Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ВАРШАВЕ РАСПАЧАЛОСЯ ПАСЕДЖАНЬНЕ РАДЫ ПАРТЫІ ЭЎРАПЕЙСКІХ САЦЫЯЛІСТАЎ


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

Партыя эўрапейскіх сацыялістаў аб’ядноўвае 20 партыяў левага кірунку з краінаў Эўрапейскага Зьвязу і краінаў-кандыдатаў на далучэньне да аб’яднанай Эўропы. За 10 гадоў існаваньня ПЭС дамаглася значнага палітычнага ўплыву, яна ёсьць другой сілай у Эўрапарлямэнце. Сёлетняе паседжаньне Рады Партыі прысьвечанае абмеркаваньню будучага пашырэньня Эўрапейскага Зьвязу і ўтрыманьня пазыцыяў сацыял-дэмакратыі ва ўмовах новай Эўропы.

Уласна беларуская тэма прагучала сёньня двойчы. Адчыняючы працу форуму, сьпікер польскага Сэйму Марэк Бароўскі сказаў, што Польшча ня хоча, каб пасьля далучэньня да Эўразьвязу на яе ўсходняй мяжы паўстаў мур, а прэм’ер-міністар Польшчы Лешэк Мілер пажадаў прадстаўнікам Беларусі “спаўненьня сну аб Эўропе”.

Самі беларускія сацыял-дэмакраты займаліся ў асноўным кулюарнымі сустрэчамі. Валянціна Палевікова мае намер усталяваць як мага больш кантактаў са сваімі аднадумцамі з розных краінаў Эўропы:

(Палевікова: ) “Аб’яднаная сацыял-дэмакратычная партыя ня так даўно стварылася, таму галоўная нашая мэта – гэта кантакты. Думаю, што на гэтым форуме я знайду шмат сяброў, і мы распачнем зь імі супрацоўніцтва”.

У сваю чаргу, старшыня Народнай Грамады Мікола Статкевіч, які гэтыя кантакты мае даўно, практычна бесьперапынна сустракаўся са сваімі эўрапейскімі калегамі.

Спадар Статкевіч паведаміў, што ён тлумачыць суразмоўцам небясьпеку, якая пагражае зараз незалежнасьці Беларусі. Паводле ягоных словаў, кіраўніку Беларусі, які спрычыніўся да ізаляцыі краіны як з Захаду, так і з Усходу, цяпер трэба даць шанец зрабіць крок у кірунку Захаду. Напрыклад, дазволіць яму прыехаць на саміт НАТА ў Прагу.

(Статкевіч: ) “Мы павінны зразумець, што цяпер вельмі небясьпечная сытуацыя для беларускай дзяржаўнасьці. Таму, я думаю, трэба даць Лукашэнку візу, увесьці на некалькі тыдняў мараторый на санкцыі супраць Беларусі. Каб Лукашэнка пабачыў, што дзьверы на Захад трошкі прыадкрытыя. Інакш мы сапраўды можам згубіць дзяржаўнасьць і не набыць дэмакратыі. Бо калі Беларусь зробіцца расейскай аўтаноміяй, то гэта не прынясе ў нашую краіну дэмакратыі, бо частка грамадзтва ня зьмірыцца з гэтым і будзе супраціўляцца. Тады Расея ўвядзе ў Беларусі яшчэ больш жорсткі рэжым, чым рэжым Лукашэнкі. Нашая партыя шмат пацярпела ад гэтай улады, але зараз мы мусім не ўспамінаць пра свае крыўды, а думаць пра інтарэсы нашай краіны. Мы не павінны згубіць незалежнасьць”.

Лідэр БСДП (НГ) зьбіраецца абмеркаваць пытаньне выдачы чэскай візы для Лукашэнкі ў часе заплянаванай сустэчы з прэм’ер-міністрам Чэхіі. Сытуацыю вакол Беларусі Мікола Статкевіч мае намер абмеркаваць і з кіраўнікамі ўрадаў Польшчы, Швэцыі, Грэцыі і Вялікай Брытаніі, якія таксама бяруць удзел у працы форуму.

Заўтрашні дзень працы саміту будзе цалкам прысьвечаны абмеркаваньню будучыні эўрапейскай сацыял-дэмакратыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG