Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТЫ ПАТРАБУЮЦЬ АД ЛУКАШЭНКІ АБАРАНІЦЬ БЫЛУЮ СЫНАГОГУ Й ВЕРХНІ ГОРАД


Галіна Абакунчык, Менск

У лісьце, у прыватнасьці, гаворыцца пра незаконнасьць зносу будынку былой сынагогі па вуліцы Дзімітрава, 3, і пра тое, што Менгарвыканкам разам зь Міністэрствам культуры працягваюць разбураць гістарычную частку Менску, будуючы аўтастаянку на вуліцы Няміга.

Аўтары звароту патрабуюць ад Лукашэнкі спыніць усе працы ў Верхнім горадзе, стварыць дзяржаўную камісію, а вынікі яе дасьледаваньня накіраваць у пракуратуру. Дэпутацкі зварот — апошняя спроба вырашыць гэтую праблему, — кажа адзін з аўтараў ініцыятывы палітоляг Уладзімер Рубінчык.

(Рубінчык: ) “Ужо рабіліся звароты ва ўрад, адміністрацыю Лукашэнкі, і яны мала што далі. А падпісалася ўжо большасьць дэпутатаў, і пакінуць гэта па-за ўвагай нельга”.

У міністэрствы й ведамствы з патрабаваньнем спыніць зьнішчэньне гістарычнай часткі сталіцы зьвярталіся таксама прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, грамадзкіх арганізацыяў, у тым ліку й дэпутаты Нацыянальнага сходу. Дэпутатка Вольга Абрамава, якая падпісвала ўсе гэтыя звароты, кажа, што не пакрыўджаная й ня зьдзіўленая, што ўлады пакідаюць іх без увагі.

(Абрамава: ) “Паколькі эканамічнае становішча дастаткова складанае, то найперш вырашаюцца гэтыя праблемы. І відавочна, што культурныя каштоўнасьці знаходзяцца на другім пляне. Я думаю, што рашэньне будзе прынятае станоўчае. Я вельмі хачу на гэта разьлічваць”.

Адзін з заснавальнікаў ініцыятывы “Няміга 1570”, створанай у абарону Верхняга гораду, Аляксей Марачкін кажа, што дэпутацкі зварот да кіраўніка краіны, бадай, ёсьць толькі фармальнасьцю. Бо зважаючы на стаўленьне сёньняшніх ўладаў да рэлігійных і нацыянальных каштоўнасьцяў Беларусі, дапамогі давядзецца шукаць па-за межамі краіны. Гаворыць Аляксей Марачкін:

(Марачкін: ) “Што з гэтага будзе, невядома. Але нашае аб’яднаньне “Няміга 1570”, мы таксама будзем чакаць рэакцыі прэзыдэнта на зварот дэпутатаў. І пасьля будзем вырашаць ужо іначай. Перадусім зьвернемся да міжнароднай супольнасьці”.

Паводле Марачкіна, у зьвязку з рэальнымі крокамі міжнароднай грамадзкасьці ў справе ўрэгуляваньня ўнутрыпалітычных праблемаў Беларусі, не застануцца па-за ўвагай і пытаньні абароны нацыянальных каштоўнасьцяў, якія ёсьць часткай усясьветнага набытку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG