Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧАЎСЯ СУД У СПРАВЕ ПРЫЗНАНЬНЯ ВІКТАРА ГАНЧАРА ЗЬНІКЛЫМ


Алег Грузьдзіовіч, Менск

Гэта першая спроба прызнаць бяз зьвестак адсутным зьніклага тры гады таму Віктара Ганчара. Жонка палітыка Зінаіда Гначар перакананая, што ён ня проста зьнік, а быў гвалтоўна скрадзены палітычнымі праціўнікамі, для якіх у верасьні 1999 году не было большай праблемы, як актыўнасьць Віктара Ганчара. Зінаіда Ганчар наўпрост заявіла суду пра пляны, якія не пасьпеў рэалізаваць яе зьніклы муж.

(Ганчар: ) "19 верасьня павінна было прайсьці паседжаньне Вярхоўнага Савета, на якім меўся выступіць Віктар Ганчар, на той час выканаўца абавязкаў старшыні Вярхоўнага Савету. Ён плянаваў даць нэгатыўную ацэнку становішчу ў краіне і паставіць пытаньне пра нелегітымнасьць Нацыянальга сходу. На паседжаньне былі запрошаныя дыпляматы, дзяржаўныя чыноўнікі і, у тым ліку, дэпутаты палаты, якіх таксама не задавальняла тое, што зрабіў з канстытуцыяй Аляксандар Лукашэнка. Безумоўна, улада вельмі напалохалася, бо гэта было б цалкам законнае рашэньне, і ў Лукашэнкі маглі пачацца вялікія праблемы”.

Зінаіда Ганчар таксама патлумачыла суду, навошта яна дамагаецца прызнаньня свайго мужа бяз зьвестак зьніклым – у асноўным гэта прычыны побытавага характару.

Між тым, яе юрыдычны памочнік Гары Паганяйла не хаваў ад журналістаў яшчэ адну мэту судовага разьбіральніцтва – дамагчыся справаздачы пракуратуры пра тое, як вядзецца расьсьледаваньне. Паводле Гары Паганяйлы, ёсьць усе падставы меркаваць, што пракуратура не праводзіць неабходных захадаў ці робіць істотныя працэсуальныя памылкі.

(Паганяйла: ) "Мы падалі хадайніцтва пра запыт з пракуратуры каля 10 розных дакумэнтаў, якія могуць праліць сьвятло на дзеяньні сьледчых ці іхнае бязьдзеяньне, назавіце гэта як заўгодна. Але галоўнае, што мы не дадзім пракуратуры падманваць грамадскасьць байкамі пра напружаную працу. Усё будзе зразумела і ў рэшце рэшт мы законным шляхам зьбярэм доказы таго, хто чаго ня робіць, хаця рабіць абавязаны," – заявіў Радыё Свабода Гары Паганяйла.

Нагадаю, два тыдні таму пачаўся аналягічны працэс адносна зьніклага разам з Ганчаром Анатоля Красоўскага. Кропка ў ім дагэтуль не пастаўленая, судзьдзя абвесьціў перапынак да атрыманьня з пракуратуры зьвестак пра вынікі расьсьледаваньня справы Красоўскага.

Сёньняшні працэс у Савецкім судзе адбываўся паводле такога ж сцэнару. Судзьдзя Генадзь Дашук таксама абвесьціў перапынак на два тыдні, пакуль з пракуратуры ня прыйдуць адказы на хадайніцтва Зінаіды Ганчар. Аднак варта адзначыць, што сьпіс патрабаваньняў Зінаіды Ганчар судзьдзя фактычна не скараціў.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG