Лінкі ўнівэрсальнага доступу

САМІТ НАТО ЗАВАБІЎ У ПРАГУ АНТЫГЛЯБАЛІСТАЎ З УСЯГО СЬВЕТУ


Натальля Судлянкова, Прага

Сёньня анархісты ладзілі дэманстрацыі адразу ў некалькіх месцах Прагі. Я пабывала на маршы пратэсту на Вацлаўскай плошчы.

Гэта было даволі цікава. Бадай, дзьве сотні маладых людзей выставілі наперад ланцуг з гіганцкім плякатам: “НАТО – гэта вайна. Вайна – гэта ахвяры. Ахвяры – гэта сьмерць. І ўсё дзеля прыбыткаў. НАТО – прэч з Эўропы!” Адразу за плякатам тры хлопцы цягнулі тры чучалы: адно зь іх было камунізмам, другое – капіталізмам, а трэцяе – НАТО.

Нягледзячы на забарону Міністэрства ўнутраных справаў Чэхіі насіць маскі ў часе дэманстрацыяў, шмат хто з удзельнікаў акцыі закрыў твар. Паліцыя спыніла натоўп. Адзін з маладых людзей пайшоў зь імі дамаўляцца.

(Карэспандэнтка: ) “Што тут адбываецца?”

(Хлопец: ) “Паліцыя не дае нам прайсьці. Гэта законная дэманстрацыя, і я не разумею, у чым праблема. Яны могуць спыніць машыны, нічога мы гэтым машынам ня зробім”.

(Карэспандэнтка: ) “А вы адкуль?”

(Хлопец: ) “Я з Усходняй Эўропы. Выбачайце, я не магу зараз гаварыць!”

(Карэспандэнтка: ) “А зь якой арганізацыі? Вы анархіст?”

(Хлопец: ) “Так, я анархіст”.

Сярод удзельнікаў былі людзі з самых розных краінаў сьвету. Так, я пазнаёмілася з грамадзянкамі Ірляндыі, Злучаных Штатаў, Новай Зэляндыі і некаторых усходнеэўрапейскіх краінаў. Мяне зацікавіла, чаму яны прыехалі ў Прагу. Яны даволі ахвотна патлумачылі, што выступаюць амэрыканскага імпэрыялізму, таму што лічаць яго пагрозай для ўсяго сьвету. Яны вандруюць па сьвеце, жывуць ў розных краінах, зьбіраюцца на пратэстныя акцыі.

Адным з удзельнікаў, які нёс вялікі плякат “НАТО – прэч з Прагі!” быў чэскі грамадзянін. Я запыталася ў яго, чаму ён удзельнічае ў гэтай акцыі. Ён мне адказаў, што ён супраць НАТО, таму што лічыць НАТО арганізацыяй, якая нападае на слабейшых. Ён сказаў, што стаў выступаць супраць альянсу пасьля вайны ў Югаславіі. Хлопец сам наведаў Югаславію пасьля бамбаваньня самалётамі хаўрусьнікаў. Ён сказаў, што вайна вялася ня супраць Мілошавіча, а супраць югаслаўскага народу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG