Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНСКІЯ ЎЛАДЫ ЗАБАРАНІЛІ ПРАВЯДЗЕНЬНЕ ШЭСЬЦЯ “ЗА НЕЗАЛЕЖНАСЬЦЬ”


Альгерд Невяроўскі, Менск

Менскі гарвыканкам матывуе сваё рашэньне тым, што, паводле дэкрэту Аляксандра Лукашэнкі, арганізоўваць масавыя вулічныя акцыі могуць толькі палітычныя партыі, грамадзкія арганізацыі й прафсаюзы. А заяўку на шэсьце і мітынг 17 лістапада падпісала група прыватных асобаў, што нібыта супярэчыць беларускаму заканадаўству.

Сёньня з гэтай нагоды арганізатары акцыі Павал Севярынец, Вячаслаў Сіўчык і Сяргей Высоцкі правялі прэсавую канфэрэнцыю. Лідэр маладафронтаўцаў Севярынец так патлумачыў прычыны забароны акцыі 17 лістапада:

(Севярынец: ) “Бел-чырвона-белыя сьцягі й лёзунгі “Незалежнасьць!”, беларуская мова й прыхільнікі дэмакратыі, адраджэньня Беларусі — для Лукашэнкі гэта непрымальна. Менавіта таму акцыя й забароненая. Мы цудоўна разумеем, што будуць арышты, што будуць затрыманьні, перасьледы, рэпрэсіі, але мы да гэтага гатовыя. Мы гатовыя да таго, каб ва ўмовах рэжыму сьцьвярджаць каштоўнасьці незалежнасьці, нашай краіны і адкідаць магчымасьці саюзаў-хаўрусаў з Расеяй, бо гэта зараз найбольшая небясьпека”.

Лідэры Маладога Фронту й Партыі свабоды заяўляюць, што, нягледзячы на забарону акцыі ўладамі й выхад з аргкамітэту прадстаўнікоў шэрагу апазыцыйных партыяў, шэсьце й мітынг у цэнтры Менску ўсё роўна адбудуцца. Арганізатараў не бянтэжыць тое, што на забароненае мерапрыемства можа прыйсьці няшмат людзей. Гаворыць Вячаслаў Сіўчык:

(Сіўчык: ) “Ня мела асаблівага значэньня, колькі людзей прыйшло на абарону Курапатаў год таму. Таму што тыя людзі,якія здольныя былі прыйсьці, яны прыйшлі. Я думаю, што тут будзе тое самае. Для мяне ня мае ніякага значэньня, колькі людзей не пабаяцца выйсьці на плошчу Якуба Коласа а 12-й гадзіне 17 лістапада”.

На заўтра ў арганізатараў акцыі заплянаваная сустрэча з прадстаўнікамі гарадзкой управы міліцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG