Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АФІЦЫЙНЫ МЕНСК РЭЗКА СКРЫТЫКАВАЎ НАТО, АДНАК АБЯЦАЎ НЕ КРЫЎДАВАЦЬ


Юры Сьвірко, Прага

Выступаючы сёньня на пленарным паседжаньні Рады Эўраатлянтычнага партнэрства ў Празе, кіраўнік беларускай дэлегацыі – сталы прадстаўнік у НАТО Сяргей Мартынаў – зрабіў вельмі рэзкую заяву на адрас НАТО, зазначыўшы, што гэтую заяву яму даручыў зрабіць сам Аляксандар Лукашэнка.

“Рашэньне НАТО адмовіць прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь ва ўдзеле ў саміце РЭАП, рашэньне Чэхіі не выдаваць яму візу – гэта недастойны акт. Недастойны не для Беларусі, а для тых, хто прыняў і рэалізаваў гэтае рашэньне", – заявіў амбасадар Мартынаў, і дадаў: “Для тых, хто па-ранейшаму жыве ў рэжыме "халоднай вайны" і ня ў сілах пазбавіцца ейных выродлівых рудымэнтаў, для тых, хто ня мысьліць палітыкі без крывадушша, падвойных стандартаў, адкрытага свавольства і прымітыўнага шантажу".

Сяргей Мартынаў заявіў, што "НАТО не ўваходзіць у лік арганізацый, надзеленых міжнароднай супольнасцю паўнамоцтвамі выносіць вэрдыкты па пытаньнях унутрыпалітычнага разьвіцьця дзяржаваў – тым болей, якія не зьяўляюцца яе сябрамі".

Прынятае НАТО рашэньне, мяркуе афіцыйны Менск, ёсьць "беспрэцэдэнтным крокам", бо ў гісторыі Эўропы няма кіраўніка дзяржавы, якому было адмоўлена ва ўязной візе ў Эўропу, і няма такога міжнароднага дакумэнту, які зрабіў бы прынятае рашэньне "легітымным".

У заяве Сяргей Мартынаў выказаў спадзеў, што "НАТО пераасэнсуе сытуацыю і зойме іншую, адэкватную новым выклікам, сапраўды сур'ёзную, узважаную і адказную пазіцыю".

Але “Беларусь ня пойдзе шляхам крыўды, сварак і падрыву кааліцыі цывілізацыі супраць тэрарызму". Паводле заявы, афіцыйны Менск "прыняў рашэньне працягнуць і нарасьціць свой унёсак у агульную справу кааліцыі", а менавіта правесьці на тэрыторыі Беларусі вучэньні ў справе дзеяньняў супраць радыялягічнай пагрозы – "рэальнай пагрозы з боку тэрарыстаў".

"У нас пасьля Чарнобыля ёсьць сумны і ўнікальны досьвед барацьбы зь ёю, і мы гатовыя ім падзяліцца", - сказаў ён. Яшчэ амбасадар Мартынаў зазначыў, што Беларусь выдзяляе ў актывы СЕАП падразьдзяленьне ратавальнікаў, якое можа быць самастойна разгорнутае ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе для аказаньня тэрміновай дапамогі ў ліквідацыі наступстваў прымяненьня ядзернай, хімічнай і біялягічнай зброі. Паводле слоў дыплямата, для гэтых мэтаў Беларусь прадастаўляе поўнасьцю абсталяваны палігон Міністэрства па надзвычайных сытуацыях у якасьці вучэбнага рэгіянальнага цэнтру праграмы НАТО "Партнэрства дзеля міру" па падрыхтоўцы спэцыялістаў-ратавальнікаў. "Партнэраў і саюзьнікаў страціць лёгка. Іх цяжка набыць. Рэспубліка Беларусь свой выбар зрабіла. Цяпер выбар за вамі", – сказаў Сяргей Мартынаў кіраўніцтву НАТО, завяршаючы свой выступ.
Пазьней карэспандэнт чэскага радыё задаў генэральнаму сакратару НАТО пытаньне, ці ня кінулі цень на саміт падзеі вакол незапрашэньня Аляксандра Лукашэнкі. Вось які адказ даў лорд Робэртсан:

(Робэртсан: ) “Не было ніякага ценю над гэтым самітам. Рашэньне было прынятае Чэскай Рэспублікай у дачыненьні адной асобы, і быў прадказальны адказ амбасадара Беларусі ў НАТО, які агучыў пасланьне свайго прэзыдэнта. Гэта было даволі сярдзітае пасланьне, як вы маглі ўявіць. У ім выказвалася нязгода з тым фактам, што віза не была выдадзеная.

Я сказаў амбасадару, што мы гэта выслухалі, і людзі слухалі з павагай, і ён мусіць паведаміць свайму прэзыдэнту, што пасланьне было дадзенае. Яно таксама было распаўсюджанае, таму мы што мы верым у свабоду слова, у свабоду выказваць супрацьлеглыя погляды, якімі б нязручнымі яны не былі”.

Неўзабаве пасьля гэтага адказу ў Джорджа Робэртсана кінулі пару памідораў сябры расейскай Нацыянал-бальшавіцкай партыі, якія трапілі на прэсавую канфэрэнцыю як акрэдытаваныя журналісты з Расеі. “НАТО горшая за гестапа”, – крычалі два пратэстоўцы ў той час, калі служба бясьпекі выводзіла іх з залі Праскага цэнтру кангрэсаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG