На сёньня жыхары Беларусі плацяць за жыльлёва-камунальныя паслугі каля 36% ад сабекошту. Паводле плянаў ураду, да канца году гэтая доля мусіць вырасьці да 40%, і таму тарыфы ўвесь час падвышаюцца. Але прадстаўнікі Міністэрства эканомікі кажуць, што цяперашняе павелічэньне цэнаў на газ і электрычнасьць для насельніцтва не было заплянаваным.
Гаворыць загадчык аддзелу цэнаўтварэньня ў паліўна-энэргетычным комплексе і прамысловасьці Ігар Фамін:
(Фамін: ) “Гэта выклікана нестандартнай сытуацыяй з пастаўкамі газу ў Беларусь і больш жорсткімі ўмовамі аплаты за газ. Калі раней былі неграшовыя разьлікі, зараз патрабуюць грашовых разьлікаў паміж “Белтрансгазам” і пастаўцамі. Па-першае, павялічылася цана, а па-другое, патрабаваньні сталі больш жорсткімі. Даводзіцца выплачваць большую, чым раней, частку запазычанасьці, каб у рэспубліку пастаўлялі газ. Вось гэтае дадатковае патрабаваньне яшчэ вылучыў “Газпрам”.
Спадар Фамін адмовіўся камэнтаваць магчымасьць далейшага падвышэньня тарыфаў у сувязі з ростам цэнаў на расейскі газ.
(Фамін: ) “Нічога спрагназаваць нельга ў цяперашняй сытуацыі”.
Загадчык аддзелу Навукова-дасьледчага эканамічнага інстытуту Мінэканомікі Аляксандар Гатоўскі кажа, што рост цэнаў на газ надалей зьменшыць рэнтабэльнасьць беларускіх прадпрыемстваў. Ён кажа, што цэны на беларускую прадукцыю ў даляравым эквіваленце расьці болей ня могуць, бо тады яна ня вытрымае канкурэнцыі з замежнымі, у тым ліку расейскімі, таварамі.
Спадар Гатоўскі, аднак, лічыць, што рост цэнаў на газ ня быў бы такім балючым, калі б эканоміка Беларусі разьвівалася нармальна. Ён асабліва падкрэсьліў, што гэта ягонае прыватнае меркаваньне, а не пазыцыя ягонага інстытуту.
(Гатоўскі: ) “У 1996 годзе Беларусь ужо атрымлівала газ па 50 даляраў за тысячу кубамэтраў. І калі цяпер нашыя прадпрыемствы, атрымліваючы той жа газ па той жа цане і маючы прыкладна той жа ўзровень заработнай платы — у сярэднім каля 100 даляраў ЗША — менш рэнтабэльныя, чым у 1996 годзе, гэта гаворыць аб стане эканомікі. Яна ўжо ня можа ў цяперашнім выглядзе вытрымліваць тую ж сытуацыю, якую яна нейкім чынам трывала ў 1996 годзе”.
На думку спадара Гатоўскага, праблемы беларускай эканомікі нельга вырашыць, проста дамовіўшыся з Расеяй аб нізкіх цэнах на газ.
(Гатоўскі: ) “Справа ў тым, можа эканоміка ў прынцыпе атрымліваць рэсурсы, перапрацоўваць іх эфэктыўна і прадаваць іх потым, ці ня можа. На сёньняшні дзень беларуская эканоміка гэтага рабіць увогуле ня можа, і гэта вельмі дрэнная сытуацыя”.