Беларуска-нямецкае прадпрыемства “Цэйс-БелОМА” — адзінае ў Беларусі, прадукцыя якога цалкам ідзе на экспарт. Зробленая ў Беларусі оптыка мае надзвычай шырокі ўжытак ў ваенных мэтах, у касьмічнай галіне, у тапаграфіі, на ёй базуецца гэтак званая мультыспэктравая апаратура. Усе замовы паступаюць у Менск зь Нямеччыны, і эканамічны дабрабыт СП наўпрост ад гэтага залежыць.
Але апошнім часам партфэль заказаў амаль парожні — прызнае кіраўніцтва сумеснага прадпрыемства. Гаворыць тэхнічны дырэктар “Цэйс-БелОМА” Пётар Слапко:
(Слапко: ) “Можна сказаць, што надта рэзкага ўхілу ў адмоўны бок няма. Адзінае, што зьявіліся пытаньні, зьвязаныя з напаўненьнем нашага вытворчага партфэлю замовамі: іх стала нашмат меней. Мы стоадсоткава працуем на экспарт, на беларускім рынку нас няма, таму адвольна выбіраць партнэраў ня можам. Натуральна, ранейшай колькасьці супрацоўнікаў у такой сытуацыі нам ня трэба. Але я не магу зараз сказаць, колькі чалавек скарочана: ёсьць колькасьць, за якую мы штомесяц трымаем справаздачу перад упраўленьнем статыстыкі”.
Адзін з шараговых рабочых кажа, што пачаў чакаць горшага ад той пары, як заўважыў, што за вароты перасталі выяжджаць нагружаныя оптыкай фуры. Згортваньне вытворчасьці спачатку адбілася на заробках. А неўзабаве былі звольненыя людзі, якіх узялі на працу апошнім часам. Зараз на прадпрыемстве чакаюць новых скрачэньняў. Вось якога меркаваньня з гэтай нагоды мой суразмоўца:
(Супрацоўнік СП: ) “Ці ў нас спрабуюць спэкуляваць на таннай працоўнай сіле, ці нейкія махінацыі пачынаюцца ад сквапнасьці — я ня ведаю. Цалкам магчыма, што немцам урэшце надакучыла плаціць звышвысокія вывазныя пошліны, якія істотна павялічваць кошт прадукцыі. Бо зрабіць тавар тут можна і танна, але паспрабуй вывезьці — цэньнік будзе зусім іншы. Факт, што нешта на гэтым круцяць”.
Прэзыдэнт аналітычнага цэнтру “Стратэгія” Леанід Заіка добра памятае, як стваралася сумесная зь немцамі вытворчасьць. Тады здавалася, што пэрспэктыўнаму кірунку наканаванае доўгае і бестурботнае існаваньне.
(Заіка: ) “Ёсьць такая тэндэнцыя: кампаніі, што былі заснаваныя на пачатку працэсу рэформаў (на гэта сьведчаць таксама польскі досьвед, вугорскі) аказаліся меней канкурэнтныя за тыя, што прыйшлі ў сярэдзіне 1990-х і былі сфармаваныя на іншай базе. Але выпадак з “Цэйс-БелОМА” — паказчык таго, што эпоха бізнэсу, якая будавалася на аптымізьме пачатку 1990-х, на міталягізацыі бізнэсу, заканчваецца.
Раней лічылася, што сам факт стварэньня вытворчасьці з замежнікамі аўтаматычна азначае, што будзеш купацца ў далярах і езьдзіць на дарагіх аўто. Так і было — хадзілі павамі, маўляў, мы на СП працуем. Увесь народ марыў працаваць на СП. А ўрэшце аказалася, што ў Беларусі яны ў гэткім жа пралёце”.
Спадар Заіка дадае, што падобны лёс можа чакаць і іншыя сумесныя праекты, якія былі заснаваныя ў пэрыяд эканамічных рэформаў, што прыходзяцца на пачатак 1990-х гадоў.