На Віцебшчыне суд над скінгэдамі прахозіць упершыню. Але, як высьветлілася ў часе сёньняшняга судовага паседжаньня, віцебская нэафашысцкая групоўка існое ўжо каля чатырох гадоў ды складаецца прыблізна з сарака чалавек.
Абласны сьледчы аддзел КГБ перадаў у суд справу чатырох найбольш актыўных удзельнікаў групоўкі, якія пэрыядычна ладзілі напады на студэнтаў Віцебскага мэдыцынскага інстытуту — грамадзянаў краінаў Азіі ды Афрыкі.
Семнаццацігадовыя беспрацоўныя Юры Бачурка, Уладзімер Фёдараў ды Сяргей Аксёнаў, вучань 2-й віцебскай сярэдняй школы, а таксама васемнаццацігадовы рабочы Сяргей Камянкоў на працягу мінулага году некалькі разоў рабавалі ды зьбівалі студэнтаў-замежнікаў, пільнуючы іх каля інтэрнату мэдінстытуту. На здабытыя такім чынам грошы віцебскія скінгэды тут жа куплялі піва, а рэчы прадавалі знаёмым…
Усё гэта, паводле пісьмовых тлумачэньняў падсудных, яны рабілі дзеля захаваньня чысьціні славянскае расы, дамагаючыся, каб замежныя студэнты зьехалі на радзіму. У якасьці галоўных прэтэнзіяў да іншаземных студэнтаў-мэдыкаў падсудныя называлі верагоднасьць зьмешаных шлюбаў, а таксама продажу наркотыкаў ды распаўсюду вэнэрычных хваробаў. Да таго ж даволі часта ў якасьці аргумэнту гучала фраза: “Проста не люблю чорных і нярускіх”.
Толькі адзін з прадстаўнікоў групоўкі , Сяргей Камянкоў, адкрыта прызнаваў падчас допытаў у КГБ, што спавядае ідэі Гітлера, Мусаліні, а таксама падтрымлівае ідэалёгію расейскай неафашыстоўскай групоўкі “Русское Национальное Единство”. Астатнія хлопцы сьцьвярджалі, што трапілі ў групоўку выпадкова, аднак свайго непрыязнага стаўленьня да прадстаўнікоў іншае расы не хавалі таксама.
Што да замежных студэнтаў, то яны на працягу некалькіх апошніх гадоў пэрыядычна скардзіліся ў міліцыю на пагрозы з боку мясцовых скінгэдаў. Але крымінальныя справы заводзілі толькі непасрэдна па фактах нападаў ды рабаўніцтваў, і некаторыя замежнікі, не адчуваючы сябе абароненымі, проста баяцца хадзіць па віцебскіх вуліцах. Таму і на сёньняшняе судовае паседжаньне замест пяці пацярпелых зьявіліся толькі двое — грамадзяне Нэпалу Кумар Рытэш ды Кунвар Суман.
Судзьдзя Віцебскага абласнога суду Валянціна Буева пастанавіла, што допыты сьведкаў будуць закрытымі для прысутных, а ўвесь судовы працэс працягнецца ня менш як да 25 лістапада.