Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАРЫСАЎСКАГА “ЗУБРОЎЦА” ЗВОЛЬНІЛІ З ПРАЦЫ


Любоў Лунёва, Менск

Сяргей Пезкін працаваў майстрам на барысаўскім заводзе агрэгатаў. За год яго шэсьць разоў затрымлівалі падчас вулічных апазыцыйных акцыяў пратэсту. Тры разы паводле судовага рашэньня ён адбываў арышт у спэцпрыёмніку-разьмеркавальніку на вуліцы Акрэсьціна ў Менску. Міліцыянты кожны раз дасылалі паведамленьні пра “парушэньне грамадзкага парадку” ў аддзел кадраў заводу. І адміністрацыя ўрэшце вырашыла пазбавіцца ад палітычна актыўнага супрацоўніка. Гаворыць Сяргей Пезкін:

(Пезкін: ) “Першая сур’ёзная размова адбылася, калі мяне затрымалі 19 красавіка на “Маршы пратэсту”. Тады мяне выклікаў не дырэктар, а начальнік аддзелу кадраў і начальнік цэху. Яны мне паведамілі, што дырэктар жадае мяне звольніць і нават ужо мае неабходную паперу ад прафсаюзу.

Улетку майму сыну не далі аздараўленчую пуцёўку, бо я зьяўляюся сябром Свабоднага прафсаюзу. Я адзін з усяго заводу не атрымаў пуцёўку. Астатнім давалі па дзьве, па чатыры. Казалі, што паколькі я не зьяўляюся членам афіцыйнага дзяржаўнага прафсаюзу, то пуцёўку не атрымаю.

Перадапошняй кропкай стаў наш пікет ля расейскай амбасады 19 жніўня. Нас разам з начальнікам цэху выклікаў дырэктар і папярэдзіў мяне, што, калі я ня скончу сваю апазыцыйную дзейнасьць, то, магчыма, мне прыйдзецца шукаць нейкае іншае месца працы. Калі цяпер прыйшлі даведкі зь міліцыі, што мяне затрымалі за пікет на плошчы Незалежнасьці, адразу выйшаў загад, што мяне трэба звольніць да 20 лістапада ў сувязі са скарачэньнем штату. З усіх майстроў, а ў нас працуе каля сотні чалавек, скарацілі толькі мяне аднаго”.

Раней з гэтага прадпрыемства звольнілі актывістак сацыял-дэмакратычнай партыі “Народная Грамада” Алесю Ясюк і Людмілу Шчарбакову. Адміністрацыя заводу адмовілася камэнтаваць Радыё Свабода сваё рашэньне.

Сябра Сяргея Пезкіна Ігара Закрэўскага таксама затрымлівалі некалькі разоў за апошні год. Ён працуе на барысаўскім заводзе “Гідраўзмацняльнік”. Паводле ініцыятывы адміністрацыі на заводзе пачаўся збор подпісаў пад заявай з патрабаваньнем звольніць Ігара альбо перавесьці на іншае месца працы — нібыта “за недапушчальныя паводзіны ў вольны ад працы час”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG