Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ДУМАЮЦЬ БЕЛАРУСЫ ПРА ПАГРОЗЫ ЛУКАШЭНКІ НА АДРАС ЧЭХІІ?


Галіна Абакунчык, Менск

Значная частка мінакоў на вуліцах сталіцы камэнтаваць заявы Лукашэнкі катэгарычна адмовілася. А сярод тых, хто выказваў свае меркаваньні ахвотна, знайшлася – хоць і невялікая – група людзей, якія альбо ня маюць уласнага меркаваньня, альбо падтрымліваюць заяву Лукашэнкі.

(Спадар: ) “Чэхія не настолькі важны партнэр для Беларусі, як, да прыкладу, Нямеччына ці Расея. Таму гэтыя стасункі ня вельмі значныя”.

(Спадарыня: ) “Можа, хіба крыху пачакаць з разрывам міждзяржаўных стасункаў, можа, зрэагуе чэскі бок на патрабаваньне беларускіх уладаў. А калі не зрэагуе, дык тады рабіць жорсткія захады”.

(Спадар: ) “Мне цяжка казаць, бо не валодаю ўсёй інфармацыяй. Шмат турыстаў езьдзіць, а больш я ня ведаю якія стасункі ў Чэхіі й Беларусі. Таму мне цяжка меркаваць”.

Але пераважная бальшыня апытаных заявіла, што выказваньні Лукашэнкі на адрас Чэхіі ёсьць непрадуманымі й неадэкватнымі, зь якімі яны катэгарычна ня згодныя.

(Спадар: ) “Такія выказваньні з найвышэйшага дзяржаўнага ўзроўню проста неразумныя. Разрыў дзяржаўных стасункаў у будучыні будзе мець адмоўныя наступствы ня толькі для прэзыдэнта Лукашэнкі, а для ўсяго беларускага народу, за які ён так змагаецца”.

(Спадар: ) “Павінныя быць палітычныя крокі, а ня толькі агрэсіўныя лёзунгі”.

(Спадарыня: ) “Я супраць разрыву дзяржаўных стасункаў. Людзі павінныя падтрымліваць гандлёвыя, культурныя адносіны. І ўвогуле я не разумею, чаму мы павінныя зь некім варагаваць”.

(Спадар: ) “Крыўдна й горка, што краінай кіруе хворы чалавек”.

(Спадарыня: ) “Не зважаючы на тое, хто ты, трэба ўсё ж рэальна ацэньваць маштаб сваёй асобы. Можа, калі-нікалі варта зьмірыцца й падумаць — а можа тыя людзі, што выказваюць табе прэтэнзіі, у нечым маюць рацыю?”

(Спадар: ) “Я не зьдзіўлюся, калі ў нас будуць парваныя стасункі з усімі на сьвеце. Гэта палітычныя, а эканамічныя й культурныя будуць працягвацца”.

(Спадарыня: ) “Нельга так, каб адразу рваць адносіны. А як прыйдзецца яшчэ нешта? Ды й увогуле па-суседзку трэба жыць неяк мірна”.

(Спадар: ) “Мазгоў у яго няма, вось што я думаю”.

(Спадар: ) “ Я супраць сёньняшняй улады й не разумею, чаму да сёньня Рада Эўропы не зрабіла адэкватных крокаў у адносінах кіраўніцтва нашай краіны”.

(Спадар: ) “Гэта ўвогуле нейкі ідыятызм. І з гэтым газам напярэдадні: сфабрыкаваў нейкую інтрыжку, каб быць героем для ўсіх калгасьнікаў. А насамрэч — шумеў, шумеў ды ўсё на сваю карысьць. А што да Чэхіі, дык тут увогуле нейкае глупства: хіба можна ўсур’ёз да ягоных словаў ставіцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG