Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ГАТЭЛЬ, У ЯКІМ ЛУКАШЭНКА НЕКАЛІ ВЫБІВАЎ ДЫВАНЫ, СТАНЕ ПЯЦІЗОРКАВЫМ ПРЭЗЫДЭНТ-ГАТЭЛЕМ


Ганна Соўсь, Менск

Над уваходам у “Кастрычніцкі” вялізны барэльеф з чырвонымі зоркамі — сьведчаньне пра мінулае былога гатэлю ЦК КПБ. З савецкага часу тут мала што зьмянілася: той жа надпіс на дзьвярах “Уваход па прапусках”, суровы швайцар і сацрэалістычны інтэр’ер. Гатэлю больш як 20 гадоў, і ён патрабуе рамонту.

Пра тое, што “Кастрычніцкі” стане пяцізоркавым прэзыдэнт-гатэлем, начальніца аддзелу разьмяшчэньня Тацяна Курыліна даведалася толькі ўчора з выпуску тэлевізійных навінаў. Праўда, яе крыху зьбянтэжылі дакляраваныя будучыя пяць зорак, бо раней плянавалася, што гатэль пасьля рэканструкцыі атрымае статус чатырохзоркавага.

(Курыліна: ) “Першыя даведаліся са сродкаў масавай інфармацыі. У нас ёсьць асобныя нумары ў “Арбіце”, “Плянэце”, “Беларусі”, якія адпавядаюць чатыром зоркам, але каб цалкам гатэль адпавядаў чатыром ці пяці зоркам – такога ў нас няма. Вось на “Менску” напісана, што чатыры зоркі. Але ж я ня ведаю, гэта ўсё ж турэцкі варыянт. Думаю, што гатэль проста трэба адрамантаваць. Так вырашыла кіраўніцтва. Пяць зорак, ды хоць шэсьць”.

Ад будучага прэзыдэнт-гатэлю ўсяго некалькі дзясяткаў мэтраў да Лукашэнкавай адміністрацыі. Сам Лукашэнка ў час свайго дэпутацтва пэўны час жыў у “Кастрычніцкім” — спачатку ў аднапакаёвым нумары, а потым, калі ўзначаліў антыкарупцыйную камісію, на сёмым паверсе у паўлюксе №705. Дарэчы, цяпер, калі ў гатэлі сьвяткуюць вясельлі, гэткія паўлюксы здаюць маладым на першую шлюбную ноч.

Старшая пакаёўка Людміла Бойка працуе ў “Кастрычніцкім” больш за дзевяць гадоў. Яна паказвае мне нумар, дзе жыў Лукашэнка — вітальня, невялічкая кухня зь лядоўняй, спальня й гасьцёўня.

(Бойка: ) “Пасьля яго тут жыла Інэса Драбышэўская, калі стала міністрам аховы здароўя. Тут ён і жыў у 705-м нумары. Лямпы й пакрывалы толькі новыя, і таксама вокны. Так ён тут і жыў да апошняга, адсюль і ў прэзыдэнты пайшоў”.

А вось што ўзгадала прыбіральшчыца Людміла Сьлівец:

(Сьлівец: ) “Жыў ён на сёмым паверсе. Два сыны зь ім жылі. Ахоўвалі яго тут. Нармальны дзядзька. Хадзіў, злы нейкі быў... Ня ведаю чаму. Гэта ж такія людзі, зь якімі асабліва не пагаворыш. Былі, канечне, дэпутаты, зь якімі можна было лёгка паразмаўляць, а зь ім я не магла. Што гэта за чалавек? Вось Лукашэнка, ды ўсё. Што запомніла, ён узімку насіў на сьнег свае дарожкі выбіваць. Чыста выб’е, акуратна зьмяце”.

Добра памятаюць Лукашэнку і ў рэстарацыі. Кухаркі кажуць, што быў ён непераборлівы, любіў замаўляць яечню з салам. Што да сяброў, то яго часта наведвалі калегі-дэпутаты з Магілёўшчыны, бывалі ў яго таксама й Генадзь Карпенка, Віктар Ганчар, Інэса Драбышэўская, Уладзімер Станкевіч.

А вось Анатоль Лябедзька ўзгадаў выпадак, калі ён бачыў Лукашэнку на выхадзе з “Кастрычніцкага” ў чырвоных спартовых нагавіцах і са слоікам шклоўскага самагону ў руках — тады дэпутаты накіроўваліся ў спартовы комплекс ва Ўруччы пагуляць у футбол, а самагонам любілі пачаставацца пасьля гульні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG