Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСКІ РЭСПУБЛІКАНСКІ САЮЗ МОЛАДЗІ ЗАПІСВАЮЦЬ ГЭТАК ЖА, ЯК У КАМСАМОЛ


Ігар Карней, Менск

Найперш агітатары ад Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі зьявіліся ў школах. Лічыцца, што школьнікаў запісаць у шэрагі новай арганізацыі найпрасьцей. Але разьлікі на ўзаемнасьць пакуль ня спраўджваюцца. Вось, прыкладам, як сустракалі прадстаўніка БРСМ у адной са школаў Мёраў. Распавядае выкладчык гісторыі Алег Лапкоўскі.

(Лапкоўскі: ) "Прыехаў, сабраў усіх у актавай залі, распачаў выступаць. Дзеці адразу ж пачалі задаваць пытаньні: а ці праўда, што арганізацыя прэзыдэнцкая, ці праўда, што трымаецца на прынцыпах камсамолу? Ён у адказ: "Не-не, толькі вашая актыўнасьць, толькі пазыцыя моладзі". Карацей, пагаварылі – і ён паехаў ні з чым. Прайшло тыдні два — зноў зьявіўся. Паколькі школа самая вялікая ў раёне (600 вучняў), падобна, атрымаў загад неяк пару дзесяткаў "наскрэсьці". Пачаў на дыскатэку бясплатныя квіткі раздаваць. Ну, дык самыя "адлётныя" дзяўчаты, якія школу прагульваюць, на двойкі вучацца, пачалі цягнуць рукі – маўляў, мы запісваемся. А я сяджу, думаю: ну-ну, запісвайцеся".

Цягам мінулага тыдня сходы з удзелам прадстаўнікоў БРСМ прайшлі ў бальшыні дзяржаўных установаў. Праўда, пераканаць людзей з ужо сфармаванымі поглядамі аказалася ня так проста. Прыкладам, у Вышэйшым гаспадарчым судзе на дапамогу гасьцям з БРСМ вымушаныя былі прыйсьці нават кіраўнікі суду – абяцалі, што ўступленьне ў Саюз станоўча адаб'ецца на далейшай кар'еры маладых чыноўнікаў. Самі ж бээрсээмаўцы ў якасьці доказу спасылаліся на словы Лукашэнкі, які 6 верасьня на аб'яднаўчым зьезьдзе БСМ і БПСМ абвесьціў, што новая арганізацыя стане "магутнай кузьняй кадраў для дзяржаўных ворганаў кіраваньня". Але пакуль "штат кузьні" трымаецца ў бальшыні на кадрах, якія БРСМ атрымаў у спадчыну ад сваіх папярэднікаў.

Гаворыць прадстаўніца БРСМ Натальля Ўрублеўская.

(Урублеўская: ) "Мяркуючы па тым, якую інфармацыю даюць першыя сакаратары з рэгіёнаў, моладзь ідзе ў арганізацыю. Дагэтуль бэсээмаўцаў было блізу 20 тысячаў, бэпэсээмаўцаў — больш за 200 тысячаў. Бліжэй да студзеня будзе вядома, колькі зь іх перайшлі ў БРСМ… Ужо распрацаваны праект аб сяброўскіх унёсках, і якраз цягам гэтага тыдня мы зьбіраем прапановы ад рэгіёнаў у пляне зьменаў і дапаўненьняў".

У штабе БРСМ пацьвердзілі, што практыка сяброўскіх унёскаў будзе адноўленая паводле прыкладу камсамолу. Пакуль вядома, што сума будзе фіксаваная. Прытым кіраўнік БРСМ Аляксандра Нахаенкі мае намер перайсьці цягам трох год на самафінансаваньне.


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG