Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК ПАЎПЛЫВАЕ НА СТАНОВІШЧА БЕЛАРУСАЎ У ПОЛЬШЧЫ ЎВАХОД ГЭТАЙ КРАІНЫ Ў ЭЎРАЗЬВЯЗ?


Аляксей Дзiкавiцкi, Варшава

(Карэспандэнт: ) “Напярэдадні, у часе канфэрэнцыі ў Капэнгагене, прысьвечанай пытаньням захаваньня правоў нацыянальных меншасьцяў падчас пашырэньня Эўразьвязу, Высокі Камісар АБСЭ ў справах нацыянальных меншасьцяў Рольф Эк’юс заявіў, што павялічаная Эўропа мусіць надаваць больш увагі абароне нацыянальных меншасьцяў.

Паводле спадара Эк’юса, пытаньне забесьпячэньня нацыянальным меншасьцям правоў на годнае існаваньне і разьвіцьцё можа аказацца адным з галоўных выпрабаваньняў для аб’яднанай Эўропы.

“Калі пра гэта не падумаць зараз, дык праз пэўны час праблемы нацыянальных меншасьцяў могуць ператварыцца ў крыніцу спрэчак і непаразуменьняў унутры і паміж некаторымі краінамі Эўрапейскага Зьвязу”, – заявіў Рольф Эк’юс, адначасова адзначыўшы, што ў эўрапейскім заканадаўстве ёсьць пэўныя хібы што да забароны дыскрымінацыі меншасьцяў.

Пры канцы сваёй прамовы, Высокі Камісар АБСЭ ў справах нацыянальных меншасьцяў Рольф Эк’юс, аднак, выказаў упэўненасьць, што, будуючы лепшы і большы агульны дом, эўрапейцам удасца пазьбегнуць такіх праблемаў.

Паводле розных падлікаў, на тэрыторыі Польшчы жывуць ад 100 да 300 тысячаў прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасьці. Што яны думаюць пра будучае пашырэньне Эўрапэйскага Зьвязу і месца меншасьці ў аб’яднанай Эўропе? Да размовы ў гэтай справе я запрасіў галоўнага рэдактара тыднёвіка беларусаў Беласточчыны “Ніва” Віталя Лубу, дэпутата Сэйму ад Беласточчыны, сябра камісіі ў справах нацыянальных і этнічных меншасьцяў Яўгена Чыквіна ды каардынатара партыі Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне Пятра Юшчука.

Такім чынам, шаноўнае спадарста, першае і бадай найбольш істотнае пытаньне: на вашую думку, далучэньне Польшчы да Эўразьвязу палепшыць ці пагоршыць сытуацыю, у якой знаходзіцца беларуская нацыянальная меншасьць у гэтай краіне?”

(Чыквін: ) “Я думаю, што не пагоршыць, а палепшыць, бо ў Эўразьвязе ўжо даўно існуюць высокія стандарты што да правоў меншасьцяў. І Польшча, калі будзе ў Эўразьвязе, усе гэтыя стандарты будзе выконваць. І гэта найважнейшы момант. Што тычыцца ўсходнеславянскіх меншасьцяў у Польшчы – беларусаў, украінцаў, лэмкаў – дык палякі да іх ня вельмі добра ставяцца, сярод іншага і з-за цяжкага гістарычнага досьведу. У сярэдняга паляка ёсьць пачуцьцё нейкай лепшасьці, што ён, маўляў, належыць да заходняй, лацінскай культуры, а мы – да ўсходняй. Таму бываюць праблемы, і часам мы, асабліва тут на Беласточчыне, вымушаныя хаваць сваю нацыянальнасьць і веру. Думаю, што ў Эўразьвязе гэтага ня будзе, бо там за спробу дыскрымінацыі паводле веравызнаньня ці нацыянальнасьці, прыкладам, у часе ўладкаваньня на працу, трэба будзе адказваць перад законам. Таму для нашай меншасьці ў Эўразьвязе будзе лепш”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Чыквін, напярэдадні запісу вы сказалі, што ў прынцыпе цяпер польская дзяржава забясьпечвае тутэйшым беларусам асноўныя правы. Аднак нядаўна Вы прадстаўлялі ў Сэйме праект новага закону аб нацыянальных меншасьцях, у часе працы над якім, як вы сказалі, улічваліся ўсе міжнародныя патрабаваньні што да правоў меншасьцяў. Раскажыце, калі ласка, пра гэты закон больш падрабязна”.

(Чыквін: ) “Трэба памятаць, што гэта праект закону. Там сабранае ў адзін закон ўсё тое, што датычна нацыянальных меншасьцяў польская дзяржава ўжо мае цяпер. Прыкладам, гарантыя навучаньня ў роднай мове. Там яшчэ ёсьць прапанова – у месцах, дзе кампактна жывуць беларусы, уводзіць у школах беларускую мову ў якасьці дадатковай. Можна будзе назвы вуліцаў і мястэчак пісаць у дзьвюх мовах. Гэты праект вельмі добры, але што з гэтага ўхваліць Сэйм, мы пакуль ня ведаем”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй. Цяпер пытаньне да рэдактара беластоцкай “Нівы” спадара Віталя Лубы. Вядома, што для любой нацыянальнай меншасьці друкаваныя выданьні ў роднай мове зьяўляюцца адным з галоўных падмуркаў кшалтаваньня нацыянальнай самасьвядомасьці і супраціву асыміляцыі. Як вы мяркуеце, ці далучэньне Польшчы да Эўразьвязу адаб’ецца на выхадзе беларускай пэрыёдыкі ў гэтай краіне?”

(Луба: ) “Калі зыходзіць з заканадаўства, якое ёсьць у краінах Эўразьвязу, дык там дзяржава абавязаная забясьпечваць мінімальныя патрэбы меншасьцяў, у тым ліку і друк. А як гэта будзе на практыцы – пакуль невядома. Дзякуй богу, мы, як і іншыя арганізацыі, што займаюцца выдаўніцкай дзейнасьцю, атрымліваем грошы з польскага бюджэту на тыднёвік, на выданьне кніг. Спадзяюся, што калі Польшча стане сябрам Эўразьвязу, яна будзе выконваць эўрапейскія стандарты і надалей падтрымліваць культуру беларускай меншасьці”.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Луба, адначасова з пашырэньнем Эўразьвязу будзе ўзмоцненая ўсходняя мяжа аб’яднанай Эўропы, у тым ліку і мяжа паміж Польшчай і Беларусьсю, а гэта значыць, што кантакты паміж беларусамі, што жывуць па абодвух бакох мяжы, будуць цяжэйшыя. Ці можна чакаць, што гэта неяк адаб’ецца на культурным жыцьці беларускай меншасьці?”

(Луба: ) “Культура нацыянальнай меншасьці разьвіваецца ў цеснай сувязі з культурай сваёй духоўнай Айчыны. Напэўна, калі мяжа будзе надта шчыльнай, гэта не дапаможа ў разьвіцьці культуры і падтрымцы кантактаў, якія ёсьць неабходнымі дзеля таго, каб адбываўся культурны абмен. Каб мы маглі карыстацца з культурных дасягненьняў, якія зьдзяйсьняюцца ў Беларусі ды адначасова папулярызаваць свае напрацоўкі там. Паводле таго, што абяцаюць палітыкі, увядзеньне візавага рэжыму не паўплывае на абмежаваньне кантактаў. Аднак зьмена спосабу перасячэньня мяжы ў нейкай ступені ўсё ж абмяжуе кантакты, але калі гэтыя візы будуць танныя і па кішэні беларусам, дык можна спадзявацца, што да такога жорсткага абмежаваньня ня дойдзе. Хіба што на першым этапе, а надалей гэтыя кантакты, спадзяюся, ня будуць больш рэдкія, чым дагэтуль”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй. Істотным паказчыкам шанаваньня правоў нацыянальных меншасьцяў у той ці іншай краіне з’яўляецца стаўленьне ўладаў да палітычнай і грамадзкай дзейнасьці прадстаўнікоў меншасьці. На Беласточчыне ўжо 12 гадоў існуе партыя Беларускае дэмакратычнае аб’яднаньне. Прычым ніводная зь іншых нацыянальных меншасьцяў у Польшчы сваёй партыі ня мае. Якія зьмены, якасныя ці колькасныя, адбудуцца ў беларускіх грамадзкіх і палітычных рухах пасьля пашырэньня Эўропы? Слова кардынатару Беларускага дэмакратычнага аб’яднаньня спадару Юшчуку”.

(Юшчук: ) “Думаю, што далучэньне дасьць гэтым рухам імпульс да дзейнасьці, бо законы будуць аднолькавыя для ўсіх меншасьцяў і ня будзе істотным, ці меншасьць налічвае 10 мільёнаў, ці некалькі тысячаў. У нас кажуць, што па далучэньні да Эўразьвязу і польская нацыя акажацца ў пэўным сэнсе таксама меншасьцю, таму мы будзем трактаваныя на роўных. У гэтым ёсьць вялікі сэнс. А цяпер у польскім грамадзтве як левыя, так і правыя маюць адну думку наконт меншасьці – яе трэба асыміляваць”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй, спадар Юшчук. Дагэтуль мы пераважна гаварылі пра наступствы эўрапейскай інтэграцыі для культурнага, грамадзкага ці палітычнага жыцьця меншасьці. А што думаюць у гэтай справе, напрыклад, жыхары беларускіх вёсак на Беласточчыне? Вам слова, спадар Луба. Журналісты “Нівы”, напэўна ж, нярэдка сутыкаюцца зь меркаваньнямі сялянаў”.

(Луба: ) “Тут ёсьць вялікія апасеньні сялянаў, якія баяцца, што па далучэньні да Эўразьвязу цяжка будзе весьці звычайную да гэтай пары невялікую гаспадарку – пару сьвінак, пару каровак, ад якіх малако здаюць у малачарню. Такім дробным сялянам цяжка будзе замацавацца на тым новым рынку, і гэта пагражае такім гаспадаркам зьнікненьнем. А што з гаспадарамі? Яны ўспрымаюць гэткую пэрспэктыву са страхам”.

(Карэспандэнт: ) “Пры канцы нашае размовы я папрашу кожнага з вас, шаноўнае спадарства, адным сказам падсумаваць: карыснае ці не для беларускай меншасьці ў Польшчы тое, што гэтая краіна ў хуткім часе далучыцца да Эўрапэйскага Зьвязу?”

(Чыквін: ) “Так, таму што для нас тады ўжо будуць поўнасьцю гарантыі, якія меншасьці мусяць мець у дэмакратычнай краіне і якія ў Заходняй Эўропе меншасьці маюць”.

(Луба: ) “Паводле мяне, далучэньне будзе карысным”.

(Юшчук: ) “Так, будзе карысна. Гэта будзе штуршок для яшчэ большай дэмакратызацыі нашага грамадзтва”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй. Такім чынам, усе нашыя сёньняшнія суразмоўцы згодна лічаць, што ўваход Польшчы ў Эўразьвяз паспрыяе разьвіцьцю беларускай нацыянальнай меншасьці, якая, акрамя іншага, будзе мець шанец на атрыманьне значных сродкаў на свае патрэбы з агульнаэўрапэйскіх праграмаў падтрымкі нацыянальных меншасьцяў.

Застаецца спадзявацца, што гэтая гістарычная падзея паспрыяе яшчэ і аб’яднаньню беларускіх арганізацыяў у Польшчы, бо часам менавіта з-за канфліктаў паміж сабой яны, на жаль, ня здольныя поўнасьцю выкарыстаць нават тое, што маюць цяпер”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG