Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“САМ ВІНАВАТЫ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Пра рашэньне амэрыканскага Дзярждэпартамэнту ў справе забароны на ўезд у ЗША Лукашэнку ў Менску сёньня яшчэ ведалі ня ўсе. Аднак сваімі думкамі на гэты конт мае выпадковыя суразмоўцы дзяліліся вельмі ахвотна:

(Дзяўчына: ) “Я не зусім разумею ў палітыцы, але на маю думку, сам наш прэзыдэнт так зрабіў, каб да яго так адносіліся”.

(Кабета: ) “Сам Лукашэнка вінаваты. І нас чакае тое самае, што й Лукашэнку”.

(Спадар: ) “Гэта ў амбасадараў нейкія непаразуменьні. Для нас гэта дрэнна. бо дачыненьні мусяць быць прыстойныя”.

(Іншы спадар: ) “Аляксандар Рыгоравіч Лукашэнка вінаваты, толькі ён. Ён наш народ давёў да такой здрады, што людзі пакутуюць, не атрымліваюць заробкі”.

(Хлопец: ) “Думаю, у нас ня будзе ніякіх інвэстыцыяў. ня толькі са Злучаных Штатаў, але і з усёй Эўропы. Уся Эўропа закрыла нам выезд”.

(Спадар: ) “Вінаваты прэзыдэнт і ўся беларуская грамадзкасьць. З гэтага нічога добрага ня будзе”.

(Студэнтка: ) “Вінаваты Лукашэнка. Ён павёў сябе такім чынам, што іншыя краіны паставіліся да яго дрэнна й ня хочуць бачыць на сваёй тэрыторыі. Гэта дрэнна адаб’ецца на адносінах Беларусі зь іншымі краінамі”.

(Пэнсіянэр: ) “Амэрыку трэба наогул паслаць куды далей. І ўсе сябры. А то прыгоняць яшчэ да нас тэрарыстаў”.

(Жанчына: ) “Для простага абываталя гэта ня вельмі прыемная сытуацыя. Будзем спадзявацца, што канфлікт вырашыцца”.

(Дзяўчына: ) “У гэтым вінаватая палітыка нашай краіны. Бо яна не разумная й не пэрспэктыўная. Калі ўся Эўропа ідзе адным шляхам, то мы чамусьці зьбіраемся ісьці іншым, хаця дзеля гэтага няма ніякіх падставаў. Мне здаецца, што нашае становішча будзе яшчэ горшае”.

(Спадар: ) “Вінаваты, відаць, Лукашэнка. А як адаб’ецца? А гэтых дачыненьняў і не было”.

(Студэнтка: ) “Вінаватая Беларусь і яе прэзыдэнт. Адмоўна адаб’ецца на нашых дачыненьнях”.

(Яе сяброўка: ) “У першую чаргу вінаваты прэзыдэнт, бо ён першы мусіць даглядаць за тым, каб захоўваліся правы чалавека. А правы чалавека тут не захоўваюцца зусім”.

(Іншая: ) “Я лічу, што беларусам будзе вельмі цяжка выехаць у іншыя краіны. І ў гэтых краінах будзе іншае стаўленьне да беларусаў”.

(Хлопец: ) “Хутчэй за ўсё, будзе ахаладжэньне адносінаў, і Беларусь павернецца некуды ў бок Кітаю й Расеі. Думаю, тут віна абодвух бакоў. Беларусь вядзе сваю палітыку, а ЗША ў яе мяшаецца”.

(Пэнсіянэр: ) “Адаб’ецца вельмі кепска. Па-сутнасьці, будуецца сьцяна паміж Беларусьсю й цывілізаванымі краінамі. Палітыка, відаць, у прэзыдэнта такая”.

Такімі былі думкі менчукоў адносна забароны на ўезд у ЗША кіраўнікам Беларусі.

Многія сярод апытаных прызналіся, што ня маюць пэўнага меркаваньня пра рашэньне амэрыканскага Дзярждэпартамэнту.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG