Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЭРМІН ВАЙСКОВАЙ СЛУЖБЫ СКАРОЧАНЫ НЯ БУДЗЕ


Ігар Карней, Менск

Міністар абароны пераканаў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, што на гэтым этапе істотнае скарачэньне вайсковай службы нямэтазгоднае. Новы законапраект “Аб усеагульным вайсковым абавязку і вайсковай службе” ўжо быў ухвалены ў першым чытаньні. У ім было прадугледжана скарачэньне агульнага тэрміну службы да 1 году, для выпускнікоў ВНУ — да 9 месяцаў, а для тых, хто скончыў вайсковую катэдру — да паўгоду.

Але нечакана міністар унёс новыя прапановы: пакінуць тэрміны службы бязь зьменаў да 2006 году, але пры гэтым стварыць умовы дзеля альтэрнатыўнай службы. Гаворыць кіраўнік прэсавай службы міністэрства Леанід Захаранка:

(Захаранка: ) “Найперш, няма заканадаўчай базы, каб скараціць тэрмін службы. Але зусім не таму, што нібыта людзей мала. Людзей дастаткова, і шмат каго наогул не прызываюць. Калі скарачаць, то трэба ўлічваць, што акрамя ўзброеных сілаў ёсьць унутраныя войскі, памежныя; ці гатовыя яны да такіх захадаў, узгадненьняў шмат патрэбна. Але такой колькасьці шарагоўцаў ужо не патрэбна, замест іх будуць кантрактнікі”.

Паводле зьвестак Мінабароны, цяпер у беларускім войску 83 тысячы чалавек. Цягам пяці гадоў будзе скарочана 30 тысяч вайскоўцаў, а іхнае месца зоймуць прафэсіяналы, якія будуць служыць не бясплатна, а за грошы. Існаваньне войска ў цяперашнім выглядзе немагчымае, — лічыць былы начальнік ваенна-мэдычнага ўпраўленьня Міністэрства абароны Ўладзімер Мялюшка.

(Мялюшка: ) “Што такое войска? Чалавеку загадалі — ён і пайшоў. Якая дзяржава адмовіцца ад бясплатнага работніка? Хоць, натуральна, выдаткі на яго вялікія: апрануць, накарміць. Таму рашэньне не скарачаць тэрмін службы зьвязанае можа нават болей з матэрыяльным забесьпячэньнем — гэта прасьцей, чым праз кожны год пачынаць з нуля. Зброі ў нас дастаткова, патронаў дастаткова. А вось амуніцыі, вопраткі няма — ня ўсе салдаты апранаюцца ў новае, калі пачынаюць службу. Таму і патрэбны пераход на кантрактную службу, бо зь цяперашняга салдата ніякага толку няма”.

Разумеюць гэта і заўтрашнія вайскоўцы. Даніла зь Віцебшчыны ўжо два гады хаваецца ад супрацоўнікаў ваенкамату. Чаму ён катэгарычна адмаўляецца ад службы?

(Даніла: ) “Час, затрачаны на службу, занадта вялікі, паўтара году — гэта сапраўды шмат. Гэты тэрмін можна выкарыстаць куды больш эфэктыўна. Напрыклад, вучыцца, працаваць, каб зарабіць грошы, каб атрымаць пэўны досьвед. Тое, што не зьбіраюцца скарачаць тэрмін службы, выглядае зьдзекам з тых людзей, якіх фактычна прымушаюць ісьці і марнаваць свой час”.

Уладзімер Мялюшка таксама лічыць, што людзей у беларускім войску цяпер больш, чым дастаткова. Іншая справа, што цалкам здаровых і баяздольных амаль няма.

(Мялюшка: ) “Людзі з раёнаў, вёсак імкнуцца аддаць дзяцей у войска, каб іх падлячылі. З-за гэтага ў першыя месяцы столькі народу прыходзіцца камісаваць, бо яны хаваюць свае хваробы. Я маю на ўвазе менавіта ўзброеныя сілы, бо найлепшыя кадры ідуць у міліцыю, спэцназ, памежнікі. А нам ужо ваенкаматы пастаўляюць па ніжэйшай планцы, у нас самая хворая катэгорыя, таму і адсеў вялізны. Студэнты ня йдуць, а хто здаравейшы, той хаваецца”.

Вайсковыя чыноўнікі лічаць, што адсутнасьць рэальнай баяздольнасьці кампэнсуецца колькасьцю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG