Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЭНАТАР МАККЕЙН: БЕЛАРУСЫ СТАЛІ АХВЯРАЮ БЫЛОЙ ПАДТРЫМКІ МАСКВОЙ РЭЖЫМУ ЛУКАШЭНКІ


Ул.інф.

Напачатку свайго выступу Джон МакКейн адзначыў, што збліжэньне ЗША і Расеі адкрывае новыя магчымасьці пераменаў у Беларусі. Разам з тым ён адзначыў нэгатыўную ролю, якую адыгрывала Масква раней, падтрымваючы Аляксандра Лукашэнку.

(МакКейн: ) “Беларусь Аляксандра Лукашэнкі ня можа доўга існаваць у сьвеце, дзе ЗША і Расея зьяўляюцца стратэгічнымі партнэрамі, а ЗША ўсур’ёз вырашылі пакласьці канец злачынным рэжымам, чые паводзіны ўяўляюць для нас пагрозу.

Як гэта ўжо было ў СССР, ЗША і дэмакратычныя дзяржавы Эўропы мусяць аб’яднацца з дэмакратычнай апазыцыяй Беларусі і ўзначаліць палітычную кампанію па вызваленьні Беларусі з-пад прыгнёту апошняга эўрапейскага дыктатара.

Беларусы сталі ахвяраю былой падтрымкі Масквой рэжыму Лукашэнкі. Віна за тое, што адбылося – не ў асаблівасьцях нацыянальнай культуры, а ў расейскай падтрымцы тыраніі ў Менску. Так падаецца, што зараз гэтая падтрымка сканчаецца. Калі гэта сапраўды так, то для нас пачынаецца новы дзень. Дагэтуль сьмелая і кансалідаваная беларуская апазыцыя не магла пераадолець расейскі бар’ер”.


На думку сэнатара МакКейна, беларуская ўлада імкліва губляе стабільнасьць.


(МакКейн: ) “Я не прэтэндую на тое, каб спрабаваць спрагназаваць будучыню Лукашэнкі. Аднак я дакладна ведаю: дні ягонага беззаконага кіраваньня зьлічаныя. Падмурак, на якім трымаецца рэжым, разбураецца. Варта адзначыць і зьмяншэньне рэйтынгу, прачуханку, якую зрабіў Пуцін амбіцыям Лукашэнкі стварыць саюз роўных. Шмат членаў ураду Лукашэнкі, у тым ліку і прадстаўнікі ваенных структураў і спэцслужбаў, незадаволеныя ягоным кіраваньнем. Ён ізаляваны ня толькі ад сьвету і беларускага народу, але і ад уласнага ўраду. Гэты рэжым няўстойлівы з прычыны агульнага разуменьня, як дома, гэтак і за мяжою, што гэты рэжым незаконы, а таксама з нагоды новага прэсынгу з боку прэзыдэнта Пуціна”.

Сэнатар МакКейн мяркуе, што мэтаю беларускіх дэмакратаў мусіць быць вызваленьне ня толькі ад кіраваньня Лукашэнкі, але і ад залежнасьці ад Расеі.

(МакКейн: ) “На тле пагрозы ператварэньня Беларусі ў 90-ты расейскі рэгіён Лукашэнка вярнуўся ў Менск пасьля жнівеньскай сустрэчы з Пуціным нацыяналістам, які пакаяўся, гарантам вечнага сувэрэнітэту краіны, які праклінае любыя спробы Расеі паглынуць Беларусь. Нарэшце, Лукашэнка і беларускія дэмакраты хоць у нечым сышліся. Аднак сам жа Лукашэнка і падрывае сувэрэнітэт Беларусі, паколькі краіна пад ягоным незаконым кіраўніцтвам выжывала выключна, як разьменая манэта для Масквы. Мэтаю для беларускай апазыцыі зьяўляецца ня толькі вызваленьне беларускага народу ад тыраніі Лукашэнкі, але і вызваленьне краіны ад рабалепных адносінаў з нацыяй, якая ніколі не выкарыстоўвала свае магчымасьці на карысьць народу Беларусі”.

Джон МакКейн адзначае, што незаконымі пастаўкамі зброі рэжымам-ізгоям Беларусь ператварылася ў пагрозу нацыянальнай бясьпецы ЗША.

(МакКейн: ) “Пад кіраўніцтвам Лукашэнкі Беларусь пастаўляла ўзбраеньні ў Ірак, Іран, Лівію і Судан. Паводле Дзярждэпартамэнту ЗША, маецца шмат сьведчаньняў з сур’ёзных крыніцаў, што Беларусь уцягнутая ў працэс пастаўкі зброі дзяржавам і групоўкам, якія падтрымліваюць тэрарызм, а таксама падрыхтоўкі ваеных адмыслоўцаў гэтых дзяржаваў.

Упершыню за ўсю сучасную гісторыю Беларусі ў якасьці сувэрэнай дзяржавы дзеяньні злачынага ўраду гэтай краіны пагражаюць бясьпецы Злучаных Штатаў. Гэта ня проста чарговы рэжым, які прыгнятае ўласны народ. Урад Лукашэнкі паставіў сучасныя супрацьпаветраныя ўзбраеньні краіне, зь якой Злучаным Штатам, хутчэй за ўсё, давядзецца весьці вайну. І гэтае ўзбраеньне можа і будзе выкарыстоўвацца Іракам для зьнішчэньня амэрыканскіх пілётаў. У дадзеным выпадку справядліва сказаць, што сябра нашага ворага – наш вораг”.

Паводле амэрыканскага сэнатара, рубіконам стала тэрарыстычная атака на Амэрыку 11 верасьня летась.

(МакКейн: ) “Лукашэнка так і не зразумеў, што пасьля 11 верасьня летась ЗША ня будуць больш цярпець саюзьнікаў і пастаўшчыкоў такіх злачынных рэжымаў, як Ірак Садама Гусэйна. Дзякуючы Лукашэнку Беларусь апынулася сярод такіх краінаў, як Ірак, Іран і Паўночная Карэя, якія ізаляваныя ад сучаснай супольнасьці нацыяў і сутыкаюцца з новым ультыматумам Амэрыкі: зьмяніць свой палітычны курс ці зьнікнуць. 11 верасьня адціснула на другі плян незаконасьць абраньня Лукашэнкі і маніпуляцыі, што прывялі да працягу тэрміну ягоных паўнамоцтваў. Аднак менавіта 11 верасьня адкрыла нам вочы на Беларусь, як на пагрозу нацыянальнай бясьпецы. 11 верасьня таксама аб’яднала ЗША і Расею, у тым, што можа рэхам адгукнуцца ў Менску”.

Да тэмы новай палітыкі Расеі сэнатар МакКейн зьвятраўся падчас сваёй прамовы неаднаразова.

(МакКейн: ) “Заклікі да пазытыўных пераменаў зыходзяць таксама ад уплывовых асобаў па-за межамі Крамля, якія бачаць шкодны ўплыў, які робіць беларуская дыктатура на разьвіцьцё расейскай дэмакратыі. Лідэр Саюзу Правых Сілаў Барыс Нямцоў падтрымлівае кантак з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй і зьяўляецца актыўным прыхільнікам пераменаў у Менску. Рэжым Лукашэнкі разглядае яго як сур’ёзную пагрозу. Замест удзелу ў канфэрэнцыі беларускай апазыцыі Нямцоў і ягоныя калегі былі вымушаныя вярнуцца ў Маскву супраць іх волі. Патрабаваньні рэформаў у Беларусі, агучаныя Масквою і умацаваныя актыўнай і кансалідаванай заходняй кампаніяй у падтрымку свабоды ў Беларусі, могуць зьнясіліць жалезную хватку рэжыму. Заходняя палітыка мусіць канцэнтравацца на нашых новых адносінах з Масквою ў мэтах зьмяненьня беларускага рэжыму”.

Джон МакКейн падкрэсьліў, што дзеля дасягненьня пераменаў у Беларусі неабходна ўзгодненая палітыка Амэрыкі і Эўропы.

(МакКейн: ) “ЗША мусяць шчыльна супрацоўнічаць з нашымі эўрапейскімі саюзьнікамі, за сьпіною якіх усё адбываецца, каб разьвіваць і падтрымліваць агульную агрэсіўную палітыку па зьмене рэжыму ў Беларусі. Зразумелая і ўпэўненая палітыка саюзьнікаў па Атлянтычным блёку ўмацуе ізаляцыю рэжыму і прагу да пераменаў, якая зыходзіць з самой Беларусі”.

У сваёй прамове сэнатар МакКейн заклікаў прадухіліць зьяўленьне Аляксандра Лукашэнкі на саміце НАТА ў Празе. Як вядома, гэты погляд падзяляў і ўрад Чэхіі, які на мінулым тыдні адмовіў Аляксандру Лукашэнку ў выдачы візы для ўдзелу ў саміце НАТА. Сэнатар МакКейн выказаўся за тое, каб Беларусь была выключаная з праграмы супрацоўніцтва з НАТА “Партнэрства дзеля міру”.

(МакКейн: ) “Агульныя мэты, што аб’ядноўваюць членаў НАТА, робяць недапушчальнымі зьяўленьне на саміце ў Празе апошняга эўрапейскага дыктатара. Агульныя мэты альянсу патрабуюць перагледзець ролю Беларусі ў праграме “Партнэрства дзеля міру”. Некаторыя зь яе ўдзельнікаў не адпавядаюць званьню паўнавартасных дэмакратыяў. Аднак ніводная зь іх ня можа быць названая і суцэльнаю дыктатураю. Ніводная, акрамя Беларусі Лукашэнкі. НАТА неабходна спыніць сяброўства Беларусі ў “Партнэрстве дзеля міру” і спыніць усялякія кантакты зь менскім урадам да тае пары, пакуль прэзыдэнт Лукашэнка будзе заставацца ва ўладзе”.

Паводле Джона МакКейна, палітыка заходніх краінаў адносна Беларусі мусіць палягаць ня толькі ў ізаляцыі афіцыйнага Менску, але і ў спрыяньні разьвіцьцю грамадзянаскай супольнасьці, у падрыхтоўцы беларускай апазыцыі да кіраваньня краінаю пасьля сыходу Лукашэнкі.

(МакКейн: ) “Дэмакратычныя дзяржавы Атлянтычнага рэгіёну мусяць аказваць сталую падтрымку, каб падрыхтаваць беларускую апазыцыю да кіраваньня дзяржаваю пасьля сыходу Лукашэнкі. Разам з нашымі эўрапейскімі саюзьнікамі мы мусім праводзіць палітыку пабудовы інстытутаў незалежнай Беларусі – грамадзянскіх ініцыятываў, незалежных мэдыяў, моцных палітычных партыяў у мэтах стварэньня палітычнай прасторы па-за сфэраю кантролю рэжыму. Роля актывістаў недзяржаўных арганізацыяў і палітычных партыяў стала вызначальнаю у справе мірнага адхіленьня ад улады сэрбскай апазыцыяй Слабадана Мілошавіча. У рэшце рэшт, як і ў Сэрбіі, беларускія апазыцыйныя сілы застануцца сам насам з рэжымам Лукашэнкі, паколькі цяжар адказнасьці і прывілей вызваленьня ўласнай краіны па-ранейшаму нележаць ім. Міжнароднай супольнасьці трэба працягваць курс на ізаляцыю Беларусі і вітаць новы падыход Масквы да беларускай праблемы”.

Напрыканцы сваёй прамовы сэнатар МакКейн зьвярнуўся да прадстаўнікоў беларускай апазыцыі, якія ўдзельнічалі ў канфэрэнцыі.

(МакКейн: ) “Лідэры беларускай апазыцыі, якія бяруць удзел у нашай канфэрэнцыі, зьяўляюцца жывым доказам таго, што іх народ прагне свабоды ня менш за іншыя. Вашая барацьба за пераадоленьне тыраніі і страху, што пануюць у вашай краіне, натхняюць усіх нас, тых, чые перакананьні не праходзяць штодзёнага выпрабаваньня на трываласьць, як вашыя, і хто ня плаціць настолькі вялікую цану за свае погляды. Вы – патрыёты, чыя любоў да Радзімы зьменіць хаду гісторыі. Мы на вашым баку.

Аляксандар Лукашэнка – апошні пасажыр савецкага карабля, які тоне ў акіяне гісторыі. Мужныя людзі пад ціскам зьнешняга ўзьдзеяньня ў свой час дамагліся развалу СССР. Кіраваньне Лукашэнкі зьяўляецца абразаю каштоўнасьцяў, якія перамаглі амаль на ўсім эўрапейскім кантынэнце пасьля краху імпэрыі. Ягоны рэжым будзе ўяўляць пагрозу Амэрыцы і Эўропе дакладна столькі часу, колькі спатрэбіцца цывілізаванаму сьвету на вырашэньне гэтай праблемы.

Знакаміты беларускі пісьменьнік Васіль Быкаў ў свой час заўважыў: “Лукашэнка і дэмакратыя – словы несумяшчальныя”. Вобраз свабоднай і дэмакратычнай Беларусі, якая не аглядаецца назад і якая скінула з сябе кайданы Лукашэнкі, натхняе беларускіх патрыётаў, чыя маральная адданасьць дэмакратыным пераўтварэньням пакладзе канец кіраваньню апошняга эўрапейскага дыктатара”.

Гэтымі словамі сэнатар Джон МакКейн скончыў свой выступ на канфэрэнцыі “Вось зла: Беларусь – прапушчанае зьвяно”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG