Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАСТАЎКІ ІМПАРТОВЫХ ЦЫГАРЭТАЎ НА БЕЛАРУСКІ РЫНАК БУДЗЕ КАНТРАЛЯВАЦЬ КІРАЎНІЦТВА СПРАВАМІ ЛУКАШЭНКІ


Ігар Карней, Менск

Ад агульнай колькасьці ў тры мільярды імпартовых цыгарэтаў, што мяркуецца паставіць у наступным годзе, квота кампаніі "Белая Русь" склала палову. Астатнія суб'екты, сярод якіх СП "ТіБ", замежнае прадпрыемства British-American Trading Company і "Белкаапсаюз", разам атрымалі замову на пастаўку 1мільярду 250 мільёнаў цыгарэтаў.

Кіраўніцтва кампаніі "ТіБ", некалі найбольшага пастаўшчыка цыгарэтаў у Беларусь, канстатуе, што ў выніку гэтага перадзелу іх пазыцыі на беларускім рынку аслабелі вельмі адчувальна.

(ТіБ: ) "Удар адчувальны настолькі, што мы з такімі квотамі будзем ня ў стане завозіць больш танныя маркі, а толькі дарагія — Parlament, Marlboro, L&M. Ад такіх найменьняў, як "Саюз-Апалон", "Космас", Bond прыйдзецца адмовіцца. Камэрцыйныя фірмы пацерпяць вельмі істотна, таму калі з чагосьці і радавацца, то хіба з таго, што мы пакуль яшчэ засталіся на гэтым рынку наагул".

Іншыя гульцы на тытунёвым рынку таксама кажуць, што цяперашні падзел сфэраў уплыву цалкам адбываецца пад дыктоўку "Белай Русі". Як распавялі мне ў кампаніі "ТіБ", напярэдадні разьмеркаваньня доляў паставак імпартовых цыгарэтаў, непасрэдна кіраўніца спраў Лукашэнкі Галіна Жураўкова паспрыяла таму, каб пацясьніць кампанію "Дора-Плюс" — прадстаўніка нямецкага тытунёвага канцэрну Reemstma. Бізнэсоўцы ўпэўненыя, што гэта працяг мэтанакіраванай палітыкі, якая распачалася яшчэ летась: тады беларускі бок адмовіўся ад прапановаў амэрыканскага прадстаўніцтва JTI. Спэцыфічнасьць сытуацыі ў тым, што канкурэнтаў не выганяюць з рынку зусім, а прымушаюць працаваць на ўмовах, што высоўвае "Белая Русь". Так, JTI зараз працуе толькі па дамовах зь фірмай "Белая Русь", якая, у сваю чаргу, зрабілася эксклюзіўным дыстрыб'ютэрам шэрагу амэрыканскіх тытунёвых марак на беларускім рынку. Гэткі ж лёс, мяркуюць адмыслоўцы, чакае і прадстаўніцтва нямецкай карпарацыі Reemstma.

А вось прэзыдэнт сталічнага саюзу прадпрымальнікаў Уладзімер Карагін лічыць, што на брудным рынку могуць адбывацца толькі брудныя гульні.

(Карагін: ) "Паколькі я перакананы праціўнік паленьня, то лічу, што такім бізнэсам могуць займацца толькі людзі, якія ня грэбуюць бруднымі грашыма. Нашай дзяржаве, зрэшты, усё роўна, і рынак тытунёвых вырабаў яна паступова манапалізуе. Але выпадковых фірмаў у гэтай галіне няма, усе яны набліжаныя да дзяржавы. Зараз жа — яскравы намер выціснуць усіх і зарабляць грошы брудным спосабам аднаасобна. Заробяць сродкі на тытуні, укладуць у спартовыя збудаваньні. Дзяржава, на мой погляд, наагул выконвае цікавую ролю: адной рукой прапануе гарэлку, тытунь, усё, што шкодзіць здароўю, а другой рукой спрабуе здароўе аднавіць".

Разам з тым, ва ўладных структурах працягваюць гаварыць пра абарону інтарэсаў айчыннага вытворцы. На 1 сьнежня прызначаны ўрачысты пуск абноўленай Гарадзенскай тытунёвай фабрыкі, якая ў пэрспэктыве павінна скласьці канкурэнцыю замежным маркам. Прынамсі, Аляксандар Лукашэнка абяцаў наведаць прадпрыемства і аказаць яму падтрымку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG