Суботні дыялёг”. 23 лістапада
Акцыя ў абарону незалежнасьці Беларусі, якая прайшла ў мінулую нядзелю ў Менску, выклікала супярэчлівыя адзнакі. Між тым, гэта была апошняя акцыя пратэсту ў гэтым годзе, і можна падвесьці пэўныя вынікі. Слухайце заўтра “Суботні дыялёг” Ірыны Халіп з “вэтэранам вулічнай дэмакратыі”, актывістам БНФ Вячаславам Сіўчыкам.
“Вострая брама”. 24 лістапада
Беларуса ў шырокім сьвеце можна пазнаць з акцэнту, прозьвішча, выразу твару альбо манэраў і паводзінаў. Яшчэ больш выразна гэта відаць у выяўленчым мастацтве. Мастак можа ўвесь свой век жыць на другім канцы сьвету, вучыцца рамяству ў далёкіх унівэрсытэтах, гаварыць на іншых мовах, але калі ён беларус, гэта абавязкова відаць у ягоных творах. Пра тое, якім чынам генэтычная беларушчына выяўляецца ў творчасьці нашых мастакоў у новай перадачы "Вострая Брама" гаворыць мастачка з Канады Івонка Сурвілла.
“Вольная студыя”. 24 лістапада
Паэт паўсюдна шукае красу, бо ж і са сьмецьця, як вядома, “растуць вершы, ня ведаючы сораму”. Ці ня ўсім аматарам беларускай паэзіі знаёмы радок “у вашым голасе квітнеюць астры”, але, напэўна, ня ўсе ведаюць, што ягонага беспрацоўнага аўтара ў адным зь менскіх цэнтраў занятасьці насельніцтва накіравалі вартаўніком у сталічны Батанічны сад. Так бы мовіць, бліжэй да натуры... Госьць Міхася Скоблы ў нядзельнай “Вольнай студыі” — паэт Леанід Дранько-Майсюк.
“Праскі акцэнт”. 24 лістапада
Апошнім часам дэмакратычны сьвет выявіў здольнасьць зьнішчаць дыктатуры спосабам, які лічыўся прывілеем дыктатураў – сілай. Менавіта такім чынам быў адхілены Мілошавіч у 1999-м годзе, разьбітыя талібы летась у Афганістане. На чарзе – Садам Хусэйн.
Адмова ў візе для Лукашэнкі ў Чэхію і краіны Эўразьвязу – ці ня гэта ёсьць пацьверджаньнем таго, што Захад абраў сілавую тактыку датычна і Беларусі? Як паўплываюць вынікі саміту НАТО ў Празе на беларускую сытуацыю?
Гэтыя і іншыя тэмы ў “Праскім акцэнце” абмяркоўваюць: зь Лёндану – Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла, з Астраўца Гарадзенскай вобласьці – Старшыня БСДП “Народная Грамада” Мікола Статкевіч, з Прагі – дырэктар беларускай службы радыё “Свабода” Аляксандар Лукашук. Перадачу вядзе Сяргей Навумчык.
“Беларускі Інтэрнэт”. 24 лістапада
Тэмы чарговай перадачы:
Як саміт НАТО ў Празе асьвятляўся ў Сеціве – аповед пра адмыслова створаны сайт; Усясьветны банк выкарыстоўвае Інтэрнэт для аналізу інфармацыйнай гатовасьці беларусаў; прыхільнікі і крытыкі Купалаўскага тэатру маюць магчымасьць кантактаваць з акторамі у віртуальнай прасторы ды іншае.
Перадачу вядзе Вольга Караткевіч.
Тэксты гэтых ды іншых перадач чытайце на сайце на наступным тыдні.