Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР КВАСЬНЕЎСКІ: ПОЛЬШЧА САЛІДАРНАЯ З ЭЎРАЗЬВЯЗАМ У АЦЭНЦЫ ЛУКАШЭНКІ І ЯГОНАЙ ПАЛІТЫКІ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Паводле польскага прэзыдэнта, перадусім дыялёг неабходны ў справе вырашэньня штодзённых праблемаў, зьязаных з аховай мяжы, барацьбой са злачыннасьцю, гандлем наркотыкамі і зброяй, а таксама пытаньнямі транзыту, мытных пошлінаў і дзейнасьці польскай нацыянальнай меншасьці ў Беларусі.

“Для нас рашэньне Эўразьвязу – гэта праблема выключна тэарэтычная. Лукашэнка ня быў у Польшчы шмат гадоў, і мы ня маем аніяках плянаў спатканьня. Нашае меркаваньне што да дзейнасьці Лукашэнкі вядомае і адназначнае”, – сказаў Аляксандар Квасьнеўскі.

Кіраўнік Польшчы адзначыў, што ягоная краіна як сусед Беларусі мусіць мець іншыя паўнамоцтвы да супрацоўніцтва зь Менскам, чымся Эўразьвяз.

“Мы будзем прасіць, каб нас зразумелі, што Польшча ня можа паводзіць сябе дакладна так, як іншыя краіны Эўразьвязу, бо маем зашмат штодзённых справў, якія патрабуюць супрацоўніцтва таксама і ў інтарэсах усёй Эўропы. Аднак гэта не зьмяняе нашай салідарнасьці з Эўрапейскім Зьвязам, што да ацэнкі Лукашэнкі і ягонай палітыкі”, – падкрэсьліў прэзыдэнт Польшчы.

Кіраўнік дэпартамэнту інфармацыі польскага міністэрства замежных справаў Багуслаў Маеўскі сказаў, што Польшча ўжо даўно ў стасунках з Беларусьсю прытрымліваецца прынцыпаў, якія напярэдадні абвесьцілі краіны Эўразьвязу і таму кантакты польскага боку зь беларускімі афіцыйнымі асобамі высокага ўзроўню ў найбліжэйшы час немагчымыя.

(Маеўскі: ) “Польшча ў практыцы рэалізуе тыя пастановы, якія цяпер тэарэтычна пагадзіліся выкарыстоўваць у стасунку да Лукашэнкі краіны Эўрапэйскага Зьвязу. Мы цалкам падзяляем стаўленьне нашых эўрапейскіх партнэраў у справе ацэнкі узроўню дэмакратыі ў Беларусі. Падзяляючы гэтае стаўленьне, мы, аднак, мяркуем, што з прычынаў практычных, польскі бок на пэўным узроўні мусіць утрымліваць кантакты зь Беларусьсю. У сувязі з гэтым, мы будзем больш дэталёва вывучаць пазыцыю Эўразьвязу ў справе забароны ўезду беларускім афіцыйным асобам, хаця, паўтаруся, у практыцы Польшча выкарыстоўвае гэткія правілы ўжо даўно”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Маеўскі, ці можна сказаць, што калі Лукашэнка ці іншыя асобы з тых, што трапілі ў эўразьвязаўскі сьпіс, захочуць уехаць у Польшчу, то гэта будзе немагчымым?”

(Маеўскі: ) “Практыка паказвае, што магчымасьцяў абмену візытамі на такім узроўні паміж Польшчай і Беларусьсю на цяперашні момант практычна няма. Таму мы лічым, што гэтая праблема ў найбліжэйшы час ніяк ня будзе нас тычыцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG