоні” выправілася сапраўдная перасоўная прэсавая канфэрэнцыя.

Міколу Маркевіча мы знайшлі ў Асіповічах на ягоным працоўным месцы ў невялічкім прыватным прадпрыемстве. Ён вартаўнік, што і даказаў, жартам праверыўшы ў нас дакумэнты. А потым прызнаўся, што ня лічыць гэтую працу ўдалай, але яму яшчэ пашанцавала. З больш чым сотні “хімікаў”, што насяляюць асіповіцкую камэндатуру, палова ня мае працы.

Прыбытковай прафэсію, якой у дадатак да журналістыкі авалодаў рэдактар “Пагоні”, ён таксама не называе — пакуль за тры месяцы ён зарабіў усяго 40 тысяч. Праўда, магчыма, што зь ім да канца яшчэ не разьлічыліся. “Ня гэта галоўнае. Я знайшоў сабе іншую працу — для душы, за якую мне ня трэба грошай”, — кажа Мікола Маркевіч і вядзе нас да свайго новага асіповіцкага сябра, 70-гадовага Эрнста Сабілы.

Дарогай мы чуем захапляльны расповед пра чалавека, які ахвяраваў сябе на змаганьне са сталіншчынай, быў асуджаны на сьмерць, цудам яе пазьбег і апынуўся ў лягерах, а цяпер на сваю невялічкую пэнсію каторы год самастойна будуе храм. Пазнаёміліся яны тут, у Асіповічах, і цяпер у Міколы Маркевіча няма ў горадзе лепшага за яго сябра. Сьвятар-будаўнік Эрнст Сабіла з гэткай жа радасьцю распавядае пра Маркевіча, хаця, па вялікім рахунку, у абодвух ёсьць падставы скардзіцца на лёс.

(Сабіла: ) “У яго свае справы, і ён імі займаецца. Гэта вельмі добра, што ён прыходзіць і добрасумленнасьць сваю пацьвярджае на гэтай будоўлі. Але хутка ягоная дапамога тут кончыцца. Ягоная дапамога зараз у тым, што ён бярэ рыдлёўку і разьмешвае раствор, але хутка ня будзе за што набыць гэты раствор”.

Ён тлумачыць, што ягоных уласных грошай на будаўніцтва ўжо не засталося, і сілы ў яго ўжо ня тыя, як тады, як ён пачынаў будоўлю. Карацей, ёсьць з чаго засумаваць, і ўсё ж былы вязень сумленьня ня сумуе. Ён кажа, што ягоны Бог шчодры, і гэтак ужо не аднаго разу бывала, што здавалася, выйсьця няма, а яно знаходзілася.

Падобна кажа пра будучыню і Мікола Маркевіч. Свае ўласныя праблемы ён называе драбязой і нават распавядаць пра іх ня хоча, а просіць журналістаў, якія яго наведваюць, дапамагчы ў будоўлі храму. Гэта для яго цяпер найважнейшая справа і маральны абавязак.

З Асіповічаў мы едзем па той жа гомельскай шашы ў Жлобін і ўжо праз паўтары гадзіны знаходзім на лесапілцы побач са славутым жлобінскім мэталюргічным заводам Паўла Мажэйку. Скончыўся перапынак, і Павал дэманструе нам сваё майстэрства ў справе расьпілоўваньня сасновых бярвеньняў. Я не ўтрымаўся і ўзяў у яго інтэрвію менавіта ў рабочай абстаноўцы.

(Мажэйка: ) “Я ня столькі стамляюся ад працы, колькі ад шуму. Адсюль за два мэтры не чуваць чалавека. Каб гэтага не заўважаць, чытаю па памяці вершы ды паўтараю ангельскія словы. Я пачаў тут вучыць ангельскую мову і вось гэтак практыкуюся. А за дзень мы гэтак расьпілоўваем недзе 150 бярвеньняў. Ад восьмай раніцы да сёмай вечара працуем. Даволі цяжка”.

Паводле сяброў Паўла, ён нікому не паказвае сваёй стомленасьці й ніколі не губляе аптымізму. Генадзь Зьнётаў з Гомеля, які выходзіць на волю праз тыдзень, кажа, што пасьля вызваленьня будзе шкадаваць пра адну рэч — што мала часу давялося пражыць разам з гэтым цудоўным хлопцам. Ён зь сябрамі асабліва ўдзячны Паўлу Мажэйку за тое, што ў жлобінскай камэндатуры дзякуючы яму загучала беларуская мова, і цяпер міліцыянты ўжо не глядзяць варожа, калі яе чуюць. Адрадзілася, у прыватнасьці, у іхным пакоі, традыцыя чытаць ды абмяркоўваць кнігі.

Павал Мажэйка, дарэчы, просіць журналістаў, якія зьбіраюцца да яго ў госьці, прывозіць больш кніг. Ён марыць сабраць у камэндатуры бібліятэчку, якую можна будзе перадаць сябрам, калі ён выйдзе на волю.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG