Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЛЯКСАНДАР ЛУКАШЭНКА СУСТРЭЎСЯ З КІРАЎНІКОМ РАСЕЙСКАЙ КАМПАНІІ “СУРГУТНАФТАГАЗ” УЛАДЗІМЕРАМ БАГДАНАВЫМ


Юры Дракахруст, Прага

Аднак ці не галоўным пытаньнем было абмеркаваньне ўдзелу “Сургутнафтагазу” ў аўкцыёне па продажы беларускага пакету акцыяў беларуска-расейскай кампаніі “Слаўнафта”.

Яшчэ ўчора падчас сустрэчы зь беларускімі ўрадоўцамі сп. Багданаў абвясьціў, што кіраваная ім кампанія мае намер удзельнічаць у гэтым аукцыёне.

Продаж беларускага пакету акцыяў “Слаўнафты” стане пралёгам вялікага бізнэсовага змаганьня ў Расеі – продажу асноўнага пакету акцыяў “Слаўнафты”, які належыць расейскаму ўраду. Стартавая цана пакету складае 1 700 000 даляраў, паводле ацэнак экспэртаў канчатковая цана можа дасягнуць 2 мільярдаў.

Продаж расейскага пакету акцыяў “Слаўнафты” стане самай буйной аўкцыённай зьдзелкаю ў Расеі за апошнія 5 гадоў. У барацьбу ўжо ўключыліся галоўныя расейскія нафтавыя гіганты: “Сібнафта”, ТНК, “Сургутнафтагаз” і “Лукойл”. Паводле экспэртаў, вынікі бітвы за “Слаўнафту” могуць істотна зьмяніць цяперашняе разьмеркаваньне вагі гульцоў на расейскім нафтавым рынку. Таму канкурэнты канцэнтруюць усе рэзэрвы – “Лукойл” ужо паведаміў, што можа прыцягнуць да спаборніцтва за “Слаўнафту” моцнага заходняга партнэра.

Зразумела, беларускі пакет акцыяў “Слаўнафты”, які складае каля 11%, ня ёсьць вырашальным у гэтым спаборніцтве. Аднак той, хто набудзе і беларускі і расейскі пакеты акцыяў, атрымае поўны кантроль над гэтай кампаніяй.

Пакуль зацікаўленасьць да беларускага пакету з расейскіх інвэстараў публічна дэманструе толькі прыгаданы “Сургутнафтагаз”. Магчыма, што інтарэс кампаніі выкліканы ня толькі яе глябальнымі плянамі наконт прызавога расейскага пакету, але і намерам умацаваць свае пазыцыі ў Беларусі. Ужо цяпер палову ўсёй нафты, што паступае ў Беларусь з Расеі, пастаўляе менавіта “Сургутнафтагаз”. Дарэчы, інфармацыйныя агенцтвы прыводзяць меркаваньні неназваных асобаў зь беларускага ўраду, якія выказваюць перасьцярогі, што калі “Сургутнафтагаз” стане ўладальнікам “Слаўнафты”, ён стане манапалістам у пастаўках нафты ў Беларусь, што непажадана зь меркаваньняў эканамічнай бясьпекі краіны.

Іншымі словамі падобную думку фармулююць і “Известия”. Паводле выданьня, калі беларуская доля “Слаўнафты” патрапіць у рукі “Сургутнафтагазу”, то Расея атрымае з гэтага значныя палітычныя дывідэнды. Кіраўнік гэтай кампаніі Ўладзімер Багданаў вядомы шчыльнымі сувязямі з расейскай уладаю, якая можа выкарыстоўваць нафтавую кампанію ў якасьці свайго прадстаўніка на перамовах зь беларускім бокам. “У выпадку дамінаваньня “Сургутнафтагазу” у Беларусі краіна апынецца зьвязанаю эканамічна ня толькі пастаўкамі газу, але і нафты, што адпавядае стратэгічным інтарэсамам Расеі” – пішуць “Известия”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG