Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭЛЕФОННАЯ РАЗМОВА ЛУКАШЭНКІ І ПУЦІНА: ЯКІМ БУДЗЕ ПРАЦЯГ ІНТЭГРАЦЫІ?


Валер Карбалевіч, Менск

Удзельнікі: галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты “Белорусские новости” Аляксандар Класкоўскі і аглядальнік маскоўскага бюро Радыё Свабода Міхаіл Сакалоў

(Валер Карбалевіч: ) “Беларуска-расейскія адносіны апошні час уступілі ў кульмінацыю крызысу. Факты, якія сьведчаць аб гэтым, можна пералічваць доўга. Гэта і скандал, зьвязаны з пастаўкамі расейскага газу ў Беларусь, і фактычнае аб’яўленьне Лукашэнкам у адказ эканамічнай вайны супраць Расеі. Гэта і больш жорсткая палітыка эканамічных структураў Расеі ў адносінах да пастаўкі ў Беларусь энэрганосьбітаў. Гэта і рэзкая крытыка Лукашэнкам зьнешняй палітыкі Расеі ў адносінах да “калініградзкага пытаньня”, прэтэнзіі да Масквы, якая не абараніла Беларусь ад тых дзеяньняў Чэхіі і НАТО, якія не дазволілі беларускаму кіраўніку паехаць на саміт НАТО.

І вось пасьля шэрагу гучных скандалаў кіраўнікі дзьвюх краін у тэлефоннай размове дамовіліся аб сустрэчы 27 лістапада. Праўда, узьніклі рознагалосьсі наконт таго, хто каму тэлефанаваў. Калі верыць беларускім афіцыйным крыніцам, то патэлефанаваў Пуцін. А вось “Газета.ру” паведамляе, што патэлефанаваў Лукашэнка. Што азначае гэтая тэлефонная размова? Чым яна выкліканая?”

(Аляксандар Класкоўскі: ) “Сапраўды цікава, хто каму насамрэч тэлефанаваў. Але ў любым выпадку, фактам зьяўляецца тое, што другі бок адгукнуўся. І гэта ўжо сымптаматычна. Гэта азначае, што ў абодвух бакоў ёсьць пэўная цікавасьць да такой сустрэчы менавіта зараз.

Што тычыцца Лукашэнкі, то тут усё зразумела. Ён зараз церпіць паразу па ўсіх зьнешнепалітычных азымутах. Яго не пусьцілі ў Прагу на саміт НАТО. 14 з 15 краінаў Эўразьвязу прынялі рашэньне не дазваляць уезд на сваю тэрыторыю высокіх дзяржаўных асобаў Беларусі. І таму нават сымбалічны жэст Крамля, якім быў сам факт тэлефонных перамоваў, вельмі патрэбны Лукашэнку як знак падтрымкі.

А якая цікавасьць у Пуціна да кантактаў з Лукашэнкам зараз? Здаецца, ён хоча крыху прыцішыць тыя скандалы, якія адбываліся апошнім часам у стасунках паміж дзьвюма саюзьнікамі. Крэмль хоча зараз заткнуць гэты фантан палемічнага красамоўства. Таму што лякальныя мэты таго ўроку, які правёў Пуцін у адносінах да Лукашэнкі, дасягнутыя. Беларусь часткова сплаціла свае пазыкі за газ. Зрушылася зь месца пытаньне аб акцыянаваньні “Белтрансгазу”. На сёньня гэтага хопіць. Зараз Масква можа зрабіць рытуальны жэст прымірэньня, каб прыцішыць гэтую палеміку”.

(Міхаіл Сакалоў: ) “Я таксама думаю, што тут ёсьць жаданьне Крамля сабраць нейкі палітычны ўраджай з апошніх падзеяў. На мінулым тыдні я быў на слуханнях у Дзяржаўнай думе па праблеме беларуска-расейскай інтэграцыі, якія арганізаваў Саюз правых сіл. І цікава было паглядзець на склад удзельнікаў.

Было прыкметна, што гэтыя слуханьні праводзяцца са згоды крамлёўскай адміністрацыі, таму што ў іх удзельнічалі ня толькі прадстаўнікі дэмакратычных сілаў, але і афіцыйныя асобы, накшталт намесьніка старшыні праўленьня кампаніі “Газпрам” Разанава, які заняў вельмі жорсткую пазыцыю ў адносінах да беларускага кіраўніцтва і нават пагражаў пабудаваць новы газапровад у абход Беларусі па дну Балтыйскага мора. То бок, слуханьні былі сродкам ціску на Лукашэнку.

Апошнія падзеі вакол Беларусі як на Захадзе, так і на Ўсходзе сьведчаць аб яшчэ большай ізаляцыі беларускага рэжыму. І зараз крамлёўскія стратэгі вырашылі, што прыйшоў час дасягненьня кампрамісу ў беларуска-расейскіх стасунках. З гледзішча фінансавага Масква ня так много атрымала ад Менску. Запазыкі за газ Беларусь плаціць у значнай ступені за кошт расейскага тэхнічнага крэдыту.

Зараз крамлёўская адміністрацыя найбольш зацікаўленая ў адстойваньні эканамічных інтарэсаў Расеі ў Беларусі. Магчыма, на парадак дня зноў выйдзе сьпіс беларускіх прамысловых прадпрыемстваў, у прыватызацыі якіх хацелі б удзельнічаць расейскія кампаніі. Кіраўнік расейскай кампаніі “Сургутнафтагаз” спадар Багданаў, які днямі наведаў Менск, мог выступіць у нейкай ступені, умоўна кажучы, разьведчыкам на беларускім полі. А размова Лукашэнкі і Пуціна адбылася пасьля гэтага”.

(Карбалевіч: ) “Я хацеў бы дадаць яшчэ адзін штрых. Сёньня ў Палаце прадстаўнікоў Беларусі разглядаецца пытаньне аб акцыянаваньні кампаніі “Белтрансгаз”. Гэта адбываецца, відавочна, пад ціскам Масквы.

Маё наступнае пытаньне. Жаданьне ехаць у Прагу на саміт НАТО Лукашэнка выказаў адразу пасьля таго, як “Газпрам” скараціў пастаўкі газу. І заходнія краіны маглі б разыграць “беларускую карту”, працягнуць руку насустрач Лукашэнку, каб адарваць Беларусь ад Масквы. Аднак адбылося адваротнае. Чэхія адмовіла ў візе для Лукашэнкі, 14 з 15 краін Эўразьвязу прынялі рашэньне аб забароне ўезду на іх тэрыторыю шэрагу кіроўных асобаў Беларусі. Чаму Захад ня стаў разыгрываць “беларускую карту” ў піку Маскве?”

(Класкоўскі: ) “Па-першае, трэба адзначыць, што беларуская дыпляматыя дзейнічала на заходнім кірунку настолькі тапорна, што было б дзіўна, калі б Прага дала Лукашэнку візу.

Па вялікім рахунку, Захад спадзяецца, што ягонае партнэрства з Расеяй стратэгічнае, доўгатэрміновае, і ён яго высока цэніць. Зь іншага боку, на Захадзе выдатна разумеюць, што Лукашэнка не перавыхаваўся. Я думаю, што тут яны маюць рацыю.

Жаданьне ехаць у Прагу — гэта сытуацыйная рэакцыя на крыўду з боку Расеі. Такое ўжо было гады тры таму, калі Лукашэнка чарговы раз пакрыўдзіўся на Маскву і пагражаў, што пойдзе на Захад. Цяпер гэта ўсё паўтараецца ў выглядзе фарсу.

Калі абапірацца на выступ амэрыканскага сэнатара МакКейна на нядаўняй канфэрэнцыі па Беларусі, то на Захадзе лунае ідэя супольнага ціску на Беларусь — і Захаду і Расеі, каб падштурхнуць яе да дэмакратычных рэформаў. І ёсьць падставы меркаваць, што такія намаганьні магчымыя”.

(Сакалоў: ) “Я думаю, што “беларуская карта” не разыгрываецца папросту з-за бескарыснасьці яе розыгрышу. Апошнія годы Захад неаднаразова спрабаваў цывілізаваць рэжым Лукашэнкі. Былі спробы падштурхнуць Менск да хоць якіх-небудзь рэформаў. Усё гэта закончылася безвынікова. Місія АБСЭ пакінула Менск. І розыгрыш “беларускай карты” зараз не патрэбны Захаду.

Масква зараз зьяўляецца саюзьнікам Эўропы і Злучаных Штатаў у барацьбе з тэрарызмам. Саюзьнік, які мае значныя праблемы ў разьвіцьці дэмакратыі і іншыя праблемы, але, тым ня менш, ён спрабуе захоўваць прыстойнасьць, выконвае пэўныя дэмакратычныя працэдуры. І выбіраючы паміж адыёзным рэжымам Лукашэнкі і рэжымам Пуціна, да якога ёсьць прэтэнзіі, але які прыслухоўваецца да крытыкі, які спрабуе захаваць не азіяцкі, а эўрапейскі твар, натуральна, Захад выбірае Маскву.

Больш за тое, я падазраю, што адбыліся якіясьці кансультацыі паміж Масквою і Эўрапейскім Зьвязам па пытаньні таго пакараньня Лукашэнкі, якое зараз робіць Эўропа.

Вельмі сымптаматычна тое, што сёньня Дзяржаўная дума адмовілася прыняць зварот да чэскіх уладаў, які ініцыявала фракцыя ЛДПР, у сувязі з адказам у візе Лукашэнку. У яго падтрымку прагаласавалі толькі 148 дэпутатаў. Гэта значыць, што цэнтрысцкая большасьць, якая дзейнічае па ўказцы Крамля, ня стала падтрымліваць жырыноўцаў і камуністаў у антызаходнім дэмаршы. Гэта значыць, што расейскае кіраўніцтва ня супраць таго, каб адносіны паміж Беларусьсю і Захадам знаходзіліся ў абвостраным стане”.

(Карбалевіч: ) “Але я хацеў бы адзначыць, што Дзяржаўная дума ня выступіла і ў абарону Нямцова, якога дэпартавалі зь Беларусі”.

(Сакалоў: ) “Гэта і ёсьць цэнтрызм, то бок, адсячэньне некаторых скрайнасьцяў. Мне здаецца, Нямцоў адыгрыввае пэўную ролю ў задуманай Крамлём гульні па выхаваньні Лукашэнкі. Ён заняў пазыцыю чалавека, які атакуе беларускі рэжым, падтрымлівае кантакты зь беларускай апазыцыяй. На гэтым фоне іншыя расейскія палітыкі будуць выглядаць памяркоўнымі, і зь імі Менск больш ахвотна будзе весьці дыялёг”.

(Карбалевіч: ) “Афіцыйна аб’яўлена, што Лукашэнка і Пуцін дамовіліся аб сустрэчы, якая, магчыма, адбудзецца 27 лістапада. Відавочна, што зараз Лукашэнка знаходзіцца ў цяжкім становішчы. Ён абкладзены з усіх бакоў і загнаны ў кут. На Захадзе ў яго няма пэрспэктываў. Ці паспрабуе Пуцін скарыстацца гэтай слабасьцю Лукашэнкі і з пазіцыі сілы заставіць яго пайсьці на тыя саступкі, на якія ён не хацеў ісьці раней? Чаго можна чакаць ад заплянаванай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна?”

(Класкоўскі: ) “Перш за усё, я думаю, што публічных ультыматумаў, якія гучалі з вуснаў Пуціна летам, зараз ня будзе. Тон сустрэчы будзе спакойным. Але і нейкіх царскіх падарункаў ня будзе. Таму што сам факт сустрэчы ўжо ёсьць падарункам для Лукашэнкі. І за гэты падарунак можна патрабаваць і пэўных саступак. І перш за ўсё, я думаю, яны будуць тычыцца эканамічных інтарэсаў Масквы”.

(Сакалоў: ) “Я згодны ў многім са сваім калегам і не чакаю сюрпрызаў ад плянаванай сустрэчы ў сэнсе аддзяленьня мух ад катлет, як гэта было падчас адной зь мінулых сустрэчаў. Хутчэй за ўсё асноўны зьмест перамоваў ня будзе выносіцца на публіку. Падаецца, што канфлікт будзе зьмікшаваны Крамлём найперш з прычыны электаральных інтарэсаў. Ідэі інтэграцыі, аб’яднаньня, нават паглынаньня Беларусі жывуць сярод расейскага электарату.

Я б не пераацэньваў уплыў самога Лукашэнкі на расейскіх выбарцаў, тым больш, што яго выказваньняў большасць расейцаў ня чула.

Хацеў бы зазначыць, што абвастрэньне паміж Менскам і Масквой не вітаюць ня толькі левыя, але і цэнтрысцкія палітычныя сілы. Такім чынам, я думаю, што падчас гэтай сустрэчы публіцы будзе зноў прадэманстраваная дружба і працяг інтэграцыйных працэсаў. Фонам беларуска-расейскіх адносінаў будуць перамовы, абмеркаваньне Канстытуцыйнага акту, інтэграцыйная актыўнасьць такіях палітыкаў, як, напрыклад Селязьнёў, Барадзін.

Але рэальнай глебай стасункаў будзе эканоміка, прэтэнзіі расейскіх алігархаў на беларускія прадпрыемствы. Я думаю тут ёсьць многа тэмаў для абмеркаваньня. Пасьля ўдараў па Лукашэнку і з Захаду і з Усходу ён вымушаны будзе пайсьці на пэўныя саступкі. Мяркую, што для беларускага лідэра лягчэй здаць эканамічныя аб’екты, чым свае палітычныя погляды сталінісцкага кшталту”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG