Міністэрства юстыцыі лічыць, што зьезд партыі жанчын “Надзея”, які абраў на старшыню спадарыню Матусэвіч, прайшоў у адпаведнасьці з заканадаўствам. Дзеля таго, каб прыняць такое рашэньне, управе рэгістрацыі грамадзкіх арганізацыяў Мінюсту спатрэбілася каля трох месяцаў.
Паведамленьне пра гэтае рашэньне адасланае і Валянціне Матусэвіч, і Валянціне Палевіковай. Даваць нейкія камэнтары ў гэтай справе кіраўнік управы рэгістрацыі Міністэрства юстыцыі Міхаіл Сухінін адмовіўся.
Валянціна Матусэвіч задаволеная рашэньнем уладаў:
(Матусэвіч: ) “Задаволеная, але была б задаволеная яшчэ больш, калі б рашэньне было раней. Таму што цяпер мы ў цяжкіх умовах, зьвязаных з выбарамі, мы нічога не пасьпяваем. Іншыя партыі пасьпелі шмат чаго зрабіць, а мы не. Але задаволеная, таму, што жанчыны, што ўваходзяць у гэтую партыю, выказвалі намер сабрацца, калі б нас не прызнаў Мінюст, і арганізаваць устаноўчы зьезд. Таму што ёсьць у гэтых жанчын жаданьне працаваць”.
Паводле Матусэвіч, партыя “Надзея” застаецца апазыцыйнай левацэнтрысцкай сілай, сябром Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў. Валянціна Матусэвіч зьвярнулася да Валянціны Палевіковай з просьбай перадаць ёй партыйныя пячатку і архіў.
Аднак спадарыня Палевікова рабіць гэтага не зьбіраецца й лічыць рашэньне Міністэрства юстыцыі незаконным. Гаворыць Валянціна Палевікова:
(Палевікова: ) “Гэта брудная справа, якую рбіць Міністэрства юстыцыі. Пэўна ж мы будзем пратэставаць. Робіцца тое ж, што зрабілі з Аб’яднанай сацыял-дэмакратычнай партыяй. У нашай краіне ўсё можна. Можна скрасьці партыю, можна пасадзіць чалавека і грэбаваць ягонымі правамі. У нашай краіне ўсё магчыма”.
(Карэспандэнт: ) “Вы не прызнаяце гэтае рашэньне Мінюсту?”
(Палевікова: ) “Пэўна ж не прызнаю. Гэта быў не сапраўдны зьезд, бо сабралася група людзей, якія фактычна ніякіх адносінаў да партыі ня маюць. І гэтая група зрабіла ўсё, што ім было загадана”.
Партыя “Надзея” Валянціны Палевіковай зьбіраецца абскарджваць рашэньне Міністэрства юстыцыі ў судзе.