Меркаваньні маіх сёньняшніх суразмоўцаў умоўна падзяліліся на тры групы. Самымі нешматлікімі сярод іх былі тыя, хто казаў, што пытаньне выдачы візаў прадстаўнікам уладных структураў Беларусі Эўразьвяз мусіць вырашыць станоўча.
(Спадар: ) “Я ведаю, што Захад ніколі ня быў нашым сябрам. Але ж трэба жыць у міры, трэба наладжваць сувязі. І я вельмі спадзяюся, што гэтае пытаньне будзе вырашанае самым станоўчым чынам”.
Іншая частка мінакоў на пытаньне — як яны ставяцца да магчымай забароны на ўезд у краіны Эўразьвязу Лукашэнкі й іншых беларускіх чыноўнікаў — казалі, што ім вельмі складана адказаць на гэтае пытаньне. Аднак усё ж яны больш схільныя падтрымаць гэтую ідэю.
(Спадар: ) “Цяжка сказаць правільна гэта альбо не, але я лічу, што ягоная палітыка няправільная ні ў дачыненьні Расеі, ні краінаў Эўропы”.
(Спадарыня: ) “Адназначна й не адкажаш. Але перад усімі так выказвацца таксама нельга, выскокваць наперад — непрыстойна так паводзіць сябе чыноўніку такога высокага ўзроўню”.
(Спадар: ) “Пэўна, заслугоўваем такіх адносінаў — я нават і ня ведаю. Хто што заслужыў, няхай кожны тое й атрымае”.
І большасьць сярод апытаных сёньня менчукоў заявіла, што вельмі шкадуе аб пэрспэктыве мараторыю для Лукашэнкі й іншых высокіх афіцыйных асобаў на ўезд у шэраг краінаў Эўропы. Аднак падтрымліваюць гэтую ідэю, бо перакананыя, што ўлады Беларусі самі вымушаюць Эўразьвяз рабіць гэткія крокі.
(Спадар: ) “Вельмі дрэнна, вяджома. Мы эўрапейская краіна, і нельга, каб быў мараторый на ўезд чыноўнікаў. Але, канечне ж, патрэбна нешта зьмяняць у нашай палітыцы”.
(Спадар: ) “Правільна робяць. Каб ён паводзіў сябе крыху лепш, а так ён выказваецца, а горш робіцца для ўсёй краіны. Пакуль толькі чыноўнікам, але хутка й усёй Беларусі: ня будзе інвэстыцыяў, будзе горш людзям. Ну, зразумела — ізаляцыя”.
(Спадар: ) “Я ня думаю, канечне, што ізаляцыя нешта дасьць, але гэта адказ на палітыку, якую мы праводзім. Мы атрымліваем тое, што заслужылі за сем гадоў”.
(Спадарыня: ) “Чыноўнікам, дык можна й ня ўсім езьдзіць. Бо занадта шмат езьдзяць і толькі грошы расходуюць, а хлеб вунь які дарагі”.
(Спадар: ) “Горка й крыўдна, што нашых чыноўнікаў нікуды ня хочуць пускаць. А зь іншага боку, нашая краіна не заслугоўвае той улады, якая ёсьць цяпер”.
(Спадар: ) “Беларускія ўлады яшчэ ня хутка пачнуць удзельнічаць у падзеях міжнароднага значэньня. Спачатку патрэбна, каб спачатку адбыліся зьмены ў палітычнай сыстэме тут, у краіне”.
(Спадарыня: ) “Агідна тое, што нас не прымае ўвесь сьвет. Але я не падтрымліваю палітыку нашага кіраўніцтва”.
(Спадар: ) “Для іміджу нашай краіны гэта ня вельмі добра, але ў сёньняшняй палітычнай сытуацыі гэта вымушаны крок з боку эўрапейскай супольнасьці. Беларускія ўлады самі сябе загналі ў кут, самі сябе загналі ў ізаляцыю”.