Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ ПАЎТАРЫЛА СПРОБУ ПРАДАЦЬ СВАЮ ДОЛЮ Ў СУМЕСНАЙ БЕЛАРУСКА-РАСЕЙСКАЙ КАМПАНІІ “СЛАЎНАФТА”


Міхал Стэльмак, Менск

Як вядома, прадае “Слаўнафту” Фонд дзяржаўнай маёмасьці Міністэрства эканомікі. Аднак Мінэканомікі вырашыла ня рассакрэчваць сёньняшнія падзеі на аўкцыёне. Прэсавая сакратарка міністэрства Натальля Пацэйка абмежавалася наступнай інфармацыяй:

(Пацэйка: ) “Прадавец мае права прыпыніць гандаль”.

Як вядома, першы дзень аўкцыёну атрымаў скандальны розгалас. У мінулую пятніцу купіць беларускі пакет пажадаў усяго адзін пакупнік. “Слаўнафтабанк” ад імя расейскай кампаніі “Сыбнафта” прапанаваў за яго 210 мільёнаў даляраў. Аднак беларускі бок такі кошт не задаволіў. Паводле расейскіх крыніцаў, ён папрасіў 250 мільёнаў. Ці пойдзе на саступку “Сыбнафта”? Вось як на гэтае пытаньне адказаў сёньня нашаму Радыё прэсавы сакратар кампаніі Аляксей Фірсаў:

(Фірсаў: ) “Гэта пакажа гандаль. Я заўчасна нічога ня буду казаць”.

Такім чынам, спадзяваньні беларускіх уладаў выгадна прадаць беларускую долю “Слаўнафты” пакуль ня спраўджваюцца. Ажыятажнага попыту з боку патэнцыйных пакупнікоў не назіраецца. Як вынікае з тлумачэньня аднаго зь іх – старшыні праўленьня Цюменскай нафтавай кампаніі Віктара Вексельберга – гэта лягічна. У інтэрвію расейскім СМІ ён зазначыў, што ахвотнікаў пераплочваць шмат ня будзе. З той прычыны, што беларускі пакет ня ёсьць кантрольным і таму не ўплывае на лёс усяе “Слаўнафты”.

Сёньня ў другой палове дня дырэктар Фонду дзяржаўнай маёмасьці Генадзь Падгорны быў тэрмінова выкліканы да першага віцэ-прэм’ера ўраду Сяргея Сідорскага. Паводле інфармаваных крыніцаў, урад ня ведае, што рабіць далей з продажам “Слаўнафты” – спыняцца на дасягнутым альбо чакаць новых прапановаў. Прэзыдэнт беларускага саюзу прадпрымальнікаў Аляксандр Патупа так пракамэнтаваў гэтыя падзеі:

(Патупа: ) “Рэч ня толькі ў айчынных формах аўкцыёну. Рэч у тым, што “Слаўнафта” мела палітычны ўплыў. І гэта было вельмі добра для Беларусі. І калі Расеі выставіла на продаж свой вялікі пакет, то ён непараўнальны з нашым маленькім пакетам. Яны маюць розныя кошты. І немагчыма атрымаць за беларускі пакет столькі ж, як за расейскі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG