Міністар замежных справаў Беларусі Міхаіл Хвастоў сёньня канкрэтызаваў ўчорашнія пагрозы А.Лукашэнкі на адрас чэскага кіраўніцтва. Нагадаем, беларускі лідэр учора заявіў, што Менск адрэагуе на адмову ў выдачы візаў “неадкладна і адэкватна, самым жорсткім чынам, і ўсе пазыцыі чэхаў у Беларусі будуць страчаныя назаўсёды, ці прынамсі на доўгі час”.
Спадар Хвастоў паведаміў, што ён папярэдзіў часовага паверанага ў справах Чэхіі ў Беларусі Алеша Фойціка, што беларускі бок разгледзіць магчымую адмову ў выдачы візаў беларускай дэлегацыі “самым сур’ёзным чынам”. Што маецца на ўвазе?
Гаворыць Міхаіл Хвастоў:
(Хвастоў: ) “Я не хачу зараз пералічваць, якія захады ў адказ мы можам зрабіць, але яны будуць адэкватнымі і аналягічнымі. У дыпляматычнай практыцы ёсьць мноства прыкладаў, калі дыпляматычныя дачыненьні скасоўваліся і прыпыняліся, ажыцьцяўлялася адкліканьне амбасадараў”.
Акрамя таго, М.Хвастоў зазначыў, што могуць быць рэвізаваныя і гандлёва-эканамічныя дачыненьні Беларусі й Чэхіі, якія традыцыйна складваюцца на карысьць Чэхіі, экспарт якой у Беларусь большы, чым імпарт зь Беларусі:
(Хвастоў: ) “Я думаю, тут мы разгледзім нашыя магчымасьці на карысьць іншых краінаў у адносінах імпарту тавараў”.
Чэскі экспарт у Беларусь летась склаў 33 мільёны даляраў, імпарт — 30 мільёнаў, — паведамілі ў МЗС.
Навошта такія ахвяры, чаго ж дамагаецца Беларусь, прэтэндуючы на ўдзел у праскім саміце? Міхаіл Хвастоў адказаў на гэта: нічога, проста жадае ўдзельнічаць. Пры гэтым ён абверг меркаваньне, што ўсе праблемы ўзьніклі праз тое, што менавіта А.Лукашэнка жадае прыбыць на саміт Рады Эўраатлянтычнага партнэрства. Рада NATO выказалася супраць удзелу ў саміце менавіта А.Лукашэнкі, і М.Хвастоў назваў гэтае рашэньне умяшаньнем ва ўнутраныя справы Беларусі, якая сама мае права вырашыць пытаньне пра склад дэлегацыі. Паводле інфармацыі спадара Хвастова, у наступны панядзелак Рада NATO зьвернецца да пытаньня пра візу А.Лукашэнку ізноў.
Цяперашняе надзвычайнае абвастрэньне адносінаў з Чэхіяй зусім не выцякае з гісторыі дружалюбных дачыненьняў з гэтай кріанай, — лічыць адзін зь лідэраў БНФ Юры Хадыка:
(Хадыка: ) “Няма наўпростых падставаў, каб псаваць дачыненьні з Чэхіяй. Ва ўсякім разе, у такой ступені, як гэта ўчора заяўляў Лукашэнка. Гэта яўна неадэкватная і яўна нэрвовая рэакцыя. Менавіта чэскі бок прыйшоў у свой час на выручку Лукашэнку, калі, памятаеце, быў недахоп зерня. У любым выпадку, традыцыйнае стаўленьне Чэхіі да Беларусі было заўсёды станоўчым. Гэта добра вядома і з гісторыі, дый з апошняга часу”.
Юры Хадыка мяркуе, што такая рэакцыя на сытуацыю вакол саміту выкліканая і пэрсанальнай крыўдай А.Лукашэнкі на Маскву. А лідэр ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч не зьдзіўляецца новаму міжнароднаму скандалу з удзелам Беларусі:
(Гайдукевіч: ) “У нашым атачэньні нікога няма, з кім мы не пасьпелі за кароткі тэрмін перасварыцца. Ужо пасварыліся з усімі краінамі, з Расеяй у тым ліку, і з Украінай, і зь Літвой”.
На думку спадара Гайдукевіча, прычына цяперашняга зацятага жаданьня А.Лукашэнкі патрапіць на саміт у Прагу палягае ў тым, што найбліжэйшае атачэньне кепска інфармуе Лукашэнку пра рэальную сытуацыю. Спадар Лукашэнка зусім адарваўся ад рэчаіснасьці, — лічыць Сяргей Гайдукевіч.