Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“ТАGESSPIEGEL”: ПАЗЫТЫЎНЫ ЎПЛЫЎ РАСЕІ НА БЕЛАРУСЬ НЕМАГЧЫМЫ


Алена Панкратава, Менск

Як піша швайцарская “Таgblatt”, адчуўшы рэальную ізаляцыю з боку Захаду, беларускі кіраўнік вымушаны быў тэрмінова ўмацоўваць стасункі са сваім усходнім партнэрам. “Беларусь заўсёды была і назаўжды застанецца найлепшым сябром Расеі”, — заявіў ўчора ў Крамлі Аляксандар Лукашэнка.

Усьведамляючы, што ягоная краіна апынулася ў поўным тупіку, менскі лідэр адмовіўся ад сваёй рэзкай крытыкі на адрас “старэйшага брата”. Затое, падпісаўшы пагадненьні аб інтэграцыі з Расеяй, Лукашэнка, як і трэба было чакаць, адмовіўся і ад нядаўна абяцанага курсу на празаходняе разьвіцьцё, — пішуць нямецкая “Таgesspiegel” і аўстрыйская “Der Standard”. Аглядальнікі пры гэтым зьвяртаюць увагу і на наступную акалічнасьць: у той час, як Лукашэнка чарговы раз дэманструе свае зьмены ў настроі, Пуцін па-ранейшаму застаецца эмацыйна стрыманым.

Як піша “Frankfurter Allgemeine”, вонкава браты нібыта памірыліся, аднак пры гэтым відавочна, што старэйшы брат у сваім стаўленьні да малодшага дэманструе надзвычай памяркоўны настрой.

Паводле назіральнікаў, праўдападобна, што Менск паступова пачынае саступаць Маскве і такім чынам адпавядаць новай арыентацыі расейска-заходніх дачыненьняў. Відавочна, што Захад, па сутнасьці, здаў Беларусь Расеі. Апошнія санкцыі Эўропы супраць беларускага кіраўніцтва ёсьць доказам гэтае тэзы.

Як піша “Frankfurter Rundschau”, нарэшце эўрапейцы вырашылі ўзгадніць свае інтарэсы і дзеяньні ў дачыненьні да афіцыйнага Менску. Апошнім часам ўсе сталі адзіныя ў тым, што беларускаму дыктатару нельга далей дараваць нічога. Зразумела, агульныя санкцыі Эўразьвязу нельга разглядаць як агульную замежную палітыку. Гэта ўсяго толькі крок на шляху дастаткова складанай рэнацыяналізацыі Эўропы.

Падсумоўваючы ўчорашнія перамовы ў Крамлі, нямецкамоўныя выданьні не пакідаюць па-за ўвагай і тэму магчымага далейшага палітычнага разьвіцьця ў Беларусі. Газэта “Таgesspiegel” піша, што ў Менску па сутнасьці ніхто ня верыць ў пазытыўны ўплыў Расеі на беларускага дыктатара. “Тое, што дэмакратыя прыйдзе ў Беларусь з боку Ўсходу, цалкам нерэальна”, — гаворыць у інтэрвію выданьню адзін зь лідэраў беларускай апазыцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG