Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“НЯ ТРЭБА РАБІЦЬ СА СПАДАРА НАВІЦКАГА ПРАФЭСАРА БАЛЬЦАРОВІЧА”


Віталь Цыганкоў, Менск

Удзельнікі: намесьнік кіраўніка Цэнтру эўрапейскай інтэграцыі Аляксандар Зайцаў і дырэктар Фонду Мізэса Яраслаў Раманчук

(Віталь Цыганкоў: ) “З усіх краінаў Усходняй Эўропы і СНД толькі Беларусь і Туркмэністан не прайшлі нават першапачатковы этап эканамічных рэформаў. Да такой высновы прыйшлі адмыслоўцы Ўсясьветнага банку ў сваёй справаздачы, апублікаванай гэтымі днямі. Іншае дасьледаваньне сьведчыць, што Беларусь займае 151 месца са 156 ацэненых краінаў па ступені эканамічнай свабоды. Гэта ўжо вынік дасьледаваньня, праведзенага фондам Heritage Foundation сумесна з часопісам “Wall Street Journal”.

Вышэйшую за Беларусь ступень эканамічнай свабоды маюць усе постсавецкія краіны, нават Турмэністан. Разам з тым, паводле ацэнак ААН, паводле ўзроўню жыцьця Беларусь на постсавецкай прасторы прайграе толькі краінам Балтыі і нашмат апярэджвае, напрыклад, сярэднеазіяцкія краіны. Як можа сумяшчацца гэты парадокс? Эканамічнай свабоды няма, а нейкі ўзровень, дастатковы для нейкага простага існаваньня, існуе”.

(Яраслаў Раманчук: ) “Парадоксу на самой справе няма. Эканамічная свабода — гэта нейкі кампазытны паказчык, які існуе для таго, каб падкрэсьліць важнасьць такіх інстытуцыяў як прыватная ўласнасьць, стабільныя грошы, нізкія падаткі — усяго Heritage Foundation ацэньвае 58 паказчыкаў. У Беларусі эканамічнай свабоды па гэтых паказчыках фактычна няма.

Адным з паказчыкаў адсутнасьці свабоды зьяўляецца памер чорнага рынку і шэрай гаспадаркі. Тут Беларусь адна зь лідэраў з паказчыкам ад 65 да 80% нашага сукупнага ўнутранага прадукту. Нягледзячы на тое, што дзяржава стварыла вельмі неспрыяльныя ўмовы для разьвіцьця ініцыятывы, людзі самі існуюць і працуюць на сваё. Стаўленьне дзяржавы вельмі моцна абмяжоўвае іхныя магчымасьці, і шэрая сфэра і чорны рынак разьвіваюцца, і толькі гэта дае людзям магчымасьць яшчэ неяк існаваць і зарабляць нейкія грошы”.

(Аляксандар Зайцаў: ) “Па-першае, я б зазначыў, што розныя арганізацыі робяць вельмі рознаскіраваныя індэксы. Каб вызначыць становішча нейкай краіны больш-менш дасканала, то, безумоўна, трэба адштурхоўвацца ад некалькіх такіх дасьледаваньняў. Калі браць ААНаўскія паказчыкі, то яны больш сацыяльна скіраваныя. ААН бярэ ўзровень жыцьця і ўсё, што мае да яго дачыненьне. А індэкс, які робіць Heritage Foundation, больш адлюстроўвае ўмовы вядзеньня бізнэсу.

Калі ўжо рабіць параўнаньні, то да таго, што сказаў спадар Раманчук, трэба дадаць такі чыньнік як сама структура беларускай эканомікі. Тут касьцяком зьяўляюцца буйныя прадпрыемствы, і гэта адметна адбіваецца на індэксе эканамічнай свабоды.

Напрыклад, адной з асноўных рэчаў, якія там улічваюцца, ёсьць доля дзяржавы ў эканамічным жыцьці, узровень дзяржаўных выдаткаў і ўсё, што зьвязана зь дзяржаўным рэгуляваньнем эканомікі. Усё гэта ў Беларусі вельмі значнае, і, зразумела, будзе адбівацца на нізкіх месцах краіны ў гэтым рэйтынгу. Але разам з тым такая роля дзяржавы ў эканоміцы азначае і высокі ўзровень сацыяльнай падтрымкі. А гэта ёсьць падставай, каб ААН фіксавала больш высокі ўзровень жыцьця ў Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “Я чакаў, што вы будзеце гаварыць пра стратэгічны курс беларускай эканомікі на захаваньне буйных прадпрыемстваў. Ва ўзгаданым дакладзе Ўсясьветнага Банку гаварылася, што першапачатковы этап рэформаў прадугледжвае лібэралізацыю цэнаў і гандлю, малую прыватызацыю, скарачэньне дзяржаўнага ўмяшальніцтва ў эканоміку. Аднак гэта такія захады, якія наўрад ці сур’ёзна пярэчаць стратэгічнаму курсу на захаваньне буйных прадпрыемстваў. Чаму іх нельга праводзіць? Ад гэтага заводы не разваляцца…”

(Зайцаў: ) Безумоўна. І пытаньне нават ня ў тым, “чаму нельга”, а ў тым, што гэта робіцца недастаткова альбо зусім ня робіцца. У сярэдзіне 1990-х дзяржава афіцыйна вылучыла сваёй мэтай захаваньне буйной прамысловасьці як асновы нашай эканомікі. Так ці іначай, гэтая задача была вырашаная.

Іншае пытаньне — эфэктыўнасьць функцыянаваньня гэтага сэктару. Ад яго шмат чаго залежыць, у тым ліку ўзровень жыцьця, бо вялікі адсотак працоўных занятыя менавіта тут. А гэта ўжо пытаньне аб дзейнасьці ўраду, якое знайшло адлюстраваньне ў нядаўняй прамове прэм’ера Навіцкага ў пятніцу”.

(Цыганкоў: ) “Мы закранулі прамову кіраўніка беларускага ўраду Генадзя Навіцкага ў мінулую пятніцу ў Палаце прадстаўнікоў. Навіцкі заявіў, што адной з праблемаў беларускай эканомікі зьяўляецца нізкая доля прыватнай уласнасьці. Сапраўды, з усіх краінаў рэгіёну Беларусь мае найменшую долю прыватнага бізнэсу ў эканоміцы — толькі 20%. Калі нават урад разумее гэта, чаму ён ня робіць крокі для пашырэньня долі прыватнага сэктару ў Беларусі?”

(Раманчук: ) “Я б не пагадзіўся з тым, што ўрад разумее, што трэба ажыцьцяўляць прыватызацыю, больш адкрываць эканоміку, ісьці па шляху пашырэньня эаканамічнай свабоды. Адно слова прэм’ера ў адным месцы ня сьведчыць пра ягонае разуменьне, што гэта трэба рабіць. Больш за тое — ніводзін дакумэнт, які выходзціць з-пад пяра ўраду, ні тыя праекты законаў, якія прымаюцца, ні ў праекце бюджэту няма нават думкі, што Навіцкі альбо міністар фінансаў жадаюць праводзіць нейкія сур’ёзныя эканамічныя рэформы. Таму я б не рабіў са спадара Навіцкага прафэсара Бальцаровіча.

Хачу пракамэнтаваць той момант, нібы прыватызацыя і разьвіцьцё малога бізнэсу не супярэчаць стратэгічнаму курсу беларускай улады. Супярэчыць! Бо на працягу апошніх васьмі гадоў буйныя прадпрыемствы атрымлівалі і падоткавыя льготы, і крэдыты, і гэта ўсё ім “сыходзіла з рук”. І цяпер 80% буйных прадпрыемстваў стратныя, іх можна зачыняць, і ад гэтага бюджэт і мы, падаткаплатнікі, толькі больш грошай будзем мець.

Калі ўрад пойдзе на прыватызацыю, будзе падтрымліваць стабільныя грошы, зьнізіць падаткі, то гэта дасьць буйны штуршок разьвіцьцю бізнэсу і прадпрымальніцтва. Аднак тады буйныя прадпрыемствы трэба будзе альбо прадаваць, альбо закрываць, альбо праводзіць санацыю. А вось на гэта няма ні палітычнай волі, ні стратэгіі рэформаў.

Цяпер абмяркоўваецца праграма, падрыхтаваная Нацыянальнай Акадэміяй навук, мэта якой — закласьці падставы стратэгічнага курсу Беларусі. І эканамічны дарадца Лукашэнкі спадар Ткачоў зьяўляецца асноўным ідэолягам гэтай праграмы. Чалавек, які ў эканоміцы, акрамя Маркса, нічога не чытаў. Таму я не чакаю ад гэтага ўраду, ад гэтай адміністрацыі ніякіх крокаў на шляху прыватызацыі і пашырэньня эканамічнай свабоды Беларусі”.

(Цыганкоў: ) “Часта, гаворачы пра ўнікальнасьць беларускай эканамічнай мадэлі, спасылаюцца на колькасьць буйных прадпрыемстваў у Беларусі. Аднак некаторыя постсацыялістычныя краіны даволі пасьпяхова перабудавалі такую структуру эканомікі. Які шлях быў найлепшым для Беларусі для дасягненьня кардынальных зьменаў у прамысловасьці?”

(Зайцаў: ) “Адным з варыянтаў, безумоўна, зьяўляецца пошук стратэгічных партнэраў сярод інвэстараў. Так ці іначай, ураду давядзецца нешта рабіць. Нават самім Навіцкім прызнана на афіцыйным узроўне, што з 16 паказчыкаў сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця ня выканалі 10. Так ці інакш, ім прыйдзецца вырашаць даволі хутка праблему прыватызацыі альбо нейкай іншай формы павялічэньня эфэктыўнасьці буйных прадпрыемстваў.

Безумоўна, гэта будзе зьвязана са зьняцьцём вялікай сацыяльнай сфэры, якая вісіць на балянсе гэтых прадпрыемстваў. А гэта ўжо азначае шмат новых працоўных рук на рынку працы. Мабыць, пра гэта Навіцкі і думаў, калі казаў пра недастатковую долю прыватнага сэктару ў Беларусі. У гэтым сэнсе гэтая прамова Навіцкага знакавая і мабыць, нейкія захады мы ўсё ж убачым. Бо жыцьцё прымушае нешта рабіць”.

(Цыганкоў: ) “Гэтыя словы — “жыцьцё прымусіць нешта рабіць” — мы даўно чуем апошнія гады. Разумныя аналітыкі восем гадоў сьцьвярджаюць, што цяперашні эканамічны курс правальны, што гаспадарка больш ня вытрымае. Аднак курс стратэгічна не мяняецца. Наколькі ж доўга яшчэ можа існаваць цяперашні эканамічны курс без кардынальных пераменаў? І калі ён застанецца нязьменным, да чаго гэта можа прывесьці?”

(Раманчук: ) “Паказчык ААН — 56-е месца Беларусі — сьведчыць, колькі яшчэ рэсурсаў мае краіна, нягледзячы на тое, што гэтае кіраўніцтва зьдзекуецца з эканомікі. Але калі, напрыклад, Расея пяройдзе выключна на грашовыя разьлікі, калі газ мы будзем атрымліваць па 40 даляраў, калі прадукцыйнасьць працы будзе заставацца на ўзроўні 10% ад узроўню Эўразьвязу, то ў гэтым рэжыме за год-паўтара з гэтай краіны зьедуць апошнія нармальныя інвэстары і прадпрымальнікі. Краіна будзе працаваць у рэжыме паўкрымінальнай, паўдзяржаўнай эканомікі”.

(Зайцаў: ) “Безумоўна, бясконца праядаць савецкую спадчыну нельга. Зараз ёсьць пагроза вялікай страты тых пазыцыяў, якія былі яшчэ ў сярэдзіне 1990-х. Так ці іначай, хутка вакол Беларусі ўсе суседзі будуць зьяўляцца рынкавымі прасторамі, якія працуюць паводле правілаў WTO. Калі мы ня здолеем вырашыць у хуткім часе праблемы альбо прыватызацыі, альбо радыкальнага тэхналягічнага абнаўленьня буйных заводаў, ці калі мы ня знойдзем стратэгічных партнэраў сярод заходніх карпарацыяў, то праблемы, безумоўна, будуць, і праблемы, магчыма, нават каляпсавага характару”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG