Генэральны пракурор Віктар Шэйман не адмаўляе факт "прэвэнтыўнага затрыманьня камандзіра асобнай брыгады апэратыўнага прызначэньня вайскавой часткі 3214 Паўлічэнкі" 22 лістапада 2000 году. Падпалкоўнік быў затрыманы згодна з пастановай тагачаснага старшыні КГБ Рэспублікі Беларусь Уладзімера Мацкевіча.
Як высьвятляецца з адказу Генэральнага пракурора, старшыня КГБ зыходзіў з падазрэньня на тое, што Паўлічэнка "зьдзейсніў гвалтоўныя дзеяньні адносна грамадзініна Грачова... У сувязі зь незаконнасьцю затрыманьня 23 лістапада 2000 году Паўлічэнка быў вызвалены паводле ўказаньня кіраўніцтва КГБ". Нагадаю, што спадар Грачоў быў супрацоўнікам кантрольна-рэвізійнай управы Міністэрства культуры і займаўся расьсьледаваньнем фінансавых парушэньняў.
Што ж да зьнікненьня Захаранкі, Завадзкага, Ганчара і Красоўскага, дык у асноўным Віктар Шэйман прыводзіць ужо вядомыя факты. Хаця і тут ёсьць цікавыя рэчы. Напрыклад, сьцвярджаецца, што вынікі генатыпаскапічнай экспэртызы на месцы зьнікненьня Ганчара і Красоўскага даюць падставу меркаваць, што плямы крыві з 99,6% верагоднасьцю могуць належаць Ганчару, а вось іхная прыналежнасьць Красоўскаму цалкам выключаецца. Генэральны пракурор таксама піша, што сабраныя доказы, а таксама паказаньні сьведкаў, даюць падставы меркаваць, што Захаранка, Ганчар і Красоўскі былі скрадзеныя невядомымі асобамі.