Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АХВЯРАМІ БАРАЦЬБЫ З ІЛЬГОТАМІ СТАНУЦЬ БЕЛАРУСКАМОЎНЫЯ ВЫДАНЬНІ


Уладзімер Глод, Менск

Сёньня міністар фінансаў Мікалай Корбут знаёміў Палату прадстаўнікоў з праектам бюджэту на 2003 год, у якім прадугледжанае істотнае скарачэньне выдаткаў на падтрымку друку. Я спытаўся ў міністра, як гэта адаб’ецца на становішчы беларускамоўных выданьняў, якія раней падтрымлівала дзяржава.

(Корбут: ) “У бюджэце нічога не сказана, якія выданьні — беларускамоўныя ці расейскамоўныя — будуць атрымліваць датацыю. На падтрымку пэрыядычнага друку грошы як плянаваліся раней, так і плянуюцца. А далей гэта ўнутранае разьмеркаваньне рэсурсаў. Я так разумею. Для мяне такога паняцьця як не фінансаваць кагосьці — не было”.

Такім чынам, як і раней, грошы зь бюджэту накіроўваюцца ў Міністэрства інфармацыі Беларусі. Але цяпер там магчымасьцяў дапамагчы беларускамоўным выданьням будзе менш, пазбаўленьне ад ільготаў зробіць і без таго цяжкае становішча выданьняў на роднай мове яшчэ горшым.

Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Іван Пашкевіч лічыць, што ягоныя калегі, якія прагаласавалі за адмену льготаў для беларускамоўных выданьняў, ня думалі пра магчымыя наступствы такога рашэньня.

(Пашкевіч: ) “Грошы, якія прадугледжваліся раней на гэтыя льготы, цяпер павінныя выдаткавацца ўжо непасрэдна Міністэрствам інфармацыі. Але ж мы ведаем добра, што ў той ці іншай палітычнай сытуацыі ўвага з боку найвышэйшага кіраўніцва дзяржавы да таго ці іншага выданьня будзе ўзрастаць і выкарыстоўвацца ў нейкіх палітычных кампаніях.

Я думаю, што калі, напрыклад, палічаць, што “Советская Белоруссия”, “Народная газета” альбо “Белорусская нива” будзе выкарыстоўвацца ў паняцьці ўладаў значна лепш, напрыклад, у правядзеньні адзінага інфармацыйнага дня, дык, канечне, грошы пойдуць на гэтыя выданьні. А што тычыцца беларускамоўных выданьняў, і дзіцячых, і нацыянальнай газэты “Звязда”, і кніжак на беларускай мове, дык, я думаю, грошай якраз на вось гэты артыкул каштарысу і ня знойдзецца. І гэта выклікае трывогу”.

Кіраўнікі беларускамоўных выданьняў, у якіх я цікавіўся меркаваньнямі наконт гэтай праблемы, казалі, што і цяперашнія льготы невялікія. А безь іх будзе ўвогуле вельмі цяжка. Гаворыць галоўны рэдактар дзіцячай беларускамоўнай газэты “Раніца” Міхась Хамец:

(Хамец: ) “Як сядзелі мы без кампутара, тэхнікі і факса, так і сядзім. Адзінае, што ў нас цяпер выдавецтва “Настаўніцкая газета”. Яны трохі багацейшыя. І тыя невялікія грошы, якія дзяржава пералічвае празь Міністэрства інфармацыі, яны непасрэдна ідуць на “Раніцу”. І мы жывем. Нават аб’ём павялічылі. Адзінае, што з нас не вылічваюць грошы за пакоі ў Доме друку. Калі гэтага пазбавяць, тады капец. Рукі ўгору!”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG