Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЮЛЕР І ЛЕЛЬЧЫЦКІ КАМБІНАТ БЫТАВОГА АБСЛУГОЎВАНЬНЯ: ХТО КАГО?


Казімер Яноўскі, Гомель

Грамадзянін Нямеччыны з-пад Ляйпцыгу Увэ Мюлер упершыню прыехаў у Лельчыцы 10 гадоў таму з гуманітарнай дапамогаю. Пасьля яшчэ былі прыезды.

У палескім райцэнтры спадар Мюлер і напаткаў нявесту – цырульніцу камбінату бытавога абслугоўваньня Марыну Пержаніцу. Яны пабраліся шлюбам, і вось зусім нядаўна ў беларуска-нямецкай сям’і нарадзіўся сын – Мікіта Мюлер.

Як прадпрымальнік, Мюлер-бацька ня мог глядзець на раённую цырульню, у якой працавала Марына. Зрабіў за свой кошт рамонт. Пазьней наагул вырашыў выкупіць камбінат бытавога абслугоўваньня. З захаваньнем профілю, разьвіцьцём дапаможнай мэблевай вытворчасьці і аўтапаслуг. Падобны бізнэс спадар Мюлер мае ў Нямеччыне.

Аднак нечакана шэраг працаўнікоў камбінату разам з дырэктарам Стахоўскім сталі супраціўляцца выкупу стратнага прадпрыемства. Чаму? Распавядае Ўладзімер Стахоўскі.

(Стахоўскі: ) “Супраціўляліся – не супраціўляліся. Людзі працавалі па 30 і болей гадоў. Яны вось і казалі, няхай можа наш купіць, а не замежнік. Гэта ж людзі, народ”.

Якую пазіцыю займае сам кіраўнік, даведацца так і не ўдалося:

(Стахоўскі: ) “Цяпер настаў такі час, што сам сабе ня верыш. Нічога пэўнага не магу сказаць”.

У сваю чаргу Марына Мюлер, якая па-ранейшаму жыве ў райцэнтры, лічыць, што дырэктар камбінату Стахоўскі, ягоная жонка і галоўны бухгалтэр і настроілі калектыў супраць нямецкага інвэстара.

(Мюлер: ) “Стахоўскія баяцца Мюлераў, таму ў нас і канфлікт”.

У Лельчыцах ужо двойчы арганізоўвалі аўкцыён для продажу камбінату. Аднак, апроч вагончыка, нічога іншага прадаць не ўдалося. Няма каму купляць.

30 лістапада ўправа маёмасьці аблвыканкаму ладзіць аўкцыён трэці раз.

Паводле словаў Марыны, ейны муж зьбіраецца прыехаць зь Нямеччыны і ўзяць удзел у аўкцыёне. Між тым дырэкцыя зараз стала за бясцэнак прадаваць маёмасьць.

Рабочыя ж, разабраўшыся, нарэшце, што сапраўды адбываецца ў камбінаце, распачалі новы тур напісаньня скаргаў. Гэтым разам – у праваахоўчыя органы з просьбаю спыніць разбазарваньне абсталяваньня і тэхнікі камбінату бытавога абслугоўваньня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG