Гэта першы ў гісторыі сучаснай Беларусі працэс над дзейным сябром Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Віктар Рахманько абвінавачваецца паводле 11 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, сярод якіх артыкулы пра крадзеж дзяржаўнай маёмасьці ў буйных памерах, хабарніцтва, злоўжываньне ўладай, падробка дакумэнтаў і нават браканьерства.
Некаторыя злачынствы ён быццам бы ўчыніў у групе, таму разам з Рахманьком на лаве падсудных апынуліся яшчэ пяць чалавек — тры адказныя супрацоўнікі чыгункі з Баранавічаў, а таксама адзін старшыня мясцовага калгасу і дырэктар запаведніка. Але прэтэнзіі пракуратуры да саўдзельнікаў Рахманько значна меншыя.
Прыкладам, дырэктар палескага запаведніка Мікалай Варанецкі абвінавачваецца толькі ў арганізацыі незаконнага паляваньня, зь яго нават не бралі падпіску пра нявыезд. Ён лічыць сябе невінаватым і перакананы, што суд яго апраўдае.
(Варанецкі: ) “Гэта было не арганізаванае мной паляваньне, як сьцьвярджае пракуратура, а плянавы навуковы адстрэл дзікіх жывёлаў. Мы заўсёды імкнуліся прымеркаваць такія адстрэлы да прыезду важных асобаў. Што я магу зрабіць, калі прыяжджае аўтамабіль адміністрацыі прэзыдэнта з пропускам “Праезд усюды”? А самога Рахманька я ўвогуле сёньня трэці раз за жыцьцё бачу”.
Што да галоўнага падсуднага, то ад яго камэнтароў журналісты сёньня не пачулі. Побач з Рахманьком у судзе асабісты ахоўнік у цывільным і міліцыянт, якія нават не даюць наблізіцца да падсуднага, а сам ён жаданьня кантактаваць з прэсай не выказвае і ад інтэрвію адмаўляецца. Вядома толькі, што раней Рахманько выказваў упэўненасьць у тым, што яго апраўдаюць.
Між тым, паводле інкрымінаваных былому начальніку чыгункі артыкулаў Крымінальнага кодэксу, яму пагражае да 15 гадоў турмы . Прычым новы кодэкс дазваляе складаць тэрміны, і таму, як лічыць пракурор Сяргей Шчур, агульнае пакараньне можа быць і большым. Пракурор заявіў, што доказаў віны Рахманька і ягоных саўдзельнікаў дастаткова, і ён не сумняецца ў абвінаваўчым прысудзе.
А вось адвакаты, як звычайна, думаюць наадварот. Яны літаральна закідалі суд хадайніцтвамі аб апытаньні новых сьведкаў ды далучэньні да матэрыялаў справы новых дакумэнтаў. Сярод гэтых папераў і калектыўныя заявы грамадзянаў пра тое, што Рахманько і ягоныя сябры быццам ніякіх стратаў ім не нанесьлі. Цікава, што суд амаль усе гэтыя хадайніцтвы задаволіў.
Увогуле, назіральнікі адзначаюць дзіўную для беларускай судовай практыкі лагоднасьць суду да патрабаваньняў абвінавачаных і ўжо бачаць у гэтым прыкмету таго, што пакараньне ня будзе надта жорсткім. У гэтай сувязі згадваецца, што на пасаду начальніка чыгункі Віктар Рахманько быў прызначаны асабіста Аляксандрам Лукашэнкам, хаця ўжо было вядома пра прэтэнзіі да Рахманька з боку праваахоўчых органаў.