Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПОЛЬСКАЯ ПРЭСА КАМЭНТУЕ ВІЗЫТ АЛЯКСАНДРА ЛУКАШЭНКІ Ў РАСЕЮ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

“Гэтым разам – прынамсі, так выглядае – спатканьне кіраўнікоў дзяржаваў, што ўваходзяць у склад саюзу Расеі і Беларусі, прайшло спакойна. Пуцін не казаў, як у чэрвені, пра беларускіх мух, якія хочуць сядзець на расейскай катлеце, не прапаноўваў, як у жніўні, інкарпарацыі Беларусі і не пагражаў, як напярэдадні “Газпрам”, адключэньнем газу ўзімку”, – піша сёньняшняя “Gazeta Wyborcza”.

“У сваю чаргу крамлёўскі госьць, – працягвае штодзёньнік, – не параўноўваў Пуціна да Сталіна і не пагражаў яму, што адвернецца да Расеі сьпіной і кінецца ў абдымкі Захаду, што, зрэшты, цяпер было б вельмі цяжка зрабіць. Яшчэ зусім нядаўна пасвараныя прэзыдэнты былі надзвычай ветлівыя”.

Газэта адзначае, што нягледзячы на абяцаньне Ўладзімера Пуціна не пакінуць суседа без газу, няясным засталося, колькі гэты газ будзе для Беларусі каштаваць.

“Гаспадар Крамля быў настолькі ласкавы, што супакойваў свайго госьця, які быў заклапочаны новым расейскім законам аб грамадзянстве, што абмежаваньні, якія ўтрымлівае гэты закон, беларускіх грамадзянаў не датычаць. Лукашэнка прыняў гэтую заяву зь вялікай палёгкай, бо тысячы грамадзянаў беднай Беларусі ёзьдзяць у Расею нават па хлеб”, – піша сёньняшняя “Gazeta Wyborcza”.

Іншыя выданьні зьвяртаюць увагу на словы Пуціна, які сказаў, што “цягам апошняга дзесяцігодзьдзя Расея столькі ўсяго аддала, што цяпер ня будзе нічога аддаваць і саступаць, а будзе толькі ўсё браць”.

Паводле аглядальнікаў, гэта значыць, што нягледзячы на памяркоўны тон размоваў кіраўнікоў дзяржаваў, Масква ўсё адно не пакінула намеру поўнасьцю падпарадкаваць сабе Беларусь, нават калі не праз палітычныя дамовы, дык шляхам змушэньня да продажу расейскаму капіталу найбольш цікавых беларускіх прадпрыемстваў.

Некаторыя адмыслоўцы таксама адзначаюць, што Масква, якая апошнім часам намагаецца захаваць добрыя адносіны з Захадам, напэўна рызыкуе, прымаючы ў свае абдымкі адкінутага Эўрапэйскім Зьвязам і Злучанымі Штатамі беларускага кіраўніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG