Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЭЎРАЗЬВЯЗ ПАСЬЛЯ ДАЛУЧЭНЬНЯ НОВЫХ СЯБРОЎ ЗЬБІРАЕЦЦА ПАДТРЫМЛІВАЦЬ ЗЬ БЕЛАРУСЬСЮ ДОБРАСУСЕДЗКІЯ ДАЧЫНЕНЬНІ


Міхал Стэльмак, Менск

Менскую канфэрэнцыю арганізаваў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт. Ужо празь некалькі гадоў Беларусь чакаюць істотныя геапалітычныя зьмены. Пасьля далучэньня Польшчы, Літвы ды Латвіі да Эўразьвязу Беларусь стане памежнай краінай з аб’яднанай Эўропай. Як паведаміў з трыбуны сёньняшняй канфэрэнцыі старшыня дэлегацыі Эўрапарлямэнту ў пытаньнях супрацоўніцтва зь Беларусьсю, Украінай і Малдовай Ян Віерсма, прадстаўнікі эўрапейскіх структураў ужо сёньня мусяць выпрацоўваць падыходы да новай суседкі Эўразьвязу.

(Віерсма: ) “Вядома ж, некаторыя падрыхтоўчыя захады дзеля ўступленьня новых сяброў у Эўразьвяз павінныя быць зробленыя загадзя. З гэтай прычыны мы і прыехалі ў Беларусь, кантактуем з палітыкамі, дзяржаўнымі дзеячамі. Мы абмяркоўваем, як будуць складвацца нашы стасункі. Мы хочам, каб Беларусь скарыстала новыя магчымасьці ў эканамічнай сфэры, што адкрываюцца па часе. Мы разумеем, што з пашырэньнем Эўразьвязу яго памежная сыстэма сутыкнецца з нарастаньнем новых праблемаў — як нелегальная міграцыя і зьвязаная з гэтым злачыннасьць”.

Ён падкрэсьліў, што новыя праблемы могуць быць вырашаныя толькі з дапамогай новых суседзяў, у тым ліку Беларусі.

Сябра дэлегацыі Эўрапарлямэнту Элізабэт Шродтэр нагадала ўдзельнікам канфэрэнцыі, што Польшча, Літва, Латвія атрымалі магчымасьць далучыцца да перадавых эўрапейскіх дзяржаваў дзякуючы дэмакратычным пераўтварэньням у сваіх краінах. Беларусы, найперш моладзь, паводле яе, маюць перад сабою добры прыклад суседзяў. Спадарыня Шродтэр ня выключыла, што настане час, калі й Беларусь будзе ў ліку сяброў Эўразьвязу.

Кіраўнік дэлегацыі Эўрапейскай камісіі ў Беларусі амбасадар Жустэн паведаміў, што з пашырэньнем Эўразьвязу павялічыцца колькасьць праграмаў супрацоўніцтва зь Менскам. Як падкрэсьліў спадар Жустэн, Эўразьвяз зацікаўлены ва ўстойлівым працэсе рэформаў у Беларусі, стварэньні тут надзейных дэмакратычных і палітычных інстытутаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG