Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“БУДЗЕМ ТАНЧЫЦЬ ПАД ЛУКАШЭНКАВУ МУЗЫКУ, ПАКУЛЬ НЯ ЗГІНЕМ”


Валянцін Жданко, Менск

Пачну з двух лістоў на тэму санкцыяў Эўразьвязу і Злучаных Штатаў Амэрыкі супраць Аляксандра Лукашэнкі і ягоных найбліжэйшых паплечнікаў. Беларускі кіраўнік страціў магчымасьць наведваць заходнія краіны, куды яго, зрэшты, і так ужо некалькі гадоў не запрашалі. Як да гэтага паставіліся ў Беларусі?

“Няма куды цяпер падацца Лукашэнку, толькі ў абдымкі да Расеі, — лічыць Аляксей Машко з Ваўкавыску. — І папаўзе ён туды, цягнучы за сабой усіх нас, дзесяць мільёнаў нягеглых беларусаў, якія парадаксальным чынам лічацца эўрапейскім народам, хаця мэнталітэт у нас зусім азіяцкі.

На маю думку, Захад мог бы паставіцца да Беларусі і з большым цярпеньнем. Няўжо нельга было дараваць Лукашэнку некаторыя дзівацтвы, запрасіць яго ў Эўропу, паказаць, як там жывуць людзі... Справа ж ня ў ім, а ў цэлым народзе, які цяпер асуджаны на пакуты...”.

Такой лёгікай, спадар Аляксей, на Захадзе ўжо кіраваліся. Згадайце 1994–95 гады. Ужо ў той час былі відавочныя эксцэнтрычныя паводзіны беларускага лідэра. Тым ня менш, яго запрасілі з афіцыйным візытам у Францыю, ён пабываў у Злучаных Штатах, у Нямеччыне... Так што шанцы ў яго былі, быў і час дзеля таго, каб пасьля шматлікіх папярэджаньняў і санкцыяў зрабіць адпаведныя высновы. Але ён выбраў іншы шлях.

Аляксандар Лукашэнка пры ўладзе ў Беларусі ўжо дзявяты год. Увесь гэты час ставіцца да ягонай палітыкі зь цярпеньнем і спадзяваньнем на тое, што ён выправіцца, не выпадае.

На гэтыя ж падзеі адклікнуўся і Сямён Бакуновіч з Кобрыня:

“Я лічу: правільна зрабілі на Захадзе, што адмовіліся пускаць Лукашэнку ў свае краіны. Так яно і ёсьць — апошні дыктатар Эўропы. Але чаму так атрымалася?

...Паслухаўшы па Свабодзе ўспаміны Васіля Быкава, падумаў: можа, і дарэмна ён адмовіўся, не захацеў стаць цэнтрам канцэнтрацыі беларускіх сілаў, як гэта зрабіў Гавал. А вось уся навалач, якая атабарылася на нашай зямлі, аказалася больш арганізаванай і дамаглася перамогі”.

Сямён Бакуновіч у сваім лісьце таксама наракае на тое, што многія ў Беларусі ня маюць аб’ектыўнай інфармацыі пра тое, што адбываецца ў краіне і вакол яе.

“Дзяржаўнае радыё і тэлебачаньне ўводзяць людзей у зман. Свабоду слухаюць сьвядомыя беларусы, а іх вельмі мала... Калі ў Менску 17 лістапада выйшлі на плошчу толькі каля тысячы чалавек, то што казаць аб правінцыі. Беларускія газэты і часопісы для бюджэту простай сям’і сталі недаступныя. Таму часопіс “Дзеяслоў” няхутка дойдзе да масавага чытача. А рэжым і далей будзе душыць свабоднае беларускае слова. “Пагоню” ўжо хочуць дабіць і ў Інтэрнэце. А ў астатніх — правіла: “Хто плаціць, той і замаўляе музыку”. І будзем танчыць пад Лукашэнкаву музыку, пакуль ня згінем”, — робіць невясёлую выснову Сямён Бакуновіч з Кобрыня.

І ўсё ж, спадар Сямён, тыя людзі, якія самастойна спрабуюць разабрацца ў прычынах свайго бядотнага стану, якія ставяць на мэце здабыць аб’ектыўную інфармацыю — такую магчымасьць маюць (хоць гэта, сапраўды, патрабуе пэўных высілкаў). Праблема, відавочна, ня толькі ў тым, што да людзей не даходзіць незалежная прэса, але і ў стаўленьні саміх людзей да сытуацыі, у якой яны апынуліся, у іхнай гатоўнасьці, як вы пішаце, “танчыць пад Лукашэнкаву музыку”, альбо — мець сваю справу і сваю пазыцыю.

Працытую ў гэтай сувязі ліст нашага слухача Васіля Нілукава з Драгічынскага раёну. У яго не было асаблівых праблемаў з тым, каб здабываць аб’ектыўную інфармацыю пра становішча ў краіне, нават за камуністамі:

“Я ваш слухач зь вельмі вялікім стажам. Радыё Свабода на беларускай мове ўпершыню пачуў мо дзе ў 1975 годзе, з дапамогай сапсаванага прыймача “Альпініст”, у якім сярэднія хвалі ператварыліся ў кароткія. Было гэта ў мае першыя пасьляармейскія дні. З таго часу слухаю Свабоду рэгулярна, асабліва пасьля адмены глушэньня.

Мне амаль 48 гадоў, жыву ў вёсцы. Пэнсіянэр (інвалід другой групы па захворваньню). Асноўны занятак — агарод, дом і вакол яго (карова, бульба, дровы ды іншае). Многія работы праходзяць пад прыймач. У ранейшыя гады прыймач быў маім спадарожнікам у камандзіроўках і ў кацельні мясцовай школы, дзе я працаваў некалькі сэзонаў.

Слухаю ня толькі Свабоду, але і іншыя станцыі — на расейскай і ўкраінскай мовах. Я адзін з тых нямногіх, хто інфармацыю атрымлівае з радыёпрыймача, а не з тэлевізара”.

Цікава, што спадар Васіль свой прыймач “Берасьце-4” уласнымі сіламі сабраў з трох старых апаратаў. Прыемна, што ў нас ёсьць такія зацікаўленыя слухачы, якія не разьвітваюцца са Свабодай, нават выходзячы за дзьверы хаты, каб капаць бульбу ці пілаваць дровы.

Алесь Марціновіч з Баранавічаў гэтым разам выказвае сур’ёзныя абвінавачаньні на адрас лідэраў беларускай апазыцыі.

“Ці не маразм гэта і выраджэньне беларускай нацыянал-дэмакратыі: усю барацьбу з вуліцаў Менску яна пераносіць у кулюары Брусэля, Вашынгтону і Страсбуру. Ідзеце ў народныя масы Беларусі, а не шапчыце на вуха амэрыканскаму сэнатару і кангрэсмэну”, — заклікае апазыцыйных актывістаў Алесь Марціновіч.

Такога кшталту абвінавачаньні, спадар Алесь, пачалі гучаць адразу пасьля таго, як стала магчымай апазыцыя і як зьявіліся людзі, што адважыліся выказваць сваю нязгоду з палітыкай улады. А калі яны ня езьдзяць за мяжу, а выводзяць людзей на вуліцы тут, у Менску, тады іх абвінавачваюць у тым, што яны падбухторваюць народ да “неканструктыўных дзеяньняў”. Замест гэтага ім раяць паехаць паднімаць адсталыя калгасы.

Міхась Данько з Давыд-Гарадку Столінскага раёну піша:

“Мне падабаюцца ўсе перадачы Свабоды, асабліва сучасныя мэмуары Васіля Быкава. Дай Бог яму добрага здароўя і найхутчэйшага вяртаньня ў вольную і шчасьлівую Беларусь. Мяне хвалюе тая барацьба, якую вядзе ўлада супраць журналістаў. Пра мужнасьць асуджаных усё сказана. Маральная перамога — на баку Маркевіча, Мажэйкі ды Івашкевіча.

Я часта думаю, чаму судовы перасьлед журналістаў узмацніўся менавіта пасьля так званай “блестящей і элегантной” перамогі Лукашэнкі на прэзыдэнцкіх выбарах. На мой погляд, найперш гэта помста за страх. Праўда ў друку ніводнаму дыктатару не дадала мужнасьці. А страх, як вядома, першая праява паразы.

А па-другое, мусіць, улада зноў задумала нейкую нядобрую справу — таму і павяла барацьбу супраць праўды. Але пакуль ёсьць у Беларусі такія мужныя людзі, як Валеры Шчукін, Ірына Халіп, Марына Коктыш (усіх не пералічыш), праўда будзе жыць. А дзе праўда — там і сіла, і перамога”.

Cапраўды, спадар Міхась, незалежны друк зноў адчуў на сабе пільную ўвагу з боку ўлады. Вось і днямі пазбавілі рэгістрацыі (па сутнасьці, закрылі) нядаўна створаную газэту “Местное время)”, якая была арыентаваная на рэгіёны. Многія тлумачаць гэта набліжэньнем мясцовых выбараў — і пэўна маюць рацыю.

Хоць, на маю думку, і гэты факт, і многія іншыя — проста працяг той палітыкі ў дачыненьні да недзяржаўнага друку, якая пачалася яшчэ восем гадоў таму. Яна ажыцьцяўляецца ўжо нават незалежна ад камандаў “зьверху”: нават самы дробны чыноўнік ведае кан’юнктуру і выкарыстоўвае сытуацыі, за якія яго можа пахваліць і аддзячыць начальства.

На заканчэньне — ліст ад Аляксея Сярдзюка са Смаргоні, які зьвяртаецца да мяне з наступным паведамленьнем:

“Летась у чэрвені ў вашай перадачы прагучаў ліст маёй маці Тамары Галінай пра тое, што ў Смаргоні не шануюць памяць нашага слыннага земляка Івана Сініцкага — мэмуарыста і падарожніка, аўтара першага апісаньня Новай Зэляндыі на расейскай мове (на пачатку мінулага стагодзьдзя ён быў адным з аўтараў “Нашай Нівы”, пазьней падтрымліваў сувязі з Таварыствам беларускай школы).

Дык вось, пасьля ўсяго гэтага адна супрацоўніца музэю сказала мне, што раней райвыканкам хацеў адкрыць мэмарыяльную дошку у гонар Сініцкага. Але пасьля таго, як прагучаў ліст на Свабодзе, ён раздумаў гэта рабіць. А ў сквэры Сініцкага адкрылі кавярню “Капучына”, дзе прадаюць піцу і сьпіртное. Хоць усе ведаюць, што запавет Сініцкага — пабудаваць на гэтым месцы школу, дзіцячы сад ці шпіталь”.

Калі, сапраўды, чыноўнікі гэткім чынам адрэагавалі на паведамленьне, што прагучала па Свабодзе, то можна толькі паспачуваць жыхарам Смаргоні, якімі такія чыноўнікі кіруюць. А памяць пра Івана Сініцкага ў вашым горадзе рана ці позна будзе ўшанаваная — я ў гэтым, Аляксей, упэўнены.

На мінулым тыдні нам таксама даслалі лісты Генадзь Банкевіч, Канстанцін Кендыш і Аксана Новікава зь Менску, Алесь Шустоўскі з Барысава, Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну і Міхаіл Дубнікаў з хутара Ямы Вялейскага раёну.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG