Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІЯ “КАНТРАЛЁРЫ” АКТЫЎНА ВЫЯЎЛЯЮЦЬ ХАБАРНІКАЎ У ДЗЯРЖАВЕ


Ганна Соусь, Менск

Апошні гучны выпадак — затрыманьне чыноўніка Камітэту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю пры атрыманьні 500 даляраў ад прадстаўнікоў камэрцыйнай фірмы, у якой ён ладзіў фінансавую праверку.

Сярод тых, хто апошнім часам быў злоўлены на хабары, самыя розныя асобы — галоўны лекар Цэнтру гігіены й эпідэміялёгіі Цэнтральнага раёну Менску, сябар прыёмнай камісіі аднаго зь берасьцейскіх ВНУ, дырэктарка менскай гімназіі, лекар магілёўскага скурна-вэнэралягічнага дыспансэра, інспэктар берасьцейскай мытні ды іншыя.

Хабарніцтва актуальнае і ў найвышэйшых эшалёнах улады, пра што сьведчыць рэпліка Аляксандра Лукашэнкі ў часе адной з нарадаў. Зьвяртаючыся да генэральнага пракурора Віктара Шэймана, ён запытаў: “Латыпаў і Тозік хабар бяруць?”, на што Шэйман адказаў: “Тозік не бярэ”.

Ці сапраўды хабарніцтва становіцца ў Беларусі ўсё больш распаўсюджанай зьявай, альбо гэта кантрольныя органы сталі больш пільна працаваць? З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да намесьніка начальніка ўправы барацьбы з эканамічнай злачыннасьцю Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Мікалая Самарына.

(Самарын: ) “Калі б мы ведалі, колькі ў нас у дзяржаве хабарнікаў, то нам бы было лягчэй працаваць. Прынятыя больш эфэктыўныя законы “Аб апэратыўна-вышуковай дзейнасьці”, якія дазваляюць нам ладзіць апэратыўныя экспэрымэнты й гэтак далей. Проста нам стала лягчэй працаваць.

За савецкім часам была такая навука крыміналёгія, дык там сьцьвярджалася, што сацыялізм ня можа нараджаць злачыннасьць. А я заўсёды быў супраць гэтай тэзы і лічыў, што ўсялякія новыя эканамічныя дачыненьні павялічваюць склад злачынстваў. Прыкладам, чым больш ліцэнзіяў, тым больш службовых асобаў. Кожная ліцэнзія патрабуе адпаведных дакумэнтаў, а каб іх атрымаць, трэба альбо ў чарзе пастаяць, альбо на прыём трапіць. Асабліва тыя дачыненьні, які рэгулююцца “даваць альбо не даваць”, вядуць да таго, што трэба абыходзіць гэтае пастанаўленьне і даваць”.

Паводле Мікалая Самарына, апроч ягонай установы права выяўляць хабарнікаў надалі цяпер многім — КГБ, пракуратуры, Камітэту дзяржкантролю, міліцыі, мытні, памежным войскам ды іншым.

Беларуская мадэль і хабарніцтва вельмі шчыльна зьвязаныя паміж сабой — гэтак мяркуе прэзыдэнт Цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

(Раманчук: ) “Надоечы былі апублікаваныя вынікі аднаго дасьледаваньня, дзе амаль 80% рэспандэнтаў сказалі, што яны часта альбо час ад часу даюць хабар. Гэта значна таньнейшая форма ўтрыманьня на рынку й працы на ім, чым аплата ўсіх падаткаў і выкананьне ўсіх нормаў, якія прапісаныя ў дзясятках тысячах розных актаў.

Можна кожнага другога чыноўніка пасадзіць за краты альбо звольніць, але ад гэтага хабарніцтва менш ня будзе. Сама адміністрацыйная сыстэма спрыяе росквіту хабарніцтва. На першым месцы, безумоўна, гэта будаўніцтва, на другім — арганізацыі, якія абслугоўваюць сельскую гаспадарку, на трэцім месцы гандаль, і потым абслугоўваньне й прамысловасьць”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG