Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭДАКТАР ГАЗЭТЫ “РАБОЧЫ” ВІКТАР ІВАШКЕВІЧ ДНЯМІ ПАВІНЕН ЗЬЕХАЦЬ АДБЫВАЦЬ ПАКАРАНЬНЕ НА “ХІМІЮ”


Любоў Лунёва, Менск

Паводле Крымінальна-працэсуальнага кодэксу, усім асуджаным і тым, хто адбывае пакараньне ў год, калі была абвешчаная амністыя, скарачаецца тэрмін пакараньня. Таму на “хіміі” Віктар Івашкевіч мусіць правесьці ня два гады, а адзін. Аднак Віктару Івашкевічу дагэтуль не абвесьцілі амністыю.

Нагадаем, рэдактара газэты “Рабочы” пакаралі двума гадамі абмежаваньня волі за артыкул “Злачынца павінен сядзець у вязьніцы”, надрукаваны ў газэце “Рабочы” летась падчас выбарчай кампаніі. Першамайскі суд Менску палічыў гэты артыкул паклёпам на Лукашэнку і ягонае атачэньне. Вышэйшыя судовыя інстанцыі пацьвердзілі рашэньне раённага суду, але Менскі гарадзкі суд дагэтуль не абвесьціў Віктару Івашкевічу амністыю.

(Івашкевіч: ) “Мяне выклікалі ў Савецкі РУУС. Там забралі ваенны білет, пашпарт і зьнялі адбіткі пальцаў. Мне паведамілі, што цягам дзесяці дзён мяне выклікаюць і скажуць, у які горад трэба ехаць. Вось на сёньняшні дзень я ў чаканьні гэтай “камандзіроўкі”. Я зьвярнуўся з заявай, каб мне далі тлумачэньне адносна амністыі, наколькі яна можа быць ужытая для мяне. І адвакат і судзьдзя раённага суду ў прыватнай размове казалі, што я трапляю пад амністыю. Але самі судзьдзі ні раённага, ні гарадзкога ўзроўняў такое рашэньне не абвесьцілі. Вось я й падаў заяву. Мне адказалі: “Будзем думаць і глядзець”.

Ужо тры месяцы на “хіміі” адбываюць пакараньне рэдактар газэты “Пагоня” Мікола Маркевіч і журналіст Павал Мажэйка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG