Паводле маладэчанскай міліцыі, маці і сяброўка Міхаіла Каламійца павезьлі ягонае цела з Маладэчна ў Кіеў. Напярэдадні была праведзеная паўторная экспэртыза цела Каламійца, якая пацьвердзіла ранейшую выснову пра тое, што дырэктар агенцыі “Ўкраінскія навіны” засіліўся. Пакуль блізкія Каламійца не аспрэчваюць гэтую вэрсію.
У прыватнасьці, блізкая сяброўка Міхаіла Каламійца Любоў Рубан пацьвярджае, што празь некалькі дзён пасьля зьнікненьня з Кіева Каламіец тэлефанаваў ёй па мабільным тэлефоне і казаў, што “яму няма сэнсу жыць”. Паводле зьвестак, менавіта гэтая размова была зафіксаваная ўкраінскім крымінальным вышукам, які ўжо меў заяву калегаў Міхаіла Каламійца аб ягоным зьнікненьні. Тады ўкраінскія сьледчыя даведаліся, што журналіст тэлефанаваў зь Беларусі.
Склаўшы сэнс той размовы і вынікі экспэртызаў цела Каламійца, якія праведзеныя ў Маладэчна, украінскія сьледчыя цяпер цьвердзяць, што самагубства ёсьць асноўнай вэрсіяй сьмерці вядомага журналіста. Між тым, калегі па агенцыі “Ўкраінскія навіны” з гэтым ня згодныя. Яны правялі ў Кіеве адмысловую прэсавую канфэрэнцыю, на якой выклалі сваё стаўленьне да вэрсіяў сьмерці Каламійца і запатрабавалі працягнуць сьледчыя дзеяньні.
У прыватнасьці, была запатрабаваная новая экспэртыза цела Каламійца ўжо ўкраінскімі экспэртамі ды незалежнае расьсьледаваньне крымінальнай справы аб сьмерці Каламійца. Пра пазыцыю журналістаў агенцыі “Ўкраінскія навіны” распавяла Радыё Свабода адна з супрацоўніц агенцыі:
(Журналістка: ) “Акцыянэр і журналісты “Ўкраінскіх навінаў” не падзяляюць меркаваньня міліцыі, што вэрсія аб самагубстве Міхаіла Каламійца ёсьць асноўнай. Мы ня можам дазволіць, каб гэтая вэрсія дамінавала”.
Журналістка працытавала выступ акцыянэра агенцыі Ўладзімера Граноўскага, які выказвае зьдзіўленьне тым фактам, што міліцыя не апытвае блізкіх сяброў Каламійца пра магчымыя прычыны ягонай сьмерці. Паводле маёй суразмоўцы, Уладзімер Граноўскі быў адным з апошніх, хто сустракаўся з Каламійцам напярэдадні ягонага зьнікненьня. Быццам ніякіх прыкметаў нэрвовых паводзінаў Каламійца ён не заўважыў. Увогуле ў Каламійца не было падставаў скардзіцца на няўдалае асабістае жыцьцё, лічыць акцыянэр.
Уладзімер Граноўскі цалкам абвяргае і вэрсію пра тое, што Каламіец мог заблытацца ў фінансавых справах і з гэтай прычыны зьвёў рахункі з жыцьцём. У выніку акцыянэр і журналісты заклікалі ўкраінскую міліцыю не заплюшчваць вочы на шматлікія белыя плямы ў гэтай справе і працягнуць расьсьледаваньне, — паведаміла журналістка з агенцыі “Ўкраінскія навіны”.
Тым часам некаторыя ўкраінскія і расейскія мэдыі ўжо распаўсюдзілі вэрсію пра тое, што Каламіец мог стаць ахвярай помсты з боку мужа ягонай сяброўкі. Паводле гэтай вэрсіі, пачуцьці пакрыўджанага мужчыны маглі выкарыстаць тыя, хто быў не задаволены дзейнасьцю Каламійца як журналіста, які спрыяў інфармаваньню грамадзкасьці пра карупцыю ў найвышэйшай уладзе краіны. Калегі Каламійца з агенцыі “Ўкраінскія навіны” заклікаюць сьледчых праверыць і гэтую вэрсію.