Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ПАЛЕСКАЙ ГЛУШЫ. ЛЮСІНА


Алесь Горбач, Люсіна

Роўна сто гадоў таму ў глухую палескую вёску Люсіна прыехаў настаўнічаць па заканчэньні сэмінарыі дваццацігадовы Кастусь Міцкевіч, вядомы сёньня ўсім як Якуб Колас. Менавіта продкі сёньняшніх люсінцаў – Рылкі, Жалезныя, Занькі, Круглыя – сталі прататыпамі першай кнігі зь вядомай ўсім трылёгіі “На ростанях”.

Палюбаваўшыся ля станцыі Люсіна велічнымі дубамі, пад якімі, паводле паданьня, сустракаўся Андрэй Лабановіч з паненкай Ядвісяй, я накіраваўся да вёскі.

Іду цэнтральнай вуліцай, якая носіць імя Якуба Коласа. Спрабую завесьці размову зь вяскоўцамі, што сядзяць пры плоце на лаўцы. Адзін з маіх новых знаёмых Мікалай Жалезны адразу ж расчараваў маё захапленьне велічнымі дубамі:

(Жалезны: ) “Дуб тут ягоны захаваўся, дзе ён са сваёй Ядвісяй адпачываў... Гэта ля Яшуковай гары... Але яго перайменавалі, ведаеце, тога дуба: ужо тут закрылі, а адкрылі там каля станцыі, у нас ёсьць возера, называецца ўрочышча Дубаўское. Вось там ёсьць такі дуб, дык яны нібы перанесьлі яго туды, нібы ён там. Але фактычна ён быў там, у бок Малькавіч, цяпер там лес ёсьць і горка, а на той горцы дуб такі ёсьць, стары, кашлаты дуб...”

(Карэспандэнт: ) “Ага, значыць, на станцыі – гэта ня той дуб, іншы?”

(Жалезны: ) “Гэта ўжо псэўдонім! А там фактычна той быў. Ён сапраўды ля Яшуковай гары, і ў кнізе так піша...”

Пазьней мне давялося пачуць вэрсію, паводле якой сапраўдны Яшукоў дуб увогуле даўно ўжо сьпілавалі.

Мой суразмоўца Мікалай Жалезны, як высьветлілася, мае самае непасрэднае дачыненьне да ўшанаваньня памяці пісьменьніка ў Люсіне:

(Жалезны: ) “Я калі працаваў у сельскім савеце старшынём, я хацеў нашу станцыю Люсіна перайменаваць на Цельшына. Але мяне пераводам перавялі на ферму, і я не пасьпеў гэтую справу зрабіць, а мае думкі ніхто не працягнуў...”

(Карэспандэнт: ) “Закінулі?”

(Жалезны: ) “Закінулі. І гэтую назву вуліцы я падаваў – Якуба Коласа. Гэта пры мне, пры маёй бытнасьці, калі я ў сельсавеце быў”.

І яшчэ ў адным засмуцілі мяне мае суразмоўцы: сёньня ўжо ў Люсіне я не знайду нават дзяцей тых, каго вучыў Якуб Колас:

(Жалезны: ) “Так, ужо й дзеці паўміралі...”

(Карэспандэнт: ) “Ну, людзі то памятаюць, нешта расказваюць?”

(Жалезны: ) “Ну, так, завочна гавораць, а фактычна, тых людзей, што разам зь ім былі, ўжо няма”.

Мне параілі зайсьці ў люсінскую школу і наведаць музэй пісьменьніка. Да слова, будынак школы, дзе настаўнічаў будучы клясык беларускай літаратуры, даўно згарэў. На яго месцы цяпер міні-кірмаш. Праўда, да юбілею песьняра гандлёвую кропку зьбіраюцца перанесьці, а тут паставіць памятны знак. А Люсінская школа сёньня – гэта немалы па памерах гмах у тры паверхі. Дырэктар школы Аляксандар Занька вельмі ганарыцца тым, што разам са сваімі калегамі працягвае распачатае калісьці Якубам Коласам.

(Занька: ) “Якуб Колас пакінуў пра сябе добрую памяць у нашых аднавяскоўцаў. Якраз у гэтым годзе спаўняецца сто дваццаць гадоў з дня нараджэньня Якуба Коласа. Але гэта не адзін юбілей. Яшчэ – сто гадоў таму Якуб Колас пачаў працаваць настаўнікам у нашай вёсцы. І яшчэ адзін юбілей – дваццакць гадоў таму у нашай вёсцы быў створаны музэй Якуба Коласа.

Я ахвотна пагадзіўся на прапанову гаспадара наведаць гонар сёньняшняй Люсінскай школы – музэй Якуба Коласа. Менавіта там і адбывалася наша далейшая размова.

(Занька: ) “Пры музэі працуе гурток экскурсаводаў, і вучні сустракаюць шматлікіх гасьцей. Праўда, ў апошні час экскурсій стала меньш. Праблемы эканамічныя, перш за ўсё... Падвоз складаны з-за адсутнасьці сродкаў...

Сярод экспанатаў музэю ёсьць і ліст Якуба Коласа да люсінцаў. А вось наведаць мясьціны свае маладосьці пісьменьніку больш ніколі не давялося.
Дарэчы, многія сёньняшнія люсінцы лічаць, што іхняя вёска раней і сапраўды называлася Цельшына, як завецца яна ў знакамітым коласаўскім творы. Я пацікавіўся ў спадара Занькі, у гонар якой такой Люсі перайменавалі вёску і за якія заслугі. Адказ мяне, прызнацца, крыху збянтэжыў:

(Занька: ) “Цельшына ніколі не было Цельшыным. Гэта ўжо Якуб Колас вёску Люсіна ў сваёй трылёгіі “На ростанях” назваў Цельшыным. Я растлумачу, адкуль пайшла назва Цельшына, ён яе ўзяў не выпадкова. Была такая рэчка Целяшоў Дуб. Вось адсюль ужо, ад назвы Целяшоў Дуб... А так, вёска Люсіна, яна згадваецца ўжо недзе ў 16-м стагодзьдзі. Адна зь першых вёсак раёну, што ўзгадваецца ў дакумэнтах”.

Я ня мог не спытаць у спадара Занькі, як сёньня пачуваюць сябе ў палескай глушы пасьлядоўнікі Андрэя Лабановіча.

(Занька: ) “Я, мусіць, выкажу думку большасьці настаўнікаў: аўтарытэт настаўніка да рэвалюцыі, мусіць, быў вышэйшым. Калі нават згадваць тое, як жыў настаўнік сто гадоў таму: і прыслугу меў, і заробак быў такі, што ён шмат што мог набыць... То сёньняшні настаўнік так сябе пачуваць не можа”.

Памятаеце эпізод з аповесьці “У палескай глушы”, як цельшынцы зблыталі, калі сьвяткаваць дзень Уводзін Прасьвятое Багародзіцы ды праз гэта падзяліліся на два лягеры. Дык вось, як мне ўдалося высьветліць у спадара Занькі, справа была ня толькі ў сялянскай непісьменнасьці:

(Занька: ) “У Люсіне ніколі праваслаўе моцным не было. У суседняй вёсцы Малькавічы – там царква, пабудавалі новую. У Хатынічах – там была раней царква. А ў Люсіне то ніколі не было, і не было такога руху, каб царкву пабудаваць. Нават зараз, ці гадоў дзесяць таму, як пачыналася гэта ўсё аднаўленьне. І пратэстанцкая вера, баптысты, я колькі сябе памятаю, то ў нас іх было заўсёды шмат. А ў апошні час яшчэ павялічылася, многа людзей”.

(Карэспандэнт: ) “Вучні зь сем’яў пратэстанцкіх адрозьніваюцца ад астатніх?”

(Занька: ) “Адрозьніваюцца, і ў асноўным у лепшы бок. І культурай паводзін, і адносінамі да старэйшых, ня кураць, ня п’юць. Ну а там ужо, як гаварыць па школе, па адносінах да вучобы, то тут ужо, як кажуць, як Бог каму даў розум які...”

Падзякаваўшы Аляксандру Заньку за цікавы аповяд і экскурсію па музэі, я накіраваўся да малітоўнага дому пратэстантаў. Ідучы, заўважыў пра сябе, што Люсіна сёньня – гэта ня тая “невялікая вёсачка ў адну вуліцу, што тапілася ў густой, чорнай як дзёгаць гразі, разьмешанай паляшуцкімі лапцямі”, як апісваў яе калісьці Якуб Колас. Сёньня гэта якраз даволі вялікая вёска, што мае больш за тысячу жыхароў. А на ейных вуліцах можна й заблукаць, калі патрапіў сюды ўпершыню.

Насупраць царквы хрысьціян веры евангельскай пяцідзясятнікаў стаіць дом кандыдата на пасаду дыякана Віктара Арэхвы. Спадар Віктар ахвотна распавёў мне пра справы свае парафіі.

(Арэхва: ) “Зьбіраемся кожную нядзелю, сьпяваем, молімся, чытаем Біблію, вывучаем яе. Вось уся наша мэта – вывучэньне бібліі і імкненьне жыць па законах, напісаных у Бібліі”.

(Карэспандэнт: ) “Зь мясцовай уладай якія ў вас стасункі?”

(Арэхва: ) “Канфліктаў у нас няма, жывем нармалёва. Пакуль, дзякуй Богу, нас не чапаюць, ну а нам тым больш няма сэнсу кагосьці чапаць”.

Я спытаўся ў Віктара Арэхвы, ці чуў ён што пра новы закон “Аб веравызнаньнях”, які, на думку многіх, прыцясьняе правы пратэстантаў.

(Арэхва: ) “Я троху пасьвечаны ў гэтыя справы. Я лічу, гэта ўсё–ткі няправільна. Нічога для дзяржавы дрэннага, шкоднага для народу, для грамадзтва наша канфэсія не прыносіць. Людзі наведваюць царкву. Мы іх вучым не рабіць дрэнных справаў, ня красьці, не забіваць, рабіць дабро людзям. Я ня супраць праваслаўя, іншых канфэсій, але людзі, што лічаць сябе праваслаўнымі, гэта ўсё робяць: яны забіваюць, яны крадуць. Мы гэтага ня робім і ня вучым гэтаму іншых. Але што будзе, тое будзе. Ніякія законы, ніякія ганеньні вернага чалавека ня спыняць, бо ён чыста, добрасумленна служыць Богу”.

Пярэчыць неяк новаму закону Віктар ня лічыць патрэбным.

(Арэхва: ) “У палітыку мы ня лезем. Гэта ня нашая справа, палітыка. Нашая справа – адстойваць свае інтарэсы, жыць, як нас вучыць Біблія. Мы можам проста маліцца за наш урад, за дабрабыт нашай дзяржавы, за тое, каб не было ў нашай краіне войнаў, праблемаў”.

А вось адна зь вернікаў царквы баптыстаў-пяцідзясятнікаў Яўгенія Канановіч увогуле нічога ня чула пра новы закон аб веравызнаньнях. Яе больш турбуюць праблемы мясцовага значэньня:

(Канановіч: ) “Ужо каторы год няма ў нас харошага кіраўніцтва. Ня ведаю, чаму. Гэта трэба Ганцавічам вырашаць... Я ж баба старая, не магу гэта сказаць.

(Карэспандэнт: ) “Так закінута тут у вас усё?”

(Канановіч: ) “Няма кіраўнікоў каторы год харошых. І чым далей, усё мяняюць кіраўнікоў, тым горш... У нас вельмі харошыя людзі, працавітыя. Нашым людзям каб мала-мальскі якую капеечку плацілі, дык яны тут хто ведае, што зрабілі б. Але няма. Ходзіш-ходзіш месяц у калгас: пяць тысяч – шэсьць тысяч. І то паўгоду няма. Вось так. А кіраўніцтва кажа: чаму такія людзі, чаму не працуюць. А мы ж дык працуем ад душы...

Бурачкі, вясною я сказала старшыні, чаму нам не адбіваеце палоць, зарасьлі. То ён мне сказаў: у малітоўны дом ідзі камандуй. Кажа: чаму ты са сваёй такой разумнай галавой не сядзіш у міністэрстве. І ўсё мы вінаватыя, во! І ўсё бойся некага... І як гэта так, без кіраўніцтва жыць?!. Дзе тога кіраўніка харошага сюды ўзяць?.. Не ведаю...”

На вялікі жаль, паразмаўляць зь мясцовым кіраўніцтвам у мяне не атрымалася: і старшыня калгасу імя Кірава, і старшыня Люсінскага сельскага выканкаму былі якраз у Ганцавічах на нейкай нарадзе. Ня маючы да таго асаблівага жаданьня, пра дэмаграфічную ды эканамічную сытуацыю ў Люсіне распавяла мне сакратарка сельвыканкаму Лідзія Рылка.

(Рылка: ) “Нараджальнасьць у нас цяпер паменшылася. Гады былі ранейшыя, па сорак дзяцей нараджалася, а цяпер толькі чатырнаццаць. Як ніколі, сёлета ў нас яшчэ мала шлюбаў, зарэгістравала я толькі чатыры шлюбы ад пачатку году. Можа, прычына ў тым, што такое цяжкае становішча. Моладзь нідзе не можа працаўладкавацца. Сьмярцей на сёньняшні дзень зарэгістравана дзевятнаццаць. Усё-такі нараджальнасьць у нас меншая, але ў мінулым годзе і ранейшыя гады нараджальнасьць была вышэйшая за сьмяротнасьць. Цяжка, бо ў калгасе з заробкамі дрэнна. Цяпер больш давалі натуральнай прадукцыяй – зернем ці яшчэ чым. А грошай няма...”

Як стагодзьдзі таму, і цяпер дапамагае палешукам выжыць лес: продаж грыбоў, чарніцаў, журавінаў – гэта асноўны промысел, як сёньня сказалі б – бізнэс, мясцовых жыхароў. Узгадалася, як селянін Сцяпан Рылка скардзіўся Андрэю Лабановічу, што са зьяўленьнем чыгункі тутэйшыя лясы пачалі радзець, выводзіцца звяр’ё. Што б ён казаў цяпер?! Лес, як вядома, сёньня ці не адзіная сталая крыніца папаўненьня дзяржаўнай казны. Самая каштоўная драўніна з тутэйшых ваколіц за апошнія гады вывезена, падбіраюць усё, што яшчэ можа пайсьці на экспарт. Калі я чакаў свайго цягніка на чыгуначным прыпынку імя Якуба Коласа, міма пранёсься даўжэзны таварны эшалон, загружаны драўнінай.

Падумалася: можа, вось так і той сапраўдны Яшукоў дуб, што памятаў Якуба Коласа, сьпілавалі ды прадалі за валюту... А нам пакінулі на станцыі Люсіна падробку, дублікат... Ці, як сказаў бы адзін з герояў майго аповяду Мікалай Жалезны, “псэўдонім”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG