Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РАСПАЧАЛАСЯ ПАДРЫХТОЎКА ДА СХОДУ ІНТЭЛІГЕНЦЫІ БЕЛАРУСІ


Галіна Абакунчык, Менск

Упершыню ідэя правядзеньня агульнабеларускага форуму інтэлігенцыі прагучала падчас сьвяткаваньня 120-х угодкаў Янкі Купалы. Практычная ж падрыхтоўка сходу распачалася з утварэньнем працоўнай групы, якая прыняла праграмную адозву да народу Беларусі.

У дакумэнце гаворыцца, што Беларусь знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, якая ёсьць калыскай усясьветнай цывілізацыі. Але бальшыня народу жыве на мяжы жабрацтва, і частку віны за гэта беларуская інтэлігенцыя мусіць узяць на сябе. Гэтую адозву падпісалі такія вядомыя прадстаўнікі інтэлігенцыі як Анатоль Вярцінскі, Уладзімер Конан, Мікола Купава й многія іншыя. Пра мэту правядзеньня форуму гаворыць адзін з каардынатараў аргкамітэту, палітык Аляксей Кароль:

(Кароль: ) “Галоўны сэнс сходу — пераадоленьне духоўнага заняпаду, адраджэньне беларускай культуры й мовы, вызначэньне тых шляхоў, якія прывядуць да жыцьця па дэмакратычных каштоўнасьцях. Гэта стварэньне нейкага руху інтэлігенцыі з мэтай уплыву на духоўнае жыцьцё Беларусі”.

У Беларусі ўжо праходзілі буйныя недзяржаўныя форумы і нават зьезд творчай інтэлігенцыі, праведзены ўладамі. Але агульнанацыянальны сход усёй інтэлігенцыі, арганізаваны дэмакратычнымі сіламі, мае адбыцца ўпершыню. Паводле сябра аргкамітэту, пісьменьніцы Вольгі Іпатавай, інтэлігенцыя мае немалы патэнцыял у справе пабудовы дэмакратычнага й вольнага грамадзтва, але ў Беларусі ён яшчэ не зрэалізаваны. Гаворыць Вольга Іпатава:

(Іпатава: ) “Інтэлігенцыя нашая яна, як кентаўр — палова конская, яшчэ сацыялістычная, а палова ўжо чалавечая, якая вырастае ў свабоднае грамадзтва. І таму трэба часьцей нагадваць інтэлігенцыі сёньняшняй — якая яна ні ёсьць — яе прызначэньне: інтэлігенцыя павінная супрацьстаяць цяперашняму таталітарызму”.

Сябры аргкамітэту перакананыя, што ўлады таксама разумеюць небясьпеку для сябе ў згуртаваньні дэмакратычнай інтэлігенцыі. А таму не выключаюць, што сустрэнуць перашкоды ў падрыхтоўцы сходу. Аднак ад сваёй ідэі яны адступаць ня маюць намеру ў любым выпадку. Кажа сябра аргкамітэту, рэжысэр Валеры Мазынскі:

(Мазынскі: ) “Нават калі будзе супрацьстаяньне, сход адбудзецца. На жаль, можа лякальна. Але мы мусім варушыць гэты камень, пад ляжачы камень вада не цячэ”.

Паводле арганізатараў, пакуль толькі вызначаныя агульныя кірункі працы форуму. Мяркуецца, што сход “Незалежная Беларусь — вольнае й заможнае грамадзтва” адбудзецца пры канцы студзеня наступнага году.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG