Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗЬЛІКВІДАВАНАЯ НЕЗАЛЕЖНАЯ ГАЗЭТА “МЕСТНОЕ ВРЕМЯ”


Галіна Абакунчык, Менск

Афіцыйнае паведамленьне пра ліквідацыю газэты як юрыдычнай асобы галоўны рэдактар Анатоль Гуляеў атрымаў ад Менскага аблвыканкаму, дзе яна была зарэгістраваная. А пра скасаваньне рэгістрацыі ў Міністэрстве інфармацыі падчас вуснай гутаркі паведаміў рэдактару міністар Падгайны. Спадар Гуляеў кажа, што нават паводле афіцыйнай вэрсіі газэта ліквідаваная незаконна, а сапраўднай прычынай ёсьць загад найвышэйшых уладаў. Гаворыць Анатоль Гуляеў:

(Гуляеў: ) “Мы павінныя былі зрабіць зьмены ў статуце. У нас падрыхтаваныя дакумэнты, але не чакаючы калі скончыцца тэрмін, Менскі аблвыканкам прыняў рашэньне пра ліквідацыю юрыдычнай асобы, што незаконна. Мы лічым, што на самым высокім узроўні была каманда пра ліквідацыю газэты”.

Газэта “Местное время” найперш была скіраваная на асьвятленьне жыцьця ў рэгіёнах краіны. Заўтра мусіў выйсьці толькі чацьверты нумар выданьня, але ўжо ў першых нумарах газэта паказала, што займае незалежную дэмакратычную пазыцыю. Гэта й стала прычынай перашкодаў, якія ўлады чынілі ад першага дня, — кажа намесьнік галоўнага рэдактара газэты Аляксандар Коктыш.

(Коктыш: ) “Літаральна пасьля выхаду першага нумару была створаная камісія з пэўных чыноўнікаў, якія распачалі непрыхаваны ціск на мясцовыя ўлады, якія нас зарэгістравалі. Прычыны ў тым, што мы дастаткова сур’ёзна прыходзілі на гэты рынак”.

Кіраўнік Цэнтру прававой інфармацыі БАЖ Міхаіл Пастухоў не выключае, што ліквідацыя газэты зьвязаная з пачаткам кампаніі выбараў у мясцовыя саветы. Гаворыць Міхаіл Пастухоў:

(Пастухоў: ) “У Беларусі рэгістрацыя новай незалежнай газэты стала такой рэдкасьцю, што ўлады самі спужаліся, што зьявілася гэтая газэта”.

Заснавальнікі “Местного времени” намерваюцца абскардзіць дзеяньні ўладаў у судзе, але кажуць, што незалежна ад ягоных вынікаў, газэта пацерпіць вялікія страты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG